«Барселона» — іспанскі спартыўны клуб, які базуецца ў Барселоне, у аўтаномнай супольнасці Каталонія, Іспанія. Болей за ўсё вядомы сваёй футбольнай камандай. Клуб стаў адным з сімвалаў Каталоніі.
«Барселона» была заснавана ў 1899 годзе групай швейцарскіх, англійскіх і каталонскіх футбалістаў і стала сімвалам каталонскай культуры і каталанізму, дзякуючы чаму існуе памоўка Més que un club («Больш, чым клуб»). «Барселона» была адным з клубаў-заснавальнікаў Ла Лігі ў 1928 годзе, і, разам з «Рэалам» з Мадрыда і «Атлетыкам» з Більбаа, ніколі не пакідала яе. Клуб таксама быў першым яе пераможцам. «Барселона» з’яўляецца адным з самых паспяховых клубаў краіны. Клуб мае даўняе суперніцтва з мадрыдскім клубам «Рэал». Матчы паміж гэтымі двума камандамі называюць Эль Класіка. Клуб з’яўляецца адным з найбольш падтрымліваных каманд у свеце, маючы самы вялікі сярод усіх прыхільнікаў спартыўных каманд ва ўсіх асноўных сацыяльных сетках.
У адрозненне ад многіх іншых футбольных клубаў, «Барселонай» кіруюць прыхільнікі клуба. Гэта другі самы заможны футбольны клуб у свеце з пункту гледжання прыбытку, з гадавым абаротам у 613 млн долараў і трэці самы каштоўны, з коштам у 2,6 мільярда долараўDeloitte Football Money League 2013 . Deloitte UK.The World’s Most Valuable Soccer Teams. Forbes..
Гісторыя
Пачатак
Клуб быў заснаваны ў 1899 годзе згуртаваннем швейцарскіх, англійскіх і каталонскіх футбалістаў на чале з Гансам Гамперам. Гампер, які ў Барселоне стаў называцца Жаанам, пераехаў у сталіцу Каталоніі ў 1898 годзе з-за бізнесу. 22 кастрычніка 1899 года ён даў абвестку ў газету «Los Deportes» і, ужо праз месяц пасля надрукавання яго абвесткі, 29 лістапада 1899 года ён узначальваў першае пасяджэнне клуба. На пасяджэнні клуб быў заснаваны, а англічанін Гальтэры Уайльд стаў яго першым прэзідэнтам. З самага пачатку ігракі пачалі апранаць цяпер сусветна вядомую блакітна-гранатавую форму. У першай гульні «Барса» супрацьстаяла камандзе англійскіх імігрантаў і прайграла з лікам 0:1. «Барселона» хутка зрабілася адным з мацнейшых клубаў Каталоніі і Іспаніі, прымаючы ўдзел і ў Чэмпіянаце Каталоніі, і ў Кубку Іспаніі. У 1902 годзе клуб здабыў свой першы трафей — Кубак Макаі, а таксама прымаў удзел у фінале Кубка Караля, саступіўшы клубу «Біская» з лікам 1:2.
Эра Гампера У 1908 годзе Жаан Гампер стаў прэзідэнтам клуба ў першы раз. Зрабіць гэта яго прымусіў стан спраў у клубе. «Барселона» нічога не выйгравала з часоў сваёй перамогі ў Чэмпіянаце Каталоніі і з-за гэтага ў яе пачаліся фінансавыя праблемы. У далейшым Гампер станавіўся прэзідэнтам клуба яшчэ чатыры разы ў перыяд з 1908 па 1925 гады. Адным з дасягненняў яго прэзідэнцтваў было тое, што клуб нарэшце атрымаў свой уласны стадыён. 14 сакавіка 1909 года «Барселона» пераехала на стадыён «Карэр Індустрыя» (), які быў змясціць 8 тысяч чалавек. Гампер пачаў кампанію па рэкрутаванні новых членаў клуба і да 1922 года іх стала 10 тысяч. Клуб быў вымушаны пераехаць зноў, гэтым разам на «Лес Кортс» (), які быў адчынены ў тым жа годзе. Першапачаткова стадыён умяшчаў 22 тысячы чалавек, потым быў пашыраны да 60 тысяч. Гампер таксама здолеў забяспечыць пераход у «Барселону» форварда Паўліна Алькантары, які стаў лепшым бамбардзірам клуба за ўсю гісторыю з 356 галамі, а ў 1917 годзе назначыў Джэка Грынуэла галоўным трэнерам каманды. Гэта палепшыла выступы каманды. За эру Гампера «Барселона» атрымала перамогу ў 11 чэмпіянатах Каталоніі, шасці Кубкаў Караля і чатырох Пірэнейскіх Кубкаў. Разам з Алькантарай за «Барселону» ў той камандзе гулялі Сахібарба, Рыкарда Замора, Жазеп Саміт’ер, Фелікс Сесумага і Франц Платка.
Да і пасля грамадзянскай вайны
14 чэрвеня 1925 года публіка на стадыёне абсвістала нацыянальны гімн Іспаніі, паказаўшы сваю нелюбоў да рэжыму дыктатара Прыма Дэ Рыверы. У выніку хатняя пляцоўка «Барсы» была зачынена на шэсць месяцаў, а Гампер быў вымушаны пакінуць пост прэзідэнта клуба. Па часе гэта супала з пераходам да прафесійнага футбола ў Іспаніі, і ў 1926 годзе дырэктары «Барсы» сцвярджалі, што яны аперуюць прафесійным футбольным клубам. У 1928 годзе ў гонар перамогі ў Кубку Іспаніі Рафаэль Альберці, член «Пакалення 27», напісаў паэму «Ода Платка», прысвечаную гераічнаму выступу апошняга ў фінале спаборніцтва. 30 ліпеня 1930 года Жаан Гампер учыніў самагубства з-за персанальных і фінансавых праблем. Хаця «Барса» таго часу і мела ігракоў кшталту Жазепа Эсколы, клуб увайшоў у перыяд крызісу з палітычных, фінансавых і спартовых прычын. Клуб выйграў Чэмпіянат Каталоніі ў 1930, 1931, 1932, 1934, 1936 і 1938 гадах, на ўзроўні краіны, акрамя выйгрышу Міжземнаморскай лігі ў 1937 годзе, поспехаў не было. Праз месяц пасля пачатку Грамадзянскай вайны некалькі ігракоў клуба разам з ігракамі з басконскага «Атлетыка» далучыліся да Рэспубліканскай арміі. У тым жа 1936 годзе прэзідэнт клуба Жазеп Суньёль быў забіты салдатамі генерала Франка.
Улетку 1937 года каманда паехала ў тур па Мексіцы і Злучаных Штатах, дзе іх прыняў пасол Другой іспанскай Рэспублікі. Тур забяспечыў фінансавую стабільнасць клуба на некаторы час, але палова ігракоў вырашылі не вяртацца ў Іспанію і засталіся ў Паўночнай Амерыцы. 16 сакавіка 1938 года фалангісты разбамбілі офіс клуба. Праз некалькі месяцаў Барселона была акупавана фалангістамі, якімі «Барса» разглядалася як сімвал каталанізму. Колькасць членаў клуба складала ў той час толькі 3486 чалавек. Пасля Грамадзянскай вайны каталонскі сцяг быў забаронены, а клубам было забаронена выкарыстоўваць неіспанскія назвы. У выніку гэтага клуб быў гвалтоўна перайменаваны ў Club de Fútbol Barcelona, а каталонскі сцяг быў выдалены з клубнай эмблемы. У 1943 годзе «Барселона» праводзіла паўфінальныя гульні супраць адвечнага суперніка — мадрыдскага «Рэала». Першую гульню на «Лес Кортс» «Барса» перамагла з лікам 3:0. Перад другой гульнёй у пераапранальню «Барсы» зайшоў дырэктар агенцтва бяспекі пры рэжыме Франка, які нагадаў ігракам «Барсы», што яны гуляюць толькі з-за «шчодрасці рэжыму». «Рэал» выйграў гульню з лікам 11:1. Але ж нягледзячы на палітычную сітуацыю ў краіне «Барселона» выступала паспяхова на працягу 1940-х і 1950-х гадах. У 1945 годзе пад кіраўніцтвам Жазепа Саміт’ера і з такімі ігракамі, як Сезар, Рамальетс і Веласка, клуб выйграў сваю першую Ла Лігу з 1929 года. У 1948 і 1949 гадах каманда таксама выйгравала гэты тытул, а ў 1950 годзе каманда заваявала першы Лацінскі кубак.
У 1950 годзе ў каманду перайшоў Ладзіслаў Кубала, які стаў адным з самых уплывовых ігракоў за гісторыю клуба. У дажджлівую нядзелю 1951 года натоўп пакінуў стадыён «Лес Кортс» пасля перамогі над сантандэрскім «Расінгам» пехатою ў знак салідарнасці з бастуючымі трамвайнымі працоўнымі, здзівіўшы паліцыю рэжыму. Такія выпадкі зрабілі з «Барселоны» клуб, які для шмат каго ў Іспаніі быў сімвалам свабод і правоў, якія парушаў рэжым Франка. Трэнер Фернанда Даўчык і ігрок Ладзіслаў Кубала (які шмат кім успрымаецца як лепшы ігрок клуба за ўсю гісторыю) прывялі «Барсу» ў 1952 годзе да перамогі ў пяці турнірах — Ла Лізе, Кубку Генералісімуса, Лацінскім кубку, Кубку Эвы Дуартэ і Кубку Марціні Росі. У 1953 годзе «Барса» зноў атрымала перамогу ў Кубку Генералісімуса і Чэмпіянаце Іспаніі.
Пераезд на «Камп Ноу» і прыбыццё Кройфа
Поспехі футбольнага клуба вызначылі неабходнасць будаўніцтва новага стадыёну, таму што «Лес Кортс» спыніў задавальняць усіх жадаючых паглядзець гульні каманды. Франсеск Міра-Санс, прэзідэнт клуба з 1953 года быў адным з арганізатараў будоўлі «Камп Ноу», які быў уведзены ў эксплуатацыю 24 верасня 1957 года. Новы стадыён быў здольны змяшчаць 90 тысяч гледачоў, сярод якіх было 49 тысяч членаў клуба. Перамогі ў чэмпіянатах Іспаніі сезонаў 1958/59 і 1959/60, а таксама ў Кубках кірмашоў 1957/58 і 1959/60 шмат у чым адбыліся з-за прысутнасці ў камандзе знакамітага трэнера Эленія Эрэры. За тую каманду таксама гуляла шмат таленавітых ігракоў, як Шандар Кочыш, Золтан Цібар, Эварысту, Кубала, Эўлохіа Марцінес, Луіс Суарэс і іншых. Але гэтая плеяда ігракоў не захавалася ў камандзе да сярэдзіны 1960-х гадоў. Пройгрыш фіналу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у Берне ў 1961 годзе стаў пачаткам кепскага перыяду для «Барсы», якая ў наступныя гады здолела выйграць толькі Кубкі Іспаніі 1963 і 1968 гадах, а таксам Кубак кірмашоў у 1966 годзе. Але нягледзячы на кепскія вынікі, колькасць членаў клуба не спыняла росту.
Нарцыс дэ Карэрас у 1968 годзе ў сваёй інаўгурацыйнай прамове ўпершыню прамовіў знакамітае «Més que un club» (больш за клуб). Прэзідэнт Агусці Манталь і Коста (1969—1977) у сваіх шматлікіх прамовах спрабаваў падкрэсліць каталонскую прыналежнасць клуба, а таксама барацьбу за дэмакратыю на футбольнай пляцоўцы, якую ўяўляла сабой «Барса». З-за гэтага Манталь даволі часта канфліктаваў з найвышэйшымі чыноўнікамі франкісцкай Іспаніі. У 1973 годзе пасля доўгай затрымкі, выкліканай неадназначнымі адносінамі іспанскай федэрацыі футболу да «Барсы», у клуб пераходзіць Ёхан Кройф. У першы ж свой сезон галандзец дапамагае «Барсе» атрымаць перамогу ў чэмпіянаце Іспаніі. У ходзе гэтага сезона «Барселона» разграміла свайго найбольш прынцыповага суперніка — мадрыдскі «Рэал» на яго пляцоўцы з лікам 5:0, а Кройфу дапамагалі ў нападзе Карлес Рэшак, Хуан Мануэл Асенсі, Уга Сотыл ды Марсіяль Мануэль Піна Маралес. Кройф адразу ж стаў лідарам як на полі, гэтак і за яго мяжой.
Пасля вяртання дэмакратыі
Дзякуючы пераходу Іспаніі на дэмакратычную форму кіравання ў іспанскім спорце таксама адбыліся змены. Спартыўныя клубы і федэрацыі адгэтуль павінны былі кіравацца дэмакратычна. Прэзідэнт Агусці Манталь кіраваў «Барсай» у час пераходу да дэмакратыі. Футбол змяняўся, падпісанне кантрактаў з замежнымі ігракамі было канчаткова дазволена. З пункту гледжання фінансаў футбол перажываў вельмі добры перыяд дзякуючы «нестандартным прыбыткам», з якіх асабліва вылучаліся тэлевізійныя правы. У 1978 годзе ў клубе адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Жазеп Луіс Нуньес. Нуньес заставаўся прэзідэнтам клуба да 2000 года. У 1979 годзе «Барса» выйшла ў фінал Кубка ўладальнікаў кубкаў, дзе перамагла нямецкую «Фартуну». Болей за 30 тысяч заўзятараў падтрымалі «Барсу» ў Базелі, дзе адбылася гульня. «Барса» таксама перамагла ў гэтым турніры ў 1982, 1989 і 1997 гадах. У гэты час клуб таксама павялічваўся. У 1974 годзе ў клубе было 66 тысяч членаў, гэтая лічба павялічылася да 77 тысяч у 1978 годзе і да 108 тысяч у 1986 годзе. Таксама павялічвалася колькасць арганізацый прыхільнікаў клуба, гэтак званых «пэніяў» (). У 1979 годзе такіх «пэніяў» было 96, а ўжо ў 1993 годзе іх было амаль што 700.
Да чэмпіянату свету 1982 «Камп Ноу» быў пашыраны, а ў 1982 годзе быў пабудаваны «Мініэстадзі», на якім цяпер праводзіць свае хатнія гульні другая каманда «Барсы». Але да сезона 1984/85 клуб не здолеў заваяваць ніводнага тытулу чэмпіёнаў Іспаніі. У 1985 годзе «Барса» заваявала чэмпіёнства дзякуючы адбітаму Уруці пенальці на апошніх хвілінах гульні супраць «Вальядаліда». У той час у «Барсе» гулялі такія ігракі, як Жуліа Альберта, Мігелі, Стыў Арчыбальд, Бернд Шустэр і Рамон Алексанка. У наступным годзе «Барса» прайграла фінал Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у Севільі румынскаму «Сцяўа». Пасля чэмпіянату свету 1986 «Барселона» набыла англічаніна Гары Лінекера і баска Андоні Субісарэту, але каманда не здолела дамагчыся значных поспехаў. Англічанін Тэры Венейблс (які давёў каманду да фіналу Кубку чэмпіёнаў 1986 года) быў звольнены. Новым трэнерам «Барсы» стаў Луіс Араганес. Ігракі ўзбунтаваліся супраць прэзідэнта Нуньеса, а сезон скончыўся перамогай «Барсы» ў фінале Кубка Караля над «Рэал Сасьедад» з лікам 1:0.