«Новы шлях» — часопіс, выдаваўся ў Рызе ў студзені 1942 — маі 1944 з дазволу германскіх акупацыйных уладаў.
Існавалі два варыянты — на рускай («Новый путь») і беларускай мовах. Матэрыялы агульнапалітычнага характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя беларускага варыянту знаходзілася ў Мінску (гал. рэд. У. Сядура). У Рызе выданне рыхтаваў да друку К. Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў удзельнічаў аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд».
Часопіс друкаваў агульнапалітычныя і ваенныя агляды, артыкулы, у якіх ухваляліся нямецкі лад жыцця, навука і культура нацысцкай Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. На старонках часопіса змешчана шмат публікацый пра беларускую народную творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў і памятных дат, літаратурныя творы беларускіх аўтараў. У рубрыцы «З беларускага жыцця» друкавалася хроніка з гарадоў Беларусі.
Выйшла 45 нумароў.
Літаратура — С. 334.
Катэгорыя:Часопісы Латвіі на беларускай мове Катэгорыя:З’явіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе Катэгорыя:1942 год у Латвіі Катэгорыя:Акупацыйны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну