Судзе́бнік 1468 го́да або Судзе́бнік Казімі́ра — зборнік норм права XV ст., першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены на загад вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка, выдадзены 29 лютага 1468 года. Адзін з самых вядомых старабеларускіх рукапісных твораў XV ст. Адна з базавых крыніц Статута ВКЛ 1529 года.
Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. У XIX ст. быў падзелены гісторыкамі на 28 або 25 артыкулаў. Меў агульнапрынятую, для тагачасных прававых помнікаў, назву «Ліст». Іншая назва — «Судзебнік» (так называліся даведнікі права, якімі карысталіся ў судах пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў). Дату выдання Судзебніка вызначыў протаіерэй Іван Грыгаровіч. Судзебнік зацверджаны Віленскім соймам. У Судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, а таксама змешчаны нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.
У Судзебніку вызначаліся адзіныя для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа, скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўныя віды пакарання паводле Судзебніка — пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.
Невялікі прававы тэксты быў аб’ектам вывучэння навукоўцаў, найперш гісторыкаў — І. М. Даніловіч, І. І. Лапо, С. І. Барысёнак, М. Ф. Уладзімірскі-Буданаў, К. Яблонскіс, М. М. Ясінскі і іншых. Найбольш дэталёвае даследаванне — манаграфія І. П. Старасцінай. Станам на пачатак 2010-х гадоў, Судзебнік не даследаваўся як помнік гісторыі беларускай мовы і тэкст старабеларускай дзелавой пісьменнасці, хоць ім карысталіся як матэрыялам для складання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», «Падручнага гістарычнага слоўніка субстантыўнай лексікі», «Гістарычнай марфалогіі беларускай мовы» і іншых выданняў. Хіба першай, хто разглядаў моўна-стылявыя рысы помніка была Наталля Паляшчук.
Крыніцы
Літаратура
Жураўскі, А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. / А. І. Жураўскі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1967. — 372с. Ковальова, С. Г. Судебник великого князя Казимира Ягайловича 1468 року / С. Г. Ковальова. — Миколаїв: Видавництво ЧДУ, 2009. — 109 с. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 / Падрыхтоўка тэкстаў да друку і навуковы апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. — Мінск: АТНNAEUM. — 312 с.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі / Беларус. Сав. Энцыкл.; рэдкал. І. П. Шамякін [гал. рэд.] і інш. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 573 с. Паляшчук Н. В. «Судзебнік Казіміра» (1468) як помнік старабеларускай дзелавой пісьменнасці // Словаўтварэнне і іншыя ўзроўні беларускай літаратурнай мовы, матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 24-25 лістапада 2014 г.) / І. У. Кандраценя, І. У. Ялынцава, В. М. Нікалаева (навуковы рэдактар). — Мінск : Права і эканоміка, 2014. — С. 167—173.
Спасылкі
Катэгорыя:Гісторыя права Катэгорыя:Крыніцы права ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:З’явіліся ў 1468 годзе