Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) — нацыянальны студэнцкі саюз Беларусі, кааліцыя аб’яднанняў актыўных беларускіх студэнтаў. У мінулым беларускае грамадскае аб’яднанне, якое ўзнікла ў канцы 1980-х гадоў у ходзе дзейнасці нефармальных беларускіх студэнцкіх фарміраванняў.
З 2001 года пазбаўлена рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі. Быўшы ад самага заснавання антыбальшавіцкай арганізацыяй, ЗБС працягвае дзейнасць у адстойванні каштоўнасцяў дэмакратыі і акадэмічных свабодаў у Беларусі. У 2021 годзе арганізацыя стала асацыяцыяй, у якую ўвайшлі стачкамы і студэнцкія ініцыятыўныя групы беларускіх ВНУ, якія паўсталі на хвалі пратэстаў 2020 года .
Гісторыя
Заснаванне У канцы 1980-х гадоў на хвалі перабудовачных настрояў нефармальныя беларускія студэнцкія фарміраванні БДТУ, БДУ, БДМУ, а таксама Педагагічнага ўніверсітэта вырашылі аб’яднацца супраць ідэялагізацыі адукацыі. Створаная арганізацыя называлася «Світанак», у 1990-м годзе яна атрымала сучасную назву.
У 1989 годзе пад эгідай ЗБС выйшаў першы выпуск газеты «Студэнцкая думка», якая пазней стала часопісам.
Дзейнасць у 1990-я У 1992 годзе ЗБС былі афіцыйна зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як «Рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне „Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў“».
На працягу 1990-х гадоў ЗБС займаліся абаронай правоў студэнтаў, прасоўваннем «беларускасці» ў сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі.
З 1999 года ЗБС з’яўляецца паўнапраўным сябрам ESU (Еўрапейскі саюз студэнтаў).
Дзейнасць у 2000-я Увесну 2000 года адбыўся шэраг пікетаў супраць абавязковага размеркавання студэнтаў, якія ініцыявалі суполкі ЗБС. У выніку дэпутат Навасяд у 2001 годзе сабраў 35 тысяч подпісаў студэнтаў супраць размеркавання.
16 жніўня 2001 года правялі акцыю «Аранжавы настрой». Каля дваццаці актывістаў былі апранутыя ў аранжавыя майкі і раздавалі апельсіны ды мандарыны.
7 верасня 2001 года прадстаўнікі праваахоўных органаў апісалі перадвыбарчыя матэрыялы і атрыбутыку на штаб-кватэры арганізацыі.
У 2001 годзе рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ЗБС пазбавілі афіцыйнай рэгістрацыі. У 2004 г. Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падало ў Вярхошўны суд Рэспублікі Беларусь наглядную скаргу на рашэнне суда ад 3 снежня 2001 года аб ліквідацыі арганізацыі. Праз месяц Вярхоўны суд даў адказаць: пакінуць рашэнне нязменным.
18 лютага 2002 адбыўся разбойны напад на офіс ЗБС у Мінску. Увечары ў час паседжання рэдакцыі выдання «Студэнцкая газета» у офіс гвалтам і падманам увайшлі два незнаёмцы, адзін з якіх быў узброены нажом і хаваў свой твар пад маскай аранжавага колеру. Прысутных у офісе студэнтаў прымусілі легчы, звязалі ім рукі. Нападнікі перарэзалі тэлефонны дрот і спакавалі частку офіснай тэхнікі. Адзін з нападнікаў некалькі разоў ударыў нажом па стале, на якім ляжала Вольга Кузьміч. У выніку нападу была скрадзеная офісная тэхніка і асабістыя рэчы прысутных. Рада ЗБС выступіла з заявай, у якой назвала разбойны напад на офіс часткай кампаніі пераследу супраць арганізацыі пасля яе афіцыйнай ліквідацыі з мэтай запужаць студэнтаў.
15-16 мая 2004 года ЗБС ладзілі канферэнцыю «Правы студэнтаў», на якой прынялі «Усеагульную дэкларацыю правоў студэнтаў».
01 верасня 2004 ЗБС разам з навучэнцамі ліквідаванага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа арганізаваў у Мінску на Кастрычніцкай плошчы акцыю «Хочам вучыцца па-беларуску!», каб прыцягнуць увагу да праблем беларускамоўнага навучання. Сабралося да 200 удзельнікаў, некалькі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя міліцыяй, аднак акцыя працягнулася ў парку Янкі Купалы.
16 верасьня 2004 года ЗБС зладзіў у Мінску акцыю «Шэсце бездомных студэнтаў», якая падымала праблему недахопу месцаў у інтэрнатах для студэнтаў. Каля 30 студэнтаў прайшлі ад Чыгуначнага вакзалу да галоўнага корпусу БДУ. Дзе шэсце было гвалтоўна спыненае міліцыяй. У выніку былі затрыманыя тры ўдзельнікі акцыі.
Дзейнасць у 2010—2015 гады Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года зладзілі акцыю «Грамадзянін». Мэтай акцыі было жаданне паказаць, хто на самой справе стварае Беларусь — грамадзяне. Галоўныя кірункі дзейнасці кампаніі: інфармаванне грамадзян пра выбары, праца з выбарчымі камісіямі і праца з дзяржаўнымі інстытутамі.
У 2014 годзе ЗБС ладзіў кінапрагляды ў падземных пераходах, за што 19 верасня было затрымана каля 30 чалавек, а 2 актывіста ЗБС былі арыштаваная на 5 і 6 дзён.
Сучасная дзейнасць
Адраджэнне ЗБС У 2016 годзе арганізацыя заявіла аб сваёй перазагрузцы, аб’яднаўшы сілы з актывістамі руху супраць платных пераздач у БДУ, якія праводзілі рэзанансны ў грамадстве марш студэнтаў у снежні 2015 года.
У 2017 годзе падчас пратэстаў супраць дэкрэта № 3 актывісты ЗБС заснавалі «Студэнцкі Блок» для падтрымкі асноўных патрабаванняў пратэсту, а таксама з патрабаваннямі вызваліць усіх затрыманых студэнтаў, адмяніць абавязковае размеркаванне студэнтаў і спыніць ціск у навучальных установах. Падчас пратэстаў было затрымана 4 актывіста ЗБС.
У 2018 годзе ЗБС прымала ўдзел у святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, мела сваю пляцоўку каля Вялікага тэатра оперы і балета. Таксама ў гэтым жа годзе актывістамі ЗБС была запушчана студэнцкая зніжкавая картка Unicard, якая з’яўляецца аналагам сусветна вядомай карткі ISIC («International Student Identity Card»).
У 2019 годзе актывісты ЗБС разам з ініцыятывамі «Вучоба найважней», Legalize Belarus, а таксама блогерамі аб’ядналіся ў «Моладзевы блок», каб удзельнічаць у маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. Актывістамі было вылучана 8 кандыдатаў у дэпутаты пры падтрымцы партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», а таксама партыі «Зялёныя» .
Увесну 2020 года ладзілі спачатку акцыю «Ха-ха я тут памру» і заклікалі да студэнцкага страйку, каб прыцягнуць увагу да неэфектыўнай палітыкі беларускіх уладаў у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 у Беларусі . За гэта з МДЛУ была адлічана сяброўка Рады ЗБС Лізавета Пракопчык . Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў яе адлічэнне палітычна матываваным. Рэктар МДЛУ Наталля Баранава сцвярджае, што адлічэнне не матывавана палітычна.
Пасля жніўня 2020-га Зранку 12 лістапада 2020 года ў сямі актывістаў адбыўся ператрус, саміх актывістаў затрымалі і завезлі ў КДБ. Сярод іх сябра Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям, Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка«Вясна»: прадстаўніца Ціханоўскай і актывісты ЗБС — у КДБ. Беларускія праваабарончыя арганізацыі асудзілі арышты актывістаў і крымінальныя справы на іх, прызвалі да неадкладнага вызваленя палітвязняў. Актывістам Даніле Лаўрэцкаму і Лізавеце Пракопчык удалося збегчы ад КДБ і ўцячы ва Украіну, нелегальна перасекчы мяжу з Расіяй.
Пасля арыштаў і пераследу ў Беларусі, шэраг актывістаў ЗБС пасяліліся за мяжой і разам з іншымі студэнцкімі актывістамі працягнулі дзейнасць дыстанцыйна.
23 лютага 2021 года ЗБС аб’явіў аб рэарганізацыі ў кааліцыю незалежных студэнцкіх аб’яднанняў 15 універсітэтаў Беларусі. Кіраўнічым органам ЗБС стала Нацыянальная Студэнцкая Рада (НСР) — калегіяльна-прадстаўнічы орган, у якім прапарцыйна прадстаўлены ўваходзячыя ў ЗБС студэнцкія аб’яднанні БарДУ, БДАМа, БДАМу, БДМУ, БДПУ, БДТУ, БДУ, БДУІР, БДУКМ, БДУФК, БДЭУ, ВДМУ, ГрДУ, МДЛУ, ПДУ. 28 красавіка да ЗБС таксама далучылася студэнцкае аб’яднанне БрДТУ.
14 мая 2021 года пачаўся судовы працэс над актывістамі ЗБС па «справе студэнцтва 12 лістапада». Па закліку ЗБС пад будынак суда прыйшло каля 200 чалавек, у тым ліку дыпламаты краін ЕС. У залю пусцілі толькі блізкіх сваякоў, стыхійны збор пад будынкам суда разагнаў АМАП. Затрымалі 14 чалавек. 30 лістапада 2022 года на волю выйшлі практычна ўсе незаконна асуджаныя па «справе студэнтаў». Яны цалкам адбылі пакаранне.
У жніўні 2023 г. сацсеткі і лагатып «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» патрапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Па рашэнні КДБ ад 21 верасня 2023 года «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» уключылі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».
Старшыні Рады ЗБС Ігар Міхно Аляксей Глушко Антоні Бокун Алесь Міхалевіч Крысціна Сідун (1999—2002) Вольга Кузьміч (2002—2005) Алена Талапіла (2005—2007) Яўген Іванюк (2007—2012) Анастасія Доль (2012—2016) Яўген Міхасюк (2016—2017) У 2016 годзе пасада была ліквідавана рашэннем самой Рады.
Гл. таксама
Моладзевы блок Еўрапейскі саюз студэнтаў
Літаратура
Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Студэнцкі рух Катэгорыя:Маладзёжныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1988 годзе Катэгорыя:Беларускія студэнцкія арганізацыі