«Го́лас белару́са» — штотыднёвая сялянска-работніцкая газета, грамадска-палітычны, навуковы і літаратурны орган беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі. Выдавалася ў 1925—1930 гадах у Рызе на беларускай мове. Рэдактарам-выдаўцом з'яўляўся вядомы беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Кастусь Езавітаў. З’яўлялася першай беларускамоўнай газетай у латвійскай дзяржаве і адыграла значную ролю ў кансалідацыі мясцовай дыяспары.
Гісторыя і фінансаванне Газета была арганізавана ў 1921 годзе ў культурна-асветным таварыстве «Бацькаўшчына», аднак яе рэгулярнае выданне пачалося толькі ў 1925 годзе, непасрэдна напярэдадні парламенцкіх выбараў у Сойм Латвіі II склікання.
Галоўнай праблемай рэдакцыі быў хранічны недахоп грашовых сродкаў. Для падтрымкі выдання Кастусь Езавітаў актыўна шукаў фінансаванне за мяжой. Грашовую дапамогу газеце аказвалі эмігранты з ЗША, у прыватнасці, чыкагскія беларусы Язэп Варонка і Янка Чарапук.
Акрамя таго, «Голас беларуса» ўскосна атрымліваў фінансавую падтрымку з боку Савецкай Беларусі. Улады ў Мінску бачылі ў Езавітаве ўплывовага лідара і спадзяваліся выкарыстаць яго выданне ў супрацьстаянні з больш «кансерватыўнымі» беларускімі дзеячамі Латвіі, такімі як Уладзімір Пігулеўскі, Сяргей Сахараў, Мікалай Дзямідаў. Савецкія грошы перадаваліся праз лінію дыпламатычнага прадстаўніцтва СССР у Рызе.
Палітычная дзейнасць Выданне ставіла за мэту абараняць інтарэсы беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігенцыі. «Голас беларуса» быў галоўным палітычным рупарам Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў. На старонках газеты актыўна вялася перадвыбарчая агітацыя сярод беларускага насельніцтва Латгаліі і Земгаліі. У 1925 годзе выданне апублікавала праграму і заклікі галасаваць за аб'яднаны беларускі спіс (№ 30 у Латгаліі і № 19 у Земгаліі).
Газета выкарыстоўвала даволі радыкальную рыторыку левага ўхілу. У артыкулах рэгулярна звярталася ўвага на гаротнае эканамічнае становішча сялян і рабочых, рост беспрацоўя, празмерны бюракратызм улады. Асобна асвятляўся ўціск нацыянальных меншасцей: закрыццё школ, дыскрымінацыя ў дзяржаўных установах і палітыка штучнай латышызацыі. Газета пераконвала сваіх чытачоў, што краінай кіруе буржуазія, якая не разумее патрэб працоўных, і заклікала не аддаваць свае галасы за прадстаўнікоў польскіх, рускіх ці латышскіх правых партый.
Культурна-асветніцкая і навуковая праца Акрамя палітыкі, «Голас беларуса» адыграў вялікую ролю ў развіцці літаратурнага і навуковага жыцця дыяспары. Выданне ставіла на мэце абуджаць нацыянальную свядомасць беларусаў у Латвіі і развіваць іх культурную самабытнасць. На старонках змяшчаліся матэрыялы пра стварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта ў Латвіі, арышты беларускіх грамадскіх дзеячаў і дэпутатаў сейма ў Польшчы, а таксама інфармацыя пра стан асветы і жыццё беларусаў у Літве, Чэхаславакіі, Сібіры і Савецкай Беларусі. Рэгулярна перадрукоўваліся матэрыялы з савецкіх газет «Савецкая Беларусь» і «Беларуская вёска». Сярод важных публікацый была справаздача К. Езавітава пра Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (Мінск, 1926).
Газета стала першай пляцоўкай для многіх маладых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з Латгаліі. 10 ліпеня 1925 года ў чацвёртым нумары газеты быў апублікаваны патрыятычны верш маладой паэтэсы Валянціны Казлоўскай (пад псеўданімам Лясная Кветка), прысвечаны Янку Купалу. 19 студзеня 1927 года на старонках газеты адбыўся літаратурны дэбют іншай вядомай паэтэсы — Веры Вайцюлевіч (вядомай пад псеўданімам Вера Гаротная). Таксама друкаваліся вершы Віктара Вальтара, Пятра Сакола і пераклады на беларускую мову твораў латышскага паэта Яніса Райніса.
У газеце рэгулярна з'яўляліся матэрыялы па гісторыі, мовазнаўстве і краязнаўстве. У прыватнасці, друкаваліся артыкулы гісторыка Баляслава Брэжгі (напрыклад, «Карта Полацкага ваяводства 1579—1588 гг.» у 1926 годзе). У 1926 годзе рэдакцыя выдала заклік да інтэлігенцыі збіраць узоры беларускай вуснай народнай творчасці. У выніку на старонках «Голаса беларуса» пачалі друкавацца ўнікальныя этнаграфічныя матэрыялы (казкі, песні, прыказкі), запісаныя настаўнікамі і навучэнцамі беларускіх школ у розных кутках Латгаліі. Гэтая ініцыятыва пазней легла ў аснову стварэння Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ).
Газета таксама актыўна асвятляла навіны школьнага і тэатральнага жыцця, публікавала хроніку дзейнасці Дзвінскай беларускай гімназіі і паведамляла пра тэатральныя пастаноўкі ў Рызе і правінцыі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Газеты Латвіі на беларускай мове Катэгорыя:1925 год у Рызе