«Мужыцкая праўда» («Mużyckaja prauda») — нелегальная, першая беларускамоўнаяВарта адзначыць, што на ўвазе маецца тое, што літаратурныя нормы, выкарыстаныя ў газеце, найбольш блізкія да сучасных нормаў беларускай мовы. Першай беларускай газетай (выдадзенай на старабеларускай мове), згодна з існуючымі гістарычнымі звесткамі, лічыцца газета «Навіны грозные а жалостлівые...». газета.
Гісторыя Друкавалася лацінкай. Выдавалася ў 1862-63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К. Каліноўскім з Ф. Ражанскім, С. Сангіным (Сонгіным), В. Урублеўскім.
Апісанне Мела невялікі фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшлі 7 нумароў: № 1-6 (ліпень-снежань 1862), № 7 (чэрвень 1863). Кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська — гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5, 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўночна-заходніх рэгіёнах Расіі.
Вызначалася вострай сацыяльнай прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рускай літаратуры рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, нацыянальнай самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узброенай барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «…мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сялянскай рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права беларускага народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова.
Мова «Мужыцкай праўды» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фальклорнай сімволікай, мастацкімі тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай беларускай літаратуры.
Публікацыі Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. — Мн., 1988; Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. — Мн., 1996; Каліноўскі К. За нашую вольнасць Тв., дак. — Мн., 1999.
Літаратура Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. — Беласток, 1960; Говін С. «Мужыцкая праўда» // БелЭн у 18 т. Т. 11. — Мн., 2000; Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. — Мн., 1966; Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. — Мн., 1989; Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. — Мн., 1958; Маляўка М. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. — Мн., 1979. Вып. 7; Паўстанне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы» / тэксты і каментарыі: Я. Запруднік і Т. Э. Бэрд. — Нью-Ёрк: Фундацыя імя П. Крэчэўскага, 1980. — (Дакументы беларускай гісторыі). Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. — Вільня, 1933; Цікоцкі М. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. — Мн., 1960.
Спасылкі
Мужыцкая праўда на Google Play
Катэгорыя:Выданні на беларускай мове лацінкай Катэгорыя:Газеты на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1862 годзе Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў