Курдская мова (كوردی, Kurdî, Köpди) — мова курдаў, адна з прадстаўніц паўночна-заходняй падгрупы іранскіх моў у складзе індаеўрапейскай моўнай сям’і. Распаўсюджаная ў рэгіёне, неафіцыйна званым Курдыстан.
Фактычна ўяўляе сабой некалькі моў (традыцыйна званых дыялектамі): курманджы (паўночнакурдская), сарані (цэнтральнакурдская), лакі, зазакі, гарані (два апошнія дыялекты, падобныя адзін да аднаго, істотна адрозніваюцца ад папярэдніх). Адрозненні ў фанетыцы і каранёвым складзе паміж імі нязначныя, аднак маюцца значныя адрозненні ў марфалогіі, таму паразуменне паміж носьбітамі названых дыялектаў амаль цалкам згублена. Гэта звязана з марфалагічнай перабудовай, якой падвергнулася ў Сярэднявеччы большасць іранскіх моў.
У цяперашні час пад «курдскай мовай» часцей за ўсё разумеюць тры дыялекты:
курманджы, або паўночнакурдская (Турцыя, Сірыя, Ірак, Іран, краіны постсавецкай прасторы, ЕС); сарані, або цэнтральнакурдская (усходні Ірак, Іран); пехлевані, або паўднёвакурдская (паўднёва-ўсходні Ірак, заходні Іран).
На дыялекце макрыяні, адным з варыянтаў сарані, размаўляюць у Піраншахры і Біджары. Мову лакі часта разглядаюць як разнавіднасць паўднёвакурдскай. Носьбіты моў зазакі (таксама вядомай як дымілі) і гарані ідэнтыфікуюць сябе як курды, але лінгвістамі гэтыя мовы часцей разглядаюцца як роднасныя курдскай.
Катэгорыя:Курдскія мовы Катэгорыя:Мовы Арменіі Катэгорыя:Мовы Ірака Катэгорыя:Мовы Ірана Катэгорыя:Мовы Сірыі Катэгорыя:Мовы Турцыі