Генадзь Пятровіч Аўласенка (нар. , в. Ліпавец, , Віцебская вобласць) — беларускі пісьменнік, паэт, драматург.
Біяграфія Нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Беларус. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу. З 1974 па 1976 год служыў ва ўзброеных сілах. Затым скончыў біялагічны факультэт БДУ. Некаторы час жыў і працаваў у Якуціі і Забайкаллі.
Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года. З 2014 года галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».
Жыве ў Чэрвені (Мінская вобласць). Жанаты, мае двух дзяцей.
Творчасць Пісьменніцкай дзейнасцю пачаў займацца даволі позна. Спачатку гэта была выключна паэзія (рускамоўная, затым беларускамоўная), з сярэдзіны 1990-х гадоў захапіўся драматургіяй. П’есы Генадзя Аўласенкі станавіліся лаўрэатамі трох першых рэспубліканскіх конкурсаў беларускай драматургіі, гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і калектыўных зборніках.
Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: «На мяжы рэальнага і фантастычнага». Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе «Маладосць», штотыднёвіку «ЛіМ», газетах «Звязда», «Голас Радзімы», «Настаўніцкая газета». Адно з апавяданняў у 2007 годзе стала пераможцам конкурсу апавяданняў, які штогод праводзіць газета «Звязда». У 2008 годзе ў выдавецтве «Ковчег» выйшаў фантастычны раман «История вместо математики».
Шмат піша для дзяцей. Творча супрацоўнічае з дзіцячымі часопісамі: «Вясёлка», «Бярозка», «Рюкзачок». Дзіцячыя вершы, казкі і п’есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся на дзіцячых старонках часопісаў «Алеся», «Родная прырода», «Лесавічок» і інш.
Казкі Генадзя Аўласенкі ўвайшлі ў зборнікі казак «Чароўныя пацеркі» і «Вежа міру», якія ў 2006—2007 гг. выйшлі ў «Мастацкай літаратуры», а таксама ў казачны цыкл выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»: «Чырвоная кніга ў казках і вершах» (2007); «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2008); «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2009).
У 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніга-казка «Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора», у гэтым жа, 2009 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак». У канцы 2009 года ў серыі «Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы», якую выдае выдавецтва «Харвест» разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшла кніга фантастыкі «Дзікія кошкі Барсума». У 2010 годзе «Новые приключения маленького ветерка из вентилятора» (выдавецтва «Літаратура і мастацтва»). У 2011 годзе беларуская сучасная фантастыка папоўнілася раманам Г. Аўласенкі «Пленники чёрного леса». У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выходзіць працяг прыгод «Вецярка з вентылятара» — «Ветерок и госпожа Зима». У 2014 годзе выходзіць зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), таксама выходзіць у свет яшчэ адзін працяг «Вецярка…» — «Ветерок и Крысиный король» (выдавецтва «Звязда»).
Бібліяграфія Час збіраць камяні: Вершы, паэмы. Мінск, 2003. 86 с. История вместо математики. Мистический триллер. Минск, 2008. 190 c. Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора. Сказка. Минск, 2009. 125 с. Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак. Казачная аповесць. Мінск, 2009. 58 c. Дзікія кошкі Барсума. Мінск, 2009. 383 с. Новые приключения маленького Ветерка из Вентилятора. Сказка. Минск, 2010. 140 с. Азы вершаскладання. Дапаможнік для пачынаючых паэтаў. Мінск, 2011. 163 с.
У зборніках
Прэміі і ўзнагароды
Уладальнік Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і падлеткаў", кніга "Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў" (05.09.2026, Касцюковічы, XXXIII Дзень беларускага пісьменства).
Літаратура Аўласенка Генадзь // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна. — Мінск. 2003. — С. 544. Урбан І. Першая кніга [«Час збіраць камяні»] // Патрыёт. — Ушачы, 30 ліпеня 2003. Аўласенка Г. П. Пра сябе і сваю творчасць // З росных сцяжын: аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі / Уклад. Мікола Мінзер. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2009. — С. 5.
Спасылкі Персанальны сайт Генадзя Аўласенкі
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі