Токіа (яп. 東京, «Усходняя сталіца», афіцыйная назва — сталічная акруга Токіа (яп. 東京都)) — сталіца Японіі, яе адміністрацыйны, фінансавы, культурны і прамысловы цэнтр. Размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы вострава Хансю, на раўніне Канто ў бухце Такійскага заліва Ціхага акіяна. Плошча — 2 187 км². Насельніцтва на 1 кастрычніка 2008 года — 12 898 939 чалавек. Шчыльнасць насельніцтва самая высокая сярод прэфектур Японіі.
Токіа — месца размяшчэння Урада Японіі і Імператарскага Палаца, а таксама з’яўляецца домам Японскай Імператарскай сям’і.
Гісторыя
Токіа з’яўляецца вядучым горадам Японіі крыху больш за 400 гадоў. Першапачаткова названы Эда (江戸, «уваход у заліў»), горад расквітнеў пасля таго, як Іэясу Такугава зрабіў яго цэнтрам сёгуната ў 1603 годзе. Але не ўсё ў гісторыі горада было гладка. У 1657 годзе распачаўся вялікі пажар, «Вялікі агонь Эда», які ўнёс каля 100 тысяч жыццяў і знішчыў замак горада, які будаваўся 180 гадоў і быў скончаны да 1637 года, за 20 гадоў да пажару. У 1707 годзе вулкан Фудзі пакрывае Эда попелам, а ў 1855 годзе ў горадзе адбываецца «Вялікае Землетрасенне».
У эпоху Мэйдзі (明治時代, 1868—1912) Эда стаў афіцыйнай сталіцай і атрымаў новую назву — Токіа, ці Усходняя сталіца.
Горад шмат пацярпеў таксама і ў 1-й палове XX стагоддзя: першы раз — ад моцнага землетрасення 1923 года, а другі — у часы Другой сусветнай вайны. Але, нягледзячы на гэта, Токіа аднавіўся і зараз з’яўляецца адным з вядучых метраполісаў усяго свету.
Сімволіка
Сімвал і фірмавы знак Токіа Сімвал сталіцы складаецца з трох дуг, якія нагадваюць ліст гінкга, які таксама адлюстроўвае літару Т, як Токіа. Ён сімвалізуе чароўнасць, росквіт у будучыні і спакой Токіа. Сімвал быў афіцыйна прыняты 1 чэрвеня 1989 года.
Герб Токіа Герб Токіа ўяўляе сабой сонца, якое выпраменьвае энергію ў шасці кірунках.
Птушка Токіа Птушка Токіа — чорнагаловая чайка (Larus ridibundus). Кожны год у канцы кастрычніка яны прылятаюць з поўдня ў Токіа і знаходзяць часовае жыллё ў партах і рэках вакол Токіа да наступнага красавіка. Была прынята ў якасці афіцыйнай птушкі 1 кастрычніка 1965 года.
Дрэва Токіа Гінкга двухлопасцевы () — ліставае дрэва, родам з Кітая, дасягае ў вышыню аж да 30 метраў, было прынята ў якасці афіцыйнага дрэва сталіцы 8 лістапада 1996 года. Дрэвы гінкга бываюць жаночага і мужчынскага полу, і іх адметныя веерападобныя верхавіны змяняюць свой колер ад светла-зялёнага да ярка-жоўтага ўвосень. Дрэвы гінкга звычайна растуць уздоўж такійскіх вуліц і праспектаў.
Кветка Токіа Сомэй Ёшына Сакура (染井吉野桜) — афіцыйная кветка Токіа. Была прынята 22 чэрвеня 1984 года. Была выведзена садоўнікамі Эда як вынік дзікага культывавання вішнёвага дрэва. Атрымліваць асалоду ад яе светла-ружовых кветак можна адносна нядоўга, што робіць яе надзвычай папулярнай для фруктовага саду ва ўсей Японіі. Таму сакура — сімвал не толькі Токіа, але і ўсей краіны.
Галерэя сімволікі
Адміністрацыйная структура
У 1872 годзе, калі феадальная сістэма была скасавана і былі ўсталяваны прэфектуры, Токіа стаў горадам-прэфектурай (東京府) і да 1898 года не меў свайго мэра ці муніцыпальнай рады: губернатар прэфектуры быў таксама і мэрам горада, але кожны раён Токіа (тады 15) меў свой орган самакіравання. З 1898 года пачалі праводзіць выбары на пост мэра, але самастойнасць раёнаў Токіа засталася і існуе па гэты дзень у выглядзе 23 спецыяльных раёнаў, кожны з якіх мае свайго мэра і гарадскую раду.
1 мая 1889 года быў створаны горад Токіа (東京市), гістарычныя межы якога супадаюць з сённяшнімі спецыяльнымі раёнамі і які існаваў разам з прэфектурай Токіа па 1 ліпеня 1943 года. У 1943 годзе горад Токіа быў адменены і аб’яднаны з прэфектурай, утварыўшы сталіцу (сталічную акругу) Токіа (東京都). Адміністрацыйная структура аналагічная той, якая і ў іншых прэфектурах Японіі. Токіа — гарадскі кангламерат, ён складаецца з 62 муніцыпальных утварэнняў: 23 спецыяльных раёнаў (特别区), 26 гарадоў (市), 5 правінцыяльных гарадоў (町), 8 вёсак (村). Урад Токіа ўзначальвае публічна абраны губернатар і гарадскія сходы. Штаб-кватэра ўрада знаходзіцца ў аддзяленні Сіндзюку. Яны рэгулююць увесь Токіа, уключаючы азёры, рэкі, дамбы, фермы, аддаленыя астравы, нацыянальныя паркі.
Спецыяльныя раёны Токіа
Спецыяльныя раёны Токіа — самастойныя муніцыпальныя ўтварэнні з уласным мэрам і гарадской радай. Па статусу спецыяльныя раёны прыраўнаваны да звычайных гарадоў, але адрозніваюцца ад іх тым, што некаторыя іх кіраўніцкія функцыі (па сістэме водазабеспячэння, па каналізацыйнай сістэме, па пажаратушэнні) выконвае сталічны ўрад Токіа. Адаці Аракава Бункё Ціёда Цюо Эдагава Ітабасі Кацусіка Кіта Кота Мэгура Міната Накана Нэрыма Ота Сетагая Сібуя Сінагава Сіндзюку Сугінамі Суміда Тасіма Тайта
Раён Тама Раён Тама — заходняя частка Токіа. Гэты раён складаецца з 26 гарадоў (市), 3 правінцыяльных гарадоў (町) і адной вёскі (村). Гарады ў асноўным служаць спальнымі раёнамі для людзей, якія працуюць галоўным чынам у цэнтральным Токіа. Але некаторыя з гэтых гарадоў таксама маюць сваю камерцыйную і прамысловую базу. Спіс 26 гарадоў Токіа: Акіруна Акісіма Інагі Кіёсэ Кадайра Каганэй Какубундзі Камаэ Кунітаці Маціда Мітака Мусасімураяма Мусасіна Нісітокё Омэ Фусса Фуцю Тама Тацікава Цёфу Хамура Хаціодзі Хігасікурумэ Хігасімураяма Хігасіямата Хіна Астатнія тры гарадкі і вёска складаюць раён Нісітама, самы заходні раён Токіа: Хінодэ Мідзуха Акутама Хінахара
Астравы
Токіа мае шмат асобных астравоў, якія аддалены ад цэнтральнага Токіа амаль на 1850 км. Таму яны кіруюцца як асобныя муніцыпалітэты, два гарады і шэсць вёсак: Ідзуосіма Тасіма Нідзіма Сікінэдзіма Кадзусіма Міякэдзіма Мікурадзіма Хацідзёдзіма Аогасіма Ідзуосіма і Хацідзёдзіма — гарады. Усе астатнія астравы — вёскі. Нідзіма і Сікінедзіма аб’яднаны ў адну вёску.
Клімат і сейсмалогія Токіа знаходзіцца ў зоне гуміднага клімату (па класіфікацыі кліматаў Кёпена) з гарачым вільготным летам і мяккай зімою. Штогадовая колькасць ападкаў у сярэднім 1380 мм. Снегапад з’яўляецца спарадычнай з’явай, але адбываецца практычна штогод. Колькасць жыхароў Токіа ўплывае на клімат. Токіа — пераканаўчы прыклад узаемасувязі паміж ростам гарадоў і кліматам.
Вясна доўжыцца з сакавіка па май. Гэта найбольш наведвальны час для турыстаў. Ранняй вясною ўсе яшчэ ёсць халодныя дні, але ў маі паветра ўжо дастаткова сагрэтае.
Лета цягнецца з чэрвеня па жнівень і з’яўляецца самым гарачым і вільготным сезонам года. Тэмпература дасягае 30 °C. Восень доўжыцца з верасня па лістапад. Тэмпература і вільготнасць у гэты перыяд паступова падаюць.
Зіма цягнецца са снежня па люты. Гэта самы халодны і сухі перыяд. Нават у цэнтральнай частцы ляжыць снег, але яго хутка прымаюць. Светлавы дзень кароткі, таму што сонца заходзіць каля 4.30 — 5.30 папаўдні. Тым часам на астравах Агасавара тэмпература трымаецца на адзнацы 20 °C нават у сярэдзіне зімы, а ў вобласці Акутама часта ідзе снег. Гэта паказвае разнастайнасць зімовых сітуацый у Токіа ў залежнасці ад раёна.
На Токіа часта прыходзяць тайфуны, хоць моцных з іх — адзінкі. Апошнім быў Fitow у 2007 годзе. Токіа перанёс некалькі магутных землетрасенняў у 1703, 1782, 1812, 1855, 1923 гадах.
Насельніцтва Да пачатку XVII стагоддзя Токіа (Эда) быў невялікім горадам. Значную ролю ён пачаў іграць пасля таго, як Іэясу Такугава зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй у 1603 годзе. Насельніцтва горада пачало хутка расці і к сярэдзіне XVIII стагоддзя перавысіла мільён чалавек.
К дзясятаму году эпохі Мэйдзі (1877 год) насельніцтва Токіа складала 877 027 чалавек, што на 3 381 больш, чым у мінулым 1876 годзе. У 1884 годзе яно зноў стала больш за мільён (1 020 437 чалавек).
Горад Токіа і прэфектура Токіа ўвесь час раслі. Даволі вялікія спады назіраліся толькі ў 1923 годзе, калі на Токіа абрынулася землетрасенне. У гэты год колькасць жыхароў прэфектуры скарацілася на 123 800 чалавек (стала на 3,1 % менш, чым у папярэднім годзе). А таксама ў часы Другой сусветнай вайны, калі насельніцтва зменшылася амаль на палову.
Вялікі рост насельніцтва адбыўся ў першыя пасляваенныя гады (1946—1965), калі колькасць людзей сталіцы ўзрастала як мінімум на 200 000 чалавек. Пік — 1947 год, калі жыхароў Токіа стала больш на 817 705 чалавек. У гэты ж год несельніцтва Токіа пераваліла за 5-мільённы рубеж. Гэты перыяд лічыцца «Эканамічным цудам» для Японіі, тэмпы ўрбанізацыі былі даволі вялікія.
Зараз насельніцтва Токіа расце не такімі высокімі тэмпамі, як раней.
Даныя па статыстыцы сталіцы з 1877 па 1919 гады браліся на канец года, з 1920 — на 1 кастрычніка. Насельніцтва Токіа на 1 кастрычніка 2008 складала 12 898 939 чалавек, што складае амаль 13 мільёнаў. Гэта самы вялікі паказчык па прэфектуры. Тым часам найбольшы паказчык для спецыяльных раёнаў быў у перапісе насельніцтва 1965 года — 8,893,094. А ў 1995 годзе гэты паказчык быў меншы за 8 млн.
Насельніцтва Токіа не размеркавана раўнамерна. У заходніх гарыстых раёнах (асабліва раён Нісітама) і на аддаленых астравах шчыльнасць насельніцтва значна адрозніваецца ад шчыльнасці насельніцтва ў Цэнтральным Токіа. Так, станам на 2007 год колькасць жыхароў прэфектуры складала 12,79 млн чалавек, а спецыяльных раёнаў — 8.653 млн чалавек. У дзённы час насельніцтва павялічваецца амаль на 2.5 млн чалавек за кошт людзей, якія едуць кожны дзень у Токіа на работу ці вучобу з суседніх раёнаў. Гэта асабліва праяўляецца ў трох цэнтральных спецыяльных раёнах Цюо, Ціёда і Міната: агульнае насельніцтва гэтых раёнаў па перапісу насельніцтва 2005 года складала 326 тыс. ноччу і амаль 2.4 млн удзень.
Самыя распаўсюджаныя іншаземныя нацыянальнасці, якія пражываюць у Токіа на 2005 год — карэйцы (168,697), кітайцы (123,661), філіпінцы (31,077), амерыканцы (18,848), брытанцы (7,696), бразільцы (5,300), французы (3,000).
Эканоміка
Токіа з’яўляецца адным з трох сусветных фінансавых цэнтраў, разам з Лонданам і Нью-Ёркам. Токіа таксама адна з эканамічна развітых сталіц у свеце. Паводле даследаванняў, праведзеных кампаніяй PricewaterhouseCoopers, Такійская гарадская зона мае ўвогуле $ 1,191 трлн. ВУП на 2005 год (па пакупніцкай здольнасці) і займае першае месца ў свеце сярод гарадскіх агламерацый па ВУП. У 2008 годзе 47 кампаній з Fortune Global 500 знаходзіліся ў Токіа.
Токіа з’яўляецца буйным міжнародным фінансавым цэнтрам і штаб-кватэрай шэрага буйнейшых сусветных інвестыцыйных банкаў і страхавых кампаній, а таксама выконвае функцыю цэнтра транспарціровачнай, выдавецкай і вяшчальнай прамысловасці. У ходзе цэнтралізаванага росту эканомікі Японіі пасля Другой сусветнай вайны многія буйныя кампаніі перанеслі штаб-кватэры з такіх гарадоў, як Осака (гістарычная фінансавая сталіца), у Токіа, каб выкарыстаць перавагі больш шырокага доступу да ўлады. У апошні час гэта тэндэнцыя пайшла на спад з-за росту насельніцтва і высокага кошту жыцця.
Токіа ацэньваўся журналам «Эканаміст» як самы дарагі (паводле кошту жыцця) горад у свеце на працягу 14 гадоў запар, да 2006 года.
Такійская фондавая біржа — найбуйнейшая фондавая біржа, а таксама другая ў свеце па рыначнай капіталізацыі і чацвёртая па велічыні ў абароце.
Па звестках Міністэрства сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі Японіі, Токіа мае 20900 гектараў сельскагаспадарчых зямель (2003), менш за астатнія прэфектуры. Скорапсавальныя прадукты, такія як агародніна, садавіна і кветкі, зручна пастаўляюцца на рынкі ва ўсходняй частцы прэфектуры. Японскі шпінат (Komatsuna) і шпінат — найбольш важныя мясцовыя прадукты. Такійскі заліў быў адной з важных крыніц рыбы. На цяперашні час большасць рыбнай прадукцыі Токіа паступае з аддаленых астравоў, такіх як Ідзу, Осіму і Хацідзёма. Асноўным акіянічным прадуктам з’яўляецца тунец.
Турызм у Токіа таксама ўносіць уклад у эканоміку.
Адукацыя