Самаліленд — часткова прызнаная дзяржава ў паўночнай частцы афрыканскага паўвострава Самалі на тэрыторыі былой калоніі Брытанскае Самалі. Прызнаецца міжнароднай супольнасцю часткай Самалі. Сталіца — горад Харгейса.
Гісторыя Раней тэрыторыя Самаліленд называлася Брытанскае Самалі (з 1887 года), у 1960 годзе Самалі атрымала незалежнасць, калі аб’ядналіся дзве былыя калоніі — Італьянскае Самалі і Брытанскае Самалі. Пры гэтым асобнай дзяржавы Самаліленд дэ-факта так і не з’явілася (хоць фармальна Дзяржава Самаліленд існавала з 26 чэрвеня па 1 ліпеня 1960 года незалежна ад іншых краін).
У 1991 годзе Самалі па сутнасці спыняе існаванне як дзяржава. Калі на тэрыторыі былога Італьянскага Самалі ўтварылася мноства «удзельных княстваў» на чале з палявымі камандзірамі, які пастаянна канфліктуюць паміж сабой, то на тэрыторыі Самаліленда абстаноўка была параўнальна мірнай, а ўзровень жыцця — нашмат вышэй.
18 мая 1991 года на фоне грамадзянскай вайны Самаліленд у аднабаковым парадку абвясціў пра аднаўленне свайго суверэнітэту і выхад са складу Самалі.
Сітуацыя ў Самалілендзе адносна стабільная — вайна ў 2006 годзе паміж Саюзам ісламскіх судоў, Эфіопіяй і асноўным Самалі мала закранула Самаліленд. Але, нягледзячы на прыкметы дзяржаўнасці, афіцыйнага прызнання Самаліленд не атрымаў.
Летам-восенню 2011 года Самаліленд у ліку ўсходнеафрыканскіх краін пацярпеў ад засухі і голаду.
26 снежня 2025 года Ізраіль стаў першай дзяржавай-членам ААН, якая афіцыйна прызнала незалежнасць Самаліленда.
Палітычны лад Афармленне дзяржаўнага ладу пачалося з прыняццем на канферэнцыі ў горадзе Бо́рама Нацыянальнай хартыі (1993), а затым часовай Канстытуцыі (у 1997 годзе), канчатковая версія асноўнага закона была адобрана на рэферэндуме ў 2001-м.
Самаліленд — прэзідэнцкая рэспубліка. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт, якія абіраюцца на пяць гадоў. Прэзідэнт выконвае функцыі кіраўніка дзяржавы і ўрада, фарміруе кабінет міністраў.
Заканадаўчую ўладу прадстаўляе двухпалатны парламент (па 82 дэпутаты ў кожнай з палат). Ніжняя палата (палата прадстаўнікоў) адказвае за заканатворчы працэс, верхняя (савет старэйшын) займаецца ўрэгуляваннем міжкланавых канфліктаў і падтрыманнем грамадзянскага міру.
Дэ-юрэ ў краіне ўстаноўлена трохпартыйная сістэма — на парламенцкія і прэзідэнцкія выбары дапускаюцца толькі тры партыі, якія набралі 20 % галасоў у чатырох з шасці рэгіёнаў на мясцовых выбарах у муніцыпальныя і акруговыя саветы.
Крыніцы
Спасылкі
Фатаграфіі Самаліленда на flickr
Катэгорыя:Дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Самалі Катэгорыя:Непрызнаныя дзяржавы