Палане́чка (, ) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вольнаўскага сельсавета.

Геаграфія Размешчана за 35 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы на лініі Баранавічы — Мінск, на рацэ Змейцы (прыток Ушы), з Баранавічамі злучана аўтадарогай.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню Паланечка згадваецца ў XVI стагоддзі як мястэчка ў Новагародскім павеце, уладанне Рудамінаў-Дусяцкіх. Пазней мясцовасць перайшла да Радзівілаў, за якімі ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў тут збудавалі цагляны палац, у якім размяшчаліся вялікія бібліятэка, архіў, творы мастацтва і калекцыя манет. Першым яго гаспадаром быў князь Мацей Радзівіл, павенчаны з Альжбетай Хадкевіч.

У 1751 годзе ў мястэчку ўзведзены драўляны касцёл Святога Юрыя. У 1777 годзе мястэчка наведаў рускі пісьменнік Дзяніс Фанвізін на шляху з Масквы ў Францыю. Ён пакінуў запісы аб мястэчку і яго ваколіцах.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Паланечка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у складзе Навагрудскага павета. У 1819 годзе тут пабудаваны вадзяны млын. thumb|злева|Напалеон Орда, Палац Радзівілаў

Паводле інвентару 1844 года ў мястэчку было 58 двароў з поўнымі надзеламі і 32 двары з прысядзібнымі дзялянкамі. У местачкоўцаў было каля 50 кароў, 26 коней. Гаспадар Паланечкі князь Канстанцін Радзівіл вызначаўся прагрэсіўнымі поглядамі, падтрымліваў сувязі і сустракаўся з патрыятычнымі дзеячамі Расіі, Польшчы і Беларусі. У 1845 пад яго апякунствам тут знаходзілася рэдакцыя часопісу «Народ і час», які выдаваў Я. Філіповіч (выйшаў толькі 1 нумар). К. Радзівіла ў Паланечцы наведаў паэт Уладзіслаў Сыракомля. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) у ваколіцах мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы.

У сярэдзіне 1880-х гадоў пад назвай Паланечка існавалі 3 населеныя пункты: мястэчка — 62 двары, касцёл, капліца, земскае народнае вучылішча, вадзяны млын, крама; вёска (9 двароў) і маёнтак.

Найноўшы час У 1909 годзе сяло ў Жухавіцкай воласці Навагрудскага павета.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Паланечка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час існавалі мястэчка (99 двароў) і фальварак.

У 1939 годзе Паланечка ўвайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 7 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінуў 71 аднасяльчанін.

З 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне.

У 1940—1960 гадах цэнтр Паланечкаўскага сельсаветаРашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 14 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.. Да 1962 года вёска ўваходзіла ў склад Вольнаўскага сельсаветаРашэнні выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 студзеня і 22 сакавіка 1962 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 19 (978)., да 21 ліпеня 1986 года — у склад Савіцкага сельсаветаРашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 21 ліпеня 1986 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1986, № 30 (1872)..

Да 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Паланечкаўскага сельсавета.

Інфраструктура Працуюць выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, рамонтныя сельскагаспадарчыя майстэрні, ветэрынарны ўчастак, сярэдняя школа, клуб, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, бібліятэка, магазін.

Насельніцтва 1886 год — 62 двары, 454 жыхары, у маёнтку і вёсцы — 9 двароў. 1901 год — 459 жыхароў, у маёнтку — 29 жыхароў. 1909 год — 90 двароў, 488 жыхароў, у маёнтку — 29 жыхароў. 1921 год — 99 дамоў, 523 жыхары, у фальварку — 9 дамоў, 77 жыхароў. 1959 год — 404 жыхароў. 1970 год — 1071 жыхар. 1998 год — 291 двор, 662 жыхары. 2005 год — 612 жыхароў, 264 гаспадаркі. 2019 год — 331 жыхар.

Славутасці

Палац Радзівілаў (першая палова XIX стагоддзя) — Юр’еўскі касцёл са званіцай (1751, 1827, 1897) — Капліца каля касцёла (пачатак XX стагоддзя) Плябанія (пачатак XX стагоддзя) Вадзяны млын (1819) Праваслаўная капліца на могілках (пачатак XX стагоддзя) Брацкая магіла савецкіх воінаў Помнік землякам.

Страчаныя Адзіны ў раёне турбінны млын (1819). У 1970-я гады па загадзе старшыні калгаса з яго знялі ацынкаваную бляху, пасля чаго помнік прамысловай архітэктуры раскалоўся на дзве паловы і абрынуўся ў ракуСтарыя вёскі і мястэчкі Баранавіцкага края.

Вядомыя асобы Веслаў Дымны (1936—1978) — польскі акцёр, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык і пісьменнік. Мікалай Мікалаевіч Папок (нар. 1953) — беларускі спецыяліст у галіне тэхналогіі машынабудавання. Канстанцін Радзівіл (1793—1869) — навагрудскі павятовы маршалак (1832—1834). Мікалай Людвігавіч Светлік (1904—1972) — Герой Сацыялістычнай Працы. Іван Віктаравіч Шут (нар. 1932) — вучоны ў галіне прыладабудавання.

Крыніцы

Літаратура

''Нацыянальны архіў РБ, ф.4, воп. 5, спр. 21204 ф. 30, воп. 5, спр.28, 6753, 67604 воп. 9, спр. 2378, 6753. Расійскі дзяржаўны гісторычны архіў, ф.1290, воп.11, спр. 1320—1322. Волости и важнейшее селения Европейской России. Вып. 5 СПб., 1886. Указатель населенным местностям Гродненской губернии… Гродно, 1905. Список населенных мест Минской губернии. Мн., 1909. Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1-4. Мн., 1959-79. Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии: 1941—1944. Мн., 1965. Навечно в сердце народном. 3 изд. Мн. 1984. Административно-территориальное устройство БССР. Т. 1-2. -- Мн., 1985-87. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобл. Мн., 1990.

Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны: Энцыкл.дав. Мн., 2004.

Спасылкі

гісторыя

Катэгорыя:Вольнаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Баранавіцкага раёна

Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Мястэчкі Новагародскага ваяводства