Паўднёвы Судан () — дзяржава ва Усходняй Афрыцы. Самая маладая агульнапрызнаная краіна свету — дзяржаўны суверэнітэт набыты 9 ліпеня 2011 года пасля яго афіцыйнага прызнання Суданам. Сталіца і буйнейшы населены пункт — горад Джуба.

Паўднёвы Судан мяжуе з Эфіопіяй на ўсходзе, Кеніяй, Угандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на поўдні, ЦАР на захадзе і Суданам на поўначы. Не мае выхаду да мора. Плошча — 619.745 км².

У Паўднёвым Судане па розных ацэнках пражывае ад 9 да 12 млн чалавек. Большасць насельніцтва складаюць нілоцкія народы, што належаць да негроіднай расы і вызнаюць хрысціянства або мясцовыя анімічныя вераванні, у адрозненне ад арабскага мусульманскага насельніцтва Судана.

Паўднёвы Судан адносіцца да ліку найменш развітых краін, маючы адзін з самых нізкіх у свеце ВУП на душу насельніцтва (1500 дал.). Ад самага эканамічнага дна адсталую аграрную краіну ратуе развіты нафтаздабыўны сектар. Краіна мае адно з самых нізкіх месцаў у сусветным рэйтынгу недзеяздольнасці ўрадаў.

Член ААН з 14 ліпеня 2011 года, Афрыканскага саюзу, Усходнеафрыканскай супольнасці (з 2016) і ўсходнеафрыканскага Міжурадавага гандлёвага блоку (штаб-кватэра ў Джыбуці).

Этымалогія Гістарычна тапонім Судан адносіўся да шырокай паласы раўнін на поўдзень ад Сахары, у фізічнай геаграфіі гэтую вобласць, што прасціраецца ад Заходняй Афрыкі да Эфіопскага нагор’я, дагэтуль называюць раўнінамі Судана. Само ж слова паходзіць ад арабскага bilād as-sūdān (بلاد السودان) — «зямля чорных» — па колеры скуры мясцовых жыхароў. А гэта значыць, назва нашмат больш пасуе менавіта Паўднёваму Судану, чым Судану звычайнаму. Да таго ж 1930-х у арабскай частцы Судана тапонім меў негатыўную канатацыю, пераадоленую дзякуючы кампаніі па папулярызацыі назвы.

Геаграфічнае становішча

Паўднёвы Судан мяжуе з Эфіопіяй на ўсходзе, Кеніяй, Угандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на поўдні, ЦАР на захадзе і Суданам на поўначы. Незалежны Паўднёвы Судан стаў яшчэ адной, шаснаццатай афрыканскай краінай, што не мае прамога выхаду да мора. Плошча Паўднёвага Судана складае 619.745 км² — гэта тры Беларусі.

Прырода

Рэльеф Паўднёвага Судана пераважна раўнінны, паніжаецца з поўдня на поўнач. Толькі на мяжы з Угандай на паўднёвым усходзе ўзвышаюцца горы Іматонг з найвышэйшаю кропкай краіны — гарой Кін’еці (3187 м). Асноўнымі прыроднымі рэсурсамі Паўднёвага Судана з’яўляюцца: сырая нафта, жалезная руда, медная руда і інш.

Клімат моцна адрозніваецца ад клімату Судана: засушлівы перыяд нават на крайняй поўначы доўжыцца менш за паўгода, а на самым поўдні працягваецца ўсяго адзін месяц. На большай частцы тэрыторыі краіны дажджы ідуць з красавіка па верасень. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 700 мм на поўначы да каля 1400 мм на паўднёвым захадзе.

З поўдня на поўнач краіну перасякае велічны Белы Ніл, які да зліцця з Эль-Газалем завецца Бахр-эль-Джэбель (у перакладзе, горная рака) і мае хуткае, парожыстае цячэнне. У даліне Ніла і яго прытока Эль-Газаль раскінуліся вялізныя балотныя абшары — Суды (або Сэды), што ў сезон дажджоў займаюць да чвэрці плошчы Паўднёвага Судана. Цячэнне Ніла тут настолькі павольнае, што ён губляе палову сваёй вады на выпарэнне. З усходу ў Ніл упадае Собат, адзін з самых значных прытокаў.

Значная частка Паўднёвага Судана пакрытая лясамі — мусоннымі (або трапічнымі) на большай частцы краіны і экватарыяльнымі на крайнім поўдні. Поўнач і ўсход краіны занятыя высакатраўнымі і тыповымі саванамі, што ўтварыліся на месцы ссечаных лясоў. Жывёльны свет класічны для афрыканскіх саваннаў: жырафы, сланы, гепарды, ільвы. У сярэдзіне XX стагоддзя паўднёвы Судан лічыўся за ўзорны куток некранутай афрыканскай прыроды, аднак грамадзянскія войны, браканьерства, ператварэнне лясоў і саван у ворыва і пашы — усё гэта прывяло да скарачэнне як папуляцый асобных відаў, так і самой відавай разнастайнасці.

У Паўднёвым Судане створана грунтоўная сетка прыродаахоўных тэрыторый. Самыя вялікія запаведнікі — гэта Эз-Зераф і Кідэпа; нацыянальныя паркі — Бома, Бандынгіла, Саўтэрн. Парк Бандынгіла вядомы маштабнымі міграцыямі жывёл (па маштабах саступае толькі Серэнгеці), у першую чаргу, антылоп, сярод якіх асноўную масу складаюць рэдункі і кобы — «балотныя казлы», а таксама топі, вядомыя тут як «цянь».

Гісторыя

Сведчанні аб пасяленнях нілоцкіх плямёнаў на поўначы Паўднёвага Судана адносяцца да III тыс. да н.э. Археолагі звяртаюць увагу на адгонную жывёлагадоўлю, купалападобныя дамы і тыкулі, уласцівыя для нілотаў. Пранікненню цывілізацыі з поўначы заўсёды перашкаджалі балотныя абшары Судаў. У 61 г н.э. рымскія салдаты па загаду Нерона спрабавалі падняцца як мага ўверх па Белым Ніле, але прайсці бар’ер Судаў не здолелі і яны.

Тэрыторыя верхняга Ніла была заселена ў выніку вымушанай міграцыі на поўдзень нілоцкіх плямёнаў у X-XV стст. н.э., што стала наступствам падзення хрысціянскіх Нубійскіх дзяржаў, не здолеўшых супрацьстаяць арабскай экспансіі. У перыяд з XV па XIX стст. асноўнымі падзеямі гісторыі краіны сталі племянныя міграцыі. Дзінка, нуэры, шылукі прасунуліся з раёна Бахр-эль-Газаля на ўсход, заняўшы таксама вобласць Верхняга Ніла; у той час як ачолі (сёння жывуць ва Угандзе) і бары перасяліліся ў рэгіён Экваторыі. Плямёны азандэ, мунду, бака прыйшлі ў Паўднёвы Судан у XVI стагоддзі і стварылі найбуйнейшыя на той час дзяржавы.

У XIX ст. увесь Судан апынуўся пад уладай Егіпецкай дынастыі Махамеда Алі. Новыя ўлады спрабавалі замацавацца на захопленых землях, але спроба стварыць сетку фортаў і гарнізонаў разбілася аб складаны клімат і хваробы. У 1851 пад ціскам заходніх дзяржаў егіпцяне адкрылі паўднёвы Судан для місіянераў каталіцкага вікарыяту і гандляроў, ахвочых да слановае косці. У 1850-я попыт і цана на слановую косць моцна выраслі: фартэпіяна і більярдныя шары ў Амерыцы і ў Еўропе сталі масавымі таварамі. У рэшце рэшт кантроль над рэгіёнам узяў у свае рукі купец і гандляр рабамі Рахма Мансур. Падзеі Махдысцкай рэвалюцыі не закранулі паўднёвы Судан, але адрэзалі край ад Егіпта. У 1899—1956 Судан быў англа-егіпецкім кандамініумам. Брытанцы мелі намер аб’яднаць паўднёвы Судан з Угандай, аднак у 1947 канферэнцыя ў Джубе пацвердзіла адзінства Судана.

У 1956 краіна атрымала незалежнасць. Этнічныя, рэлігійныя, эканамічныя, палітычныя супярэчнасці прывялі да дзвюх грамадзянскіх войнаў. У выніку першай суданскай грамадзянскай вайны (1955—1972), падчас якой загінула паўмільёна чалавек, рэгіён атрымаў аўтаномію. Другая вайна (1983—2005) забрала жыцці двух мільёнаў чалавек, яшчэ 4 млн сталі бежанцамі. У выніку другой грамадзянскай вайны Хартум пагадзіўся на рэферэндум. Рэферэндум, падчас якога ў Судане ў якасці назіральнікаў знаходзіліся сусветна вядомыя палітыкі (Джымі Картэр, Джон Кэры, Кофі Анан) адбыўся ў студзені 2011 і з вынікам 98,83 % «за» бяскроўна развёў два Суданы. Паўднёвы Судан засмуціўся тым, што рэферэндум не адбыўся ў багатым нафтай раёне Аб’ей, дзе ён таксама мусіў адбыцца. У выніку рэферэндуму званне першай афрыканскай і дзясятай у свеце па плошчы дзяржавы перайшло да Алжыра, а Паўднёвы Судан стаў і застаецца самай маладой дзяржавай свету.

З 2013 па 2020 гады ў краіне з перапынкамі вялася грамадзянская вайнаУ Паўднёвым Судане ўрад і паўстанцы парафіравалі пагадненне пра мір.

Дзяржаўны лад

Незадоўга да абвяшчэння незалежнасці, ўрад Паўднёвага Судана распрацаваў Канстытуцыю, якая была падпісана прэзідэнтам у дзень 9 ліпеня 2011, стаўшы такім чынам блізнюком Незалежнасці.

Паводле Канстытуцыі, Паўднёвы Судан — прэзідэнцкая рэспубліка. Нязменным лідарам Паўднёвага Судана з 2005 года з’яўляецца Салва Кіір Маярдзіт, хрысціянін, этнічны дзінка, то бок, сярэднестатыстычны паўднёвы суданец.

Заканадаўчы орган, Парламент Паўднёвага Судана, складаецца з дзвюх палат: верхняй — Дзяржаўнага Савету (50 членаў, прадстаўляюць штаты); ніжняй — Нацыянальнай Асамблеі (170 членаў, абіраюцца прамым усенародным галасаваннем). Найбуйнейшая партыя, якой належаць 160 крэслаў Нацыянальнай Асамблеі — Народная армія вызвалення Судана, былое паўстанцкае войска, што вяло рэй барацьбы за незалежнасць і па набыцці яе села ва ўрадавыя крэслы. Партыю ўзначальвае прэзідэнт Салва Кіір.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Гістарычна ў Паўднёвым Судане выдзяляецца тры рэгіёны: Экваторыя на поўдні, Бахр-Эль-Газаль на паўночным захадзе і Вялікі Верхні Ніл на паўночным усходзе. Сучасны Паўднёвы Судан — федэратыўная дзяржава, што з лістапада 2015 складаецца з 28 штатаў. Штаты выдзеленыя ў адпаведнасці з межамі рассялення этнічных груп. Асноўная мэта новага падзелу — знішчыць падставы да міжэтнічнага гвалту. У студзені 2017 з ліку 28 былі выдзелены 4 новыя штаты, і разам штатаў стала 32.

Сталічнае пытанне Сталіца Судана, Джуба, найбуйнейшы горад краіны, адначасова з’яўляецца цэнтрам штата Цэнтральная Экваторыя і графства Джуба. Аднак з пункту гледжання уладаў, Джуба не адпавядае сталічнаму званню праз неўладкаванасць, недастаткова развітую інфраструктуру ды не зусім цэнтральнае геаграфічнае становішча. У лютым 2011 урад зацвердзіў рэзалюцыю, паводле якой краіна пабудуе новую сталіцу. Ёй закліканы стаць горад Рамсель ніжэй па цячэнні Ніла — сталіцай яго бачыў яшчэ легендарны змагар за незалежнасць Джон Гаранг. Дагэтуль незразумела, адкуль улады Паўднёвага Судана возьмуць на перанос грошы, таму праект застаецца праектам.

Насельніцтва

Паўднёвы Судан — вельмі маладая краіна і ў сэнсе сярэдняга ўзросту: амаль палову насельніцтва складаюць дзеці да 15 гадоў. Гэта абумоўлена традыцыйна высокай для трапічнай Афрыкі нараджальнасцю (каля 40 на 1000 чал.). А вось па ўзроўні смяротнасці (20 на 1000) і эміграцыі (10 на 1000) Паўднёвы Судан пераўзыходзіць нават сваіх суседзяў, што абумоўлена бясконцым міжэтнічным гвалтам. Такім чынам, тэмпы росту насельніцтва выходзяць дастаткова невысокімі. Паводле звестак на снежань 2018, 2,2 млн паўднёвых суданцаў знайшлі прытулак ва Угандзе, Кеніі, Эфіопіі, Судане і інш..https://polpred.com/news/?cnt=258&sector=7 Гэта, а яшчэ недзеяздольнасць уладаў, не дазваляюць палічыць колькасць насельніцтва краіны, таму на пачатак 2019 ацэначныя дадзеныя ў сеціве вар’іруюцца ад 10 да 12,5 млн чал.https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/od.html

Большасць насельніцтва адносіцца да нілоцкіх народаў ніла-сахарскай моўнай сям’і. Паўднёвы Судан з’яўляецца домам для прыблізна 60 этнічных груп, буйнейшымі з якіх з’яўляюцца дзінка — 35,8 %? нуэр — 15,6 %, занд — 6,6 %, бары — 4,7 %, арабы (у асноўным з Судана) — 3,9 %, шылук — 3,5 %. Афіцыйнай мовай краіны з’яўляецца англійская. Большасць жыхароў Паўднёвага Судана размаўляе на мностве нілоцкіх моваў, найбуйнейшай з якіх з’яўляецца мова дзінка; а таксама адамава-ўбангійскіх, цэнтральнасуданскіх і іншых мовах і гаворак.

Большасць паўднёвых суданцаў вызнае хрысціянства (60, 5 %), найбольш каталіцтва, або мясцовыя анімічныя вераванні (33 %), у адрозненне ад арабскага мусульманскага насельніцтва паўночнага Судана.

Грамадзянскія войны і канфлікты, што амаль не сціхаюць апошнія шэсць дзесяцігоддзяў, прывялі да таго, што ў краіне налічваецца 4 млн унутрана перамешчаных асоб (а гэта кожны трэці жыхар!), з іх 1,9 млн былі вымушаны пакінуць родныя дамы падчас апошняга канфлікту (2016-18). Большасць паўднёвых суданцаў пражывае ў сельскай мясцовасці, узровень урбанізацыі тут не дасягае і 20 %. Менавіта таму тэмпы росту гарадскога насельніцтва ў краіне самыя высокія ў свеце (4 % у 2015—2020). У сталіцы пражываюць 370 тыс.чал.; больш за 100 тыс. жыве ў Ваў, Малакале і Ямбіа.

Большасць дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў не наведваюць школу, а 84 % жанчын непісьменныя.

Эканоміка