Развод — фармальнае спыненне (скасаванне) сапраўднага шлюбу паміж жывымі мужам і жонкай. Ад разводу варта адрозніваць прызнанне шлюбу несапраўдным у судовым парадку і спыненне шлюбу з прычыны смерці аднаго з супругаў.
Наступствы для дзяцей У разводзе бацькі найчасцей выхоўваюць дзяцей безадказнымі і абыякавымі або агрэсіўнымі і жорсткімі асобамі. Таксама развод па прычыне здрады выклікае ў дзяцей ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў схільнасць да нявернасці ў дарослым жыцці ва ўласным шлюбе.
Беларусь Да рэвалюцыі афіцыйным прызнаваўся толькі развод, здзейснены царкоўным судом. У Расійскай імперыі XIX — пачатку XX стагоддзя разводы праводзіліся з санкцыі духоўнага суда пры строгім выкананні патрабаванняў. Галоўнымі прычынамі для скасавання шлюбу з'яўляліся пралюбадзейства, няздольнасць да шлюбнага жыцця (зафіксаваная не пазней чым праз тры гады пасля шлюбу), высылка аднаго з сужэнцаў у Сібір, сыход у манастыр, доўгая без вестак адсутнасць і блізкае сваяцтва. У той жа час фізічны гвалт і жорсткае абыходжанне ў сям'і не лічыліся дастатковай прычынай для разводу: валасныя суды часцей за ўсё адмаўляліся разглядаць падобныя справы, кіруючыся патрыярхальнымі прынцыпамі.
Разводы сярод сялян у беларускай вёсцы ў гэты перыяд былі вялікай рэдкасцю. Гэта было абумоўлена не толькі жорсткасцю царкоўных патрабаванняў, але і менталітэтам, арыентаваным на хрысціянскія каштоўнасці, а таксама эканамічнымі прычынамі: сям'я выступала галоўнай гаспадарчай адзінкай, і яе разбурэнне вяло да абнішчання. Часцей за ўсё сужэнскія пары разыходзіліся па прычыне бяздзетнасці (вінаватай у якой заўсёды лічылася жонка). У такім выпадку жанчына вярталася да бацькоў са сваім пасагам. Разам з афіцыйнымі існавалі «самавольныя разводы», калі сужэнцы фактычна разыходзіліся і стваралі новыя сем'і без шлюбу (напрыклад, калі муж на доўгі час сыходзіў на заробкі ў горад). Грамадская думка ставілася да такіх нявенчаных пар дастаткова лаяльна.
У Беларусі дзяржаўны развод царкоўных шлюбаў увялі за савецкім часам па падачы заявы адным з сужэнцаў. Найбольшы лік разводаў на 1000 жыхароў краіны быў у 1999 годзе (4,71). У 2000 г. 696 разводаў прыпадала на 1000 шлюбаў. У 2009 годзе ў краіне адбылося 35 056 разводаў, што склала 45 % ад заключаных за год шлюбаў. У 2010 г. доля паўторных разводаў дасягнула 15 % ад агульнага ліку. Найбольш разводаў прыпадала на сужэнцаў ва ўзросце 25-34 гадоў, на сем’і з адным дзіцём (45 %) і без дзяцей (36 %). У сярэднім разбуралася палова шлюбаў. У 2011 г. Беларусь заняла 2-е месца ў свеце па пашыранасці разводаў (4,1 на тысячу жыхароў). Пры гэтым 4,6 разводу прыпадала на 1000 гарадскіх жыхароў, 2,4 — на сельскіх. 461 гарадскі развод прыпадаў на 1000 шлюбаў, у сельскай мясцовасці — 366 разводаў. У 2012 г. доля разводаў перавысіла палову (512/1000) ад заключаных за год шлюбаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Сям’я Катэгорыя:Дэмаграфічная тэорыя Катэгорыя:Грамадзянскае права Катэгорыя:Сямейнае права