Нацыянальная бібліятэка (фр. Bibliothèque Nationale або BNF) — самы багаты збор франкамоўнай літаратуры ў свеце і самая буйная бібліятэка ў Францыі. Адна з найбуйнейшых бібліятэк свету. Гістарычна размяшчалася ў Парыжы на ру Рышэльё (адразу за Пале-Раяль) у ансамблі будынкаў XVII стагоддзя, пабудаваных па праекце Мансара для кардынала Мазарыні і пашыраных пасля 1854. Цяпер гэты ансамбль захоўвае толькі малую, але самую каштоўную частку дзяржаўнай бібліятэкі - Кабінет медалёў і манускрыпты. Асноўнае бібліятэчнае сховішча пабудавана ў 13-й акрузе, гэта чатыры вышынныя вежы на левым беразе Сены, узведзеныя ў форме разгорнутых кніг; сховішча носіць імя Франсуа Мітэрана. У БНФ працуюць 2700 чал., з іх 2500 чал. — поўны дзень.

Спіс будынкаў, якія належаць НБФ, у Парыжы і правінцыі:

сховішча манускрыптаў і старадаўніх кніг у будынку Рышэльё/Лувуа (site Richelieu/Louvois) у 2-ай акрузе змяшчае 12000000 малюнкаў і гравюр, 890 тыс. карт і планаў, 530 тыс. манет; галоўнае сховішча ў новым ансамблі будынкаў Тальбіяк або Франсуа-Мітэран (site François-Mitterrand (Tolbiac)) у 13-й акрузе; Арсенал (site de l'Arsenal) у 4-й акрузе; Бібліятэка-музей Оперы Гарнье (Bibliothèque-musée de l'Opéra) у 9-й акрузе; на Страсбургскім бульвары (site du boulevard de Strasbourg) у 10-й акрузе; дом Жана Вілара (Jean Vilar) у Авіньёне; тэхнічная частка ў Бюсі-Сен-Жорж (Bussy-Saint-Georges); тэхнічная частка ў Сабле-сюр-Сарта (Sablé-sur-Sarthe).

Кароткая гісторыя Нацыянальная бібліятэка Францыі — адна з самых старых у Еўропе. Каралеўская бібліятэка існавала ў Луўры яшчэ пры Карле V (кіраваў у 1364—1380 гг.) і налічвала 1200 рукапісаў. З часам ад гэтага збору амаль нічога не засталося, таму Людовік XI быў прымушаны пачынаць стварэнне палацавага кнігасховішча ад самага пачатку. Францыск I загадаў дастаўляць у бібліятэку па асобніку кожнай кнігі, які друкаваўся ў Францыі, а ў 1544 г. вывез увесь збор з Луўра ў Фантэнбло.

У XVII стагоддзі бібліятэка вярнулася ў Парыж, а ў 1622 г. быў выдадзены першы яе каталог. Людовік XIV зрабіў бібліятэку публічнай, адкрыўшы яе для свабоднага наведвання. Сваю цяперашнюю назву бібліятэка атрымала па рашэнню Канвента ў часы Вялікай Французскай рэвалюцыі. У XIX стагоддзі намаганнямі Леапольда-Віктора Дэліля быў значна пашыраны аддзел рукапісаў.

Гл. таксама

Europeana

Катэгорыя:Бібліятэкі Францыі Ф Б Катэгорыя:II акруга Парыжа Катэгорыя:IV акруга Парыжа Катэгорыя:IX акруга Парыжа Катэгорыя:XIII акруга Парыжа