Залацістыя водарасці (Chrysophyceae) — клас водарасцей; прадстаўнікі фітапланктону.
Апісанне
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Клеткі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некаторыя ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1-2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і алей.
Арэал і віды
Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арганічных рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напрыклад, , , , , , , , , , і інш.
Экалогія
Размнажэнне ў асноўным ажыццяўляецца шляхам дзялення мацярынскай асобіны на 2 даччыныя, а таксама шляхам распада калоній і плазмодыяў на часткі. У выніку бінарнага дзялення, не даведзенага да канца, утвараюцца калоніі пераважна шарападобнай і дрэвападобнай формы. Бясполае размнажэнне адбываецца таксама зааспорамі і аўтаспорамі. Палавое размнажэнне (іза-, гола-, аўтагамія) вядома толькі ў нешматлікіх відаў і вывучана недастаткова.
Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
Літаратура
Протисты: Руководство по зоологии / под ред. академика РАН А. Ф. Алимова. — СПб.: Наука, 2000. — Т. 1. — 679 с. ISBN 5-02-025864-4