Рускі — востраў у Японскім моры за некалькі кіламетраў ад Уладзівастока. Належыць Расіі, частка Фрунзенскага адміністрацыйнага раёна Уладзівастока.

Геаграфія Востраў размешчаны ў заліве Пятра Вялікага ў Японскім моры, на поўдзень ад Уладзівастока (найменшая адлегласць паміж кантынентальнай часткай горада і востравам 600 метраў). Ад паўвострава Мураўёва-Амурскага, дзе знаходзіцца асноўная частка Уладзівастока, Рускі аддзелены пралівам Басфор Усходні. З захаду востраў абмываюць воды Амурскага заліва, а з поўдня і ўсходу — Усурыйскага. З поўначы ад наступнага вострава архіпелага, вострава Папова, Рускі аддзяляе праліў Старка.

Геаграфічныя каардынаты: 42°59′44″ п. ш. 131°50′48″ у. д.

Тэрыторыя вострава — 97,6 км², даўжыня — каля 18 км, шырыня — каля 13 км. Насельніцтва — 5,5 тысяч чалавек. У берагі вострава ўдаюцца некалькі бухт, найбуйная з якіх — бухта Новік. Гэтая бухта дзеліць востраў на дзве няроўныя часткі: паўднёва-заходнюю (буйнейшую) і поўнача-ўсходнюю (вузейшую), якая носіць таксама назву паўвостраў Сапёрны. У мясцовай тапаніміцы ёсць устойлівы тэрмін «Той бок». Жыхары абедзвюх частак вострава завуць процілеглую частку «Той бок».

Рэльеф Рэльеф гарысты, тыповы для поўдня Прымор’я. На востраве — 47 вяршыняў рознай вышыні, якія называюцца сопкамі. Найбольш буйныя з іх размешчаныя ў цэнтральнай частцы вострава: гара Рускіх (291,2 м), Галоўная (279,8 м) і Цэнтральная (254,9 м). Берагі вострава ў асноўным скалістыя, абрывістыя. Месцамі на іх бачныя агаленні горных парод.

Адміністрацыйная прыналежнасць Востраў Рускі з’яўляецца часткай Фрунзенскага раёна Уладзівастока. Часам яго называюць «Далёкаўсходні Кранштат» па аналогіі з вядомым раёнам Санкт-Пецярбурга.

Гісторыя Назву востраву даў генерал-губернатар Усходняй Сібіры граф М. М. Мураўёў-Амурскі. Востраў афіцыйна стаў часткай Расіі ў другой палове XIX ст. Па адной версіі, востраў быў названы Рускім у гонар Расіі і яе народа, прадстаўнікі якога займаліся даследаваннем Далёкага Усходу. Па іншай, назва вострава пазнейшая і проста дубліруе назву гары Рускіх, названай так у гонар аднаго з членаў экіпажаў першых расійскіх даследчыкаў вострава.

У 1859 годзе ў Расіі была выдадзеная першая карта, на якой упершыню быў паказаны востраў Рускі. Праўда не цалкам, а толькі яго заходні і паўночны берагі. Поўная здымка вострава была зроблена экспедыцыяй падпалкоўніка корпуса флоцкіх штурманаў У. Бабчына ў 1862 годзе падчас апісання заліва Пятра Вялікага, пасля чаго ў 1865 годзе была выдадзена карта, на якой востраў пазначаны цалкам і названы імем першага вайскоўца губернатара Прыморскай вобласці контр-адмірала П. Казакевіча. Спачатку востраў звалі то Рускім, то Казакевіча, аднак, пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны за ім канчаткова замацавалася цяперашняя назва.

У 1860-х гадах пры нарэзцы земляў для стварэння ўдзельнага ведамства кіраўнік яго сібірскім аддзяленнем Г. Фуругельм прызнаў востраў Рускі разам з іншымі раёнамі найбольш прыдатным для арганізацыі земляробства. Нягледзячы на гэта, у землі ўдзельнага ведамства ў 1867 годзе Рускі не ўвайшоў.

Развіццё берагавой абароны вострава і размяшчэнне тут войскаў прывяло да павелічэння колькасці грамадзянскіх жыхароў. Адны з іх заняліся агародніцтвам, забяспечваючы гароднінай не толькі востраў, але і Уладзівасток. Іншыя ўключыліся ў абслугоўванне патрэб вайскоўцаў. У гэты час колькасць грамадзянскага люду на востраве дасягнула 236 чалавек, а да 1895 года ўзрасло да 3 тысяч. Дадатковай дзейнасцю мясцовых жыхароў стала забеспячэнне ўладзівастокцаў дровамі, а заводчык М. Фёдараў арандаваў шрубавы катар «Дружок» і арганізаваў рэгулярныя рэйсы ў горад.

У 1890 годзе інжынер-падпалкоўнік К. Чарнакніжнікаў распрацаваў праект будаўніцтва Уладзівастоцкай крэпасці, дзе ён упершыню звяртае ўвагу на геаграфічныя перавагі гары Рускіх на востраве Рускім. Па розных прычынах будаўніцтва батарэі на гэтай гары зацягнулася, і было скончана толькі ў 1930-х гадах. І менавіта адсутнасць падобнай батарэі дазволіла японскай эскадры бесперашкодна зайсці ў заліў і абстраляць Уладзівасток.

У 1895—1896 гадах пачалося актыўнае будаўніцтва на востраве, пачаўся новы прырост насельніцтва, была пабудавана царква. Будаўніцтва вялося за кошт ахвяраванняў насельніцтва, але асноўнае ўкладанне сродкаў належала падрадчыку ваеннага ведамства і купцу першай гільдыі М. Сувораву. Царква на 400 вернікаў узводзілася з дрэва і была завершаная ў 1897 годзе, а таксама асвячоная ў прысутнасці губернатара Прыморскай вобласці.

Асабліва паўплывала на развіццё вострава Рускі будаўніцтва канала ў 1898 годзе, які злучыў праліў Басфор Усходні з бухтай Новік, дзе падчас Руска-японскай вайны базіраваліся падводныя лодкі. Востраў, які штучна ўзнік пры гэтым, назвалі імем Алены.

У 1909 годзе былі адкрыты могілкі, у 1916 годзе — паштовае аддзяленне. У 1899—1914 гадах, у перыяд абвастрэння адносін з Японіяй, на выспе разгарнулася актыўнае будаўніцтва Уладзівастоцкай крэпасці. У сувязі з гэтым на Рускім з’явілася чыгунка, якая забяспечвала дастаўку грузаў да месцаў будаўніцтва. Маштабы будаўніцтва былі каласальнымі. Да 1915 года на востраве былі збудаваны 16 фартоў і 27 берагавых батарэй, парахавыя склепы і патронныя склады, прыстань для караблёў, мінна-прыстрэлачная (тарпедная) станцыя, 4 тэлефонныя станцыі.

Насельніцтва астравы ў 1908 годзе дасягнула 25 тысяч чалавек. Будаўніцтва крэпасці канчаткова завяршылася ў 1922 годзе, калі японскія войскі па дамове з савецкім урадам пагадзіліся пакінуць Прымор’е пры ўмове, што крэпасць зачыняць. Таксама ў 1908 годзе на востраве была пабудавана першая ў Расіі станцыя абсервацыі, якая надзейна абараняе Уладзівасток ад чумы, халеры і іншых захворванняў. У гэтым жа годзе вялікі князь Сяргей Міхайлавіч Раманаў, падчас візіту на востраў, назваў Уладзівастоцкую крэпасць самой падрыхтаванай, і адна з батарэй была названая Вялікакняжацкай.

У 1913—1914 гадах тут праходзіў службу герой японскай вайны генерал Л. Карнілаў, знаходзячыся ў ссылцы. Тут размяшчаўся і знакаміты на ўсю краіну дысцыплінарны батальён. У 1920 годзе на востраве Рускі размяшчалася калонія 800 петраградскіх дзяцей, якія ў 1918—1920 гадах па волі акалічнасцей здзейснілі поўнае кругасветнае падарожжа, практычна невядомае шырокай грамадскасці да 2005 года.

Савецкі і постсавецкі час У савецкі час востраў доўга меў статус закрытай тэрыторыі, тут размяшчалася мноства вайсковых частак (напрыклад, 42-і асобны марскі разведвальны пункт спецыяльнага прызначэння) і знакамітыя ўмацаванні Уладзівастоцкай крэпасці. На востраве ў савецкі час размяшчаўся ваенны гарадок. Пасля распаду СССР на востраве быў створаны аздараўленчы комплекс «Белы Лебедзь». Востраў Рускі як і востраў Папова, з’яўляецца месцам адпачынку жыхароў Уладзівастока. На востраве няма прамысловых, будаўнічых і іншых прадпрыемстваў. У 2002 годзе на востраве быў створаны Свята-Серафімаўскі мужчынскі манастыр.

Транспартныя зносіны Да 2012 года паміж горадам і востравам існавала рэгулярная паромная пераправа (узімку ўзнікалі праблемы). Праект моста на востраў быў зацверджаны ў 2007 годзе. Будаўніцтва пачалося ў верасні 2008 года, і ў красавіку 2012 года быў завершаны ўздым апошняй, замкавай панэлі. Мост быў здадзены ў эксплуатацыю 2 ліпеня 2012 года. Ён узначаліў спіс самых доўгіх вантавых мастоў у свеце. Яго адкрыццё дазволіла скараціць час у шляху для аўтаўладальнікаў з цэнтра Уладзівастока да вострава Рускага з трох гадзін да 20 хвілін, а аўтобусы з цэнтра Уладзівастока да кампуса Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта на востраве па раскладзе едуць 50 хвілін. Пасля з-за адкрыцця моста паромная пераправа паміж востравам і мацерыком была зачынена, але ў 2017 годзе яе аднавілі па просьбе жыхароў аддаленых пасёлкаў вострава, у прыватнасці, пасёлка Падножжа, які аддзяляе ад моста 50 км.

Эканоміка У 2005 годзе адміністрацыя Прыморскага края распрацавала інвестыцыйны праект «Развіццё вострава Рускі». Па праекце на востраве плануецца размясціць комплекс вытворчасцей у сферы бія- і інфармацыйных тэхналогій, універсітэцкі комплекс сусветнага ўзроўня, міжрэгіянальны медыцынскі цэнтр. Урад Расіі ў 2006 годзе ўхваліў будаўніцтва моста ад Уладзівастока да вострава Рускі. Акрамя таго, праграмай прадугледжана будаўніцтва спартыўна-рэкрэацыйных, музейных і гасцінічных комплексаў, жылога фонду.

2 верасня 2012 года на востраве Рускі адкрыўся саміт арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым на востраве было разгорнута буйное будаўніцтва. Для правядзення саміту на Сапёрным паўвостраве быў пабудаваны буйны міжнародны дзелавы цэнтр (частка кампуса Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта).

Крыніцы

Спасылкі

Русский остров на сайце Letopisi.ru Оздоровительный комплекс «Белый лебедь» Серафимовский мужской монастырь на сайте Уладзівастоцкай епархіі РПЦ . Остраў Рускі: новае жыццё Вести. Ru на Рускім бедзе востраў-сад? НТВ Русский Сингапур Итоги

Катэгорыя:Уладзівасток Катэгорыя:Геаграфія Прыморскага края Катэгорыя:Астравы Расіі Катэгорыя:Астравы Японскага мора