68-ы Гродзенскі ўмацаваны раён, скарочана ГУР або ГрУР — у ваколіцах Гродна, які будаваўся з лета 1940 да лета 1941 года, паводле плану прыкрыцця новай дзяржаўнай мяжы СССР (1939).
Гродзенскі УР павінен быў трывала прыкрыць раён Гродна з боку Усходняй Прусіі, забяспечваючы абарону сумесна з палявымі войскамі напрамкаў Гродна — Ваўкавыск і Гродна — Беласток.
На чэрвень 1941 года ўмацаваны раён быў недабудаваным, недаўзброеным і недакамплектаваным асабовым саставам. Гэта, сукупна з няўдалым размяшчэннем УР адносна дзяржаўнай мяжы, прывяло да таго, што меркаваных функцый па абароне ГУР не выканаў.
Будаўніцтва Будаўніцтва 68‑га Гродзенскага ўмацаванага раёна (УР) пачалося летам 1940 года паводле Дырэктывы наркама абароны СССР ад 26 чэрвеня 1940 г.
Генеральны план работ прадугледжваў збудаванне 1-й лініі ўмацаванняў у 1940—1941 гадах, 2-й лініі — у перыяд 1945 года. Мусіў займаць фронт 80 км, ад Нёмана на ўсход ад Сапоцкіна і да Ганёндза, з глыбінёй абароны 5—6 км, і складацца з 606 , аб’яднаных у 3 вузлы абароны (#1 Сапоцкінскі (р-н Галавенчыцы-Маркаўцы), #2 Багатыры-Ліпск, #3 Старая Каменная-Трырэчкі) і 2 асобныя апорныя пункты. Паводле планаў — самы моцны з 4 УР Заходняй Асобай Ваеннай Акругі. Аперацыйнае падначаленне: штаб 3А (Гродна).
Для падрыхтоўчых прац у 1940—1941 годзе шырока мабілізоўвалі мясцовае насельніцтва Аўгустоўскага, Гродзенскага, Дамброўскага, Кнышынскага, Скідзельскага, Саколкаўскага і Сапоцкінскага раёнаў.
Фактычна на пачатак вайны на Усходнім фронце (22.6.1941) ГУР складаўся з 37 узброеных дотаў (з 98 збудаваных у 1940), узбраенне дотаў ГУР складалі: 300 кулямётаў, 80 артсістэм 45 мм і 20 артсістэм 76 мм. Гарнізон ГУР складалі 9 (кап. Жыла) і 10 (кап. Лупаў) асобныя кулямётна-артылерыйскія батальёны (рус. ОПАБ) і 232 асобная рота сувязі Камендант ГУР: палкоўнік Іваноў.
Баявыя дзеянні Нямецкае ўварванне пачалося на досвітку 22 чэрвеня з 15‑хвіліннага артылерыйскага налёту на разведаныя цэлі. Пад прыкрыццём агню штурмавыя групы праціўніка, не сустрэўшы супраціву, пераадолелі паласу перадполля з тым, каб захапіць доты УРа. Наступленне вялі войскі са складу 9‑й палявой арміі — 161‑я, 28‑я, 8‑я, 256‑я, 162‑я, 129‑я пяхотныя дывізіі вермахта.
На правым флангу УРа 9‑ы АКАБ заняў свае агнявыя пункты ў ноч з 21 на 22 чэрвеня, за некалькі гадзін да ўварвання. Пяхотныя дывізіі немцаў (161‑я і 28‑я), не маючы з-за лясістай мясцовасці патрэбных умоў назірання, перайшлі мяжу без артылерыйскай падрыхтоўкі. Варожыя войскі атрымалі тут арганізаваны адпор, асабліва там, дзе трымалі абарону 213‑ы стралковы полк і першая рота 9‑га АКАБа. Гэта дапамагло спыніць праціўніка па паўночным беразе Аўгустоўскага канала. Тут 213‑ы стралковы полк 56‑й стралковай дывізіі заняў рубеж абароны ў сваіх межах, пакінуўшы адкрытымі ўчасткі суседзяў. У выніку перадавыя часці 49‑га палка 28‑й пяхотнай дывізіі немцаў раніцай 22 чэрвеня ўварваліся з паўднёвага захаду ў пас. Сапоцкін. Сёмы полк гэтай дывізіі наткнуўся на супраціў першага батальёна 59‑га стралковага палка 85‑й стралковай дывізіі, які заняў недабудаваны апорны пункт умацаванага раёна каля вёсак Маркаўцы — Доргунь.
Паласа абароны 9‑га АКАБа праходзіла ад в. Сонічы да в. Новікі: першая рота займала доты па паўднёвым беразе канала (апорны пункт 2), налева ад в. Навасёлкі знаходзілася трэцяя, на левым флангу ў в. Новікі — вучэбная рота. Другая рота размяшчалася на адлегласці 50 км, на ўчастку, які нанава будаваўся.
Курсанты вучэбнай роты лейтэнанта Т. І. Кабылкіна занялі свае агнявыя пункты прыкладна за 2 гадзіны да пачатку ўварвання і былі ўпэўнены, што гэта чарговая вучэбная трывога. Згодна з баявым раскладам гарнізоны занялі доты №№ 38, 39, 54, 55, 56, 59 і 99.
Пасля поўдня 28‑я пяхотная дывізія вермахта прарвала абарону Гродзенскага ўмацаванага раёна ў паласе ад в. Сонічы да в. Маркаўцы і, абышоўшы Сапоцкін з поўдня і поўначы, пачала прасоўвацца ў бок Гродна. Камендант УРа палкоўнік М. П. Іваноў да 14 гадзін падтрымліваў сувязь з батальёнамі, затым сувязь была перапынена і аднавіць яе не ўдалося. У ноч на 23 чэрвеня камандзір 9‑га кулямётнага батальёна капітан П. В. Жыла з часткай сваіх людзей з боем прабіўся на злучэнне з палком, але некаторыя абкружаныя немцамі доты на сапоцкінскіх вышынях яшчэ змагаліся: гарнізон дота пад камандай старшага лейтэнанта В. Р. Мачуліна пратрымаўся да 27 чэрвеня.
Галоўны ўдар праціўнік нанёс узмоцненымі 8‑й і 256‑й пяхотнымі дывізіямі па цэнтры Гродзенскага УРа праз забалочаную пойму р. Валкушанка. У першым эшалоне наступала двума палкамі 8‑я пяхотная дывізія немцаў. Яе 38‑ы пяхотны полк ужо да 6 гадзін выйшаў да в. Галынка, дзе адкінуў падраздзяленні 127‑га будаўнічага батальёна, які заняў абарону, а да 12 гадзін выйшаў у раён в. Канюхі. Да 12 гадзін 28‑ы пяхотны полк вермахта вёў баі па знішчэнні дотаў апорнага пункта ў раёне вёсак Старажынцы (цяпер вёска ў Польшчы) і Багатыры-Лясныя, занятага 2‑й кулямётнай ротай 10‑га АКАБа і 1‑м батальёнам 103‑га стралковага палка 85‑й стралковай дывізіі.
Праз забалочаную пойму Валкушанкі 256‑я пяхотная дывізія немцаў наступала прама на доты, да якіх было ўсяго 700–800 м. Тут сур’ёзнага супраціву праціўніку аказана не было. Некаторыя доты, занятыя 1‑й і 2‑й кулямётнымі ротамі 10‑га АКАБа ў раёне в. Жабіцкія, спрабавалі весці агонь, але былі хутка задушаны нямецкімі штурмавымі групамі.
Рэшткі рот і 142‑і будаўнічы батальён пачалі неарганізаваны адыход да Гродна. Іх праследаваў 456‑ы пяхотны полк праціўніка, што выйшаў да дарогі Аўгустоў — Гродна ў раёне в. Ракавічы; 481‑ы пяхотны полк 256‑й пяхотнай дывізіі праціўніка, які наступаў у цэнтры, у хуткай сутычцы ў в. Скеблева адкінуў у бок г. Ліпск 3‑і батальён 37‑га стралковага палка 56‑й стралковай дывізіі, выйшаў да вёсак Кур’янка і Сялко, а затым павярнуў на поўдзень і ўжо ў 13 гадзін захапіў в. Новы Двор. На поўдні ён сутыкнуўся з часцямі савецкай 33‑й танкавай дывізіі, што перайшлі ў наступленне, і вёў з імі бой да цемры. Правафланговы 476‑ы пяхотны полк у 11 гадзін заняў з баямі Ліпск, а позна ўвечары — н. п. Дамброва.
Распачатыя ў 12 гадзін 23 чэрвеня камандаваннем 3‑й арміі спробы ліквідаваць варожы прарыў контрударамі 11‑га механізаванага корпуса былі адбіты з вялікімі стратамі.
Адсутнасць перадполля, аддаленасць дыслакацыі палявых войскаў, некамплект ураўскіх часцей і хуткае наступленне войскаў праціўніка прывялі да таго, што значная частка пабудаваных дотаў засталася пустой. Тыя ж, якія савецкія салдаты паспелі заняць, немцы абышлі, блакіравалі і, нягледзячы на гераічны супраціў абаронцаў, паступова знішчылі. Па ўспамінах удзельнікаў баёў, гарнізоны некаторых дотаў змагаліся да 27 чэрвеня.
Пакуль часці ўмацаванага раёна вялі баі на граніцы, Упраўленне УРа, выслаўшы на граніцу трох афіцэраў для сувязі, 22 чэрвеня ў 12 гадзін дня выехала ў тыл. Пасля выхаду да савецкіх войскаў УНБ‑71 было перайменавана ва Упраўленне ваенна-палявога будаўніцтва № 5 і займалася ўзвядзеннем абарончых збудаванняў пад Магілёвам і Вязьмай.
Упраўленне 68‑га ўмацаванага раёна было расфарміравана ў верасні 1941 г.
Заўвагі
Літаратура С. А. Пивоварчик. Изучение 68-го Гродненского УРа. — Гродна, 2004.
Спасылкі
Катэгорыя:Умацаваныя раёны СССР Катэгорыя:Абарончыя збудаванні Гродзенскай вобласці