Віто́льд Каэта́навіч Бялы́ніцкі-Біру́ля (, фальварак Крынкі, цяпер , Магілёўская вобласць — , ) — беларускі жывапісец-пейзажыст.
Член Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (з 1904), акадэмік жывапісу (1908) Расійскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў, член Саюза рускіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (з 1922). Народны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947), ганаровы акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР (1947), правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР (1947)БЯЛЫНИЦКИЙ-БИРУЛЯ Витольд Каэтанович // Большой Энциклопедический словарь. 2000. .
Развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX ст.Биография в энциклопедии русской живописи і стаў найбуйнейшым беларускім пейзажыстам, які вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікіХарэўскі, С.В. Сто твораў XX стагоддзя. — Вільня, 2011. — С. 26..
Біяграфія Дзяцінства і пачатковая адукацыя
Належаў да шляхецкага роду Бялыніцкіх-Біруляў, прадстаўнікі якога ў часы Вялікага Княства Літоўскага з XVI ст. мелі зямельныя валоданні каля Віцебска і ОршыХарэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя. — Вільня, 2011. — С. 26..
Вітольд Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся 31 студзеня (12 лютага) 1872 г. у фальварку Крынкі Магілёўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай Імперыі ў дваранскай каталіцкай сям’і дробнага арандатара. Маёнтак Крынкі знаходзіўся ў трох км на поўнач ад вёскі Цяхцін ў 20 км ад Бялынічаў. Дзяцінства прайшло на Віцебшчыне. Сям’я часта мяняла месца жыхарства. Бацька служыў у дняпроўскім параходстве і часта браў сына ў плаванне па Дняпры, Прыпяці і Сажу.
Некаторы час мастак жыў у Кіеве ў старэйшага брата Аляксандра. Вучыўся спачатку ў , затым перайшоў у Кіеўскую малявальную школу (1885—1889), пазней з’ехаў у Маскву і паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства на курс да выкладчыкаў С. А. Каровіна, В. Д. Паленава, І. М. Пранішнікава. У Маскве мастак пазнаёміўся з І. І. Левітанам, працаваў у яго майстэрні. Пад уплывам педагогаў захапіўся пейзажам.
Яшчэ ў перыяд навучання, у 1890-я гг., творы В. Бялыніцкага-Бірулі выклікалі сур’ёзную зацікаўленасць у аматараў прыгожага мастацтва. У 1892 годзе П. М. Траццякоў набывае для сваёй галерэі палатно «З ваколіцы Пяцігорска».
Аб сваёй этнічнай прыналежнасці Вітольд Бялыніцкі-Біруля падчас вучобы ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу пісаў: «Я — беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц»Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. — Вільня, 2007. — С. 163..
Першыя поспехі Творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў мастаку ў выставачнай справе. З 1897 года Бялыніцкі-Біруля дэманструе свае карціны на выстаўках Маскоўскага аб'яднання аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў, на Міжнародных выстаўках і конкурсах. З 1899 года імя мастака з'яўляецца ў каталогах перасоўных выставак. Пейзаж «Вечныя снягі», які экспанаваўся на Каўказскай юбілейнай выстаўцы ў 1901 годзе, адзначаецца залатым медалём. У 1904 годзе Бялыніцкага-Бірулю абіраюць членам , а праз чатыры гады ён уганараваны званнем акадэміка жывапісу. З'яўляецца таксама членам і . У 1911 годзе карціна «Час цішыні» атрымала два медалі: ганаровы — у Мюнхене, бронзавы — у Барселоне.
У тым жа годзе ім створана карціна «Зімовы сон» — адно з лепшых палотнаў В. К. Бялыніцкага-Бірулі. За гэту карціну мастак таксама быў узнагароджаны бронзавым медалём на Міжнароднай выстаўцы ў Барселоне. У карціне выкарыстаны мінімум сродкаў выказвання. Толькі некалькі плоскасцей і невялікая колькасць ліній складаюць яе кампазіцыю. У цэнтры карціны месціцца храм, абрысы якога выступаюць на фоне неба. Мазок ледзь прыкметны. Усе быццам ахутана смугой згусцелага змяркання. Нягледзячы на лаканізм выразных сродкаў, карціна эмацыйна насычаная, што дасягаецца майстэрскай распрацоўкай адценняў каляровых суадносін.
Дача «Чайка» У 1912 годзе мастак набыў участак зямлі ў Цвярской губерні на беразе возера Удомля, недалёка ад месцаў, дзе часта працаваў І. І. Левітан, і пабудаваў тут дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў . З «Чайкай» звязана вялікая частка творчага і асабістага жыцця майстра. Возера Удомля і яго наваколлі сталі невычэрпнай крыніцай матываў для яго далейшай творчасці.
У 1917 годзе Бялыніцкі-Біруля арганізаваў мастацкую школу для сялянскіх дзяцей.
У жывапісе працягвае развіваць традыцыі «рускага імпрэсіянізму», падобна І. Э. Грабару, і .
Падарожжы У 1922 годзе Бялыніцкі-Біруля становіцца адным з арганізатараў і членам . У савецкі час ён працягвае развіваць традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX стагоддзя, становіцца адным са стваральнікаў жанру мемарыяльнага пейзажу. У 1920-я і 1930-я гады мастак шмат падарожнічае па краіне. Яго цікавяць першыя доследы рэканструкцыі сельскай гаспадаркі ў саўгасе «Гігант» і камуне «Сейбіт», будаўніцтва «Азоўсталі», пераўтварэнне Поўначы. У 1933, 1935 і 1937 гадах ён пабываў у Запаляр’і на Кольскім паўвостраве, чаму прысвечаны некалькі серый пейзажаўНауч.-изд. совет: Евдокимов Ю. А. (пред. НИС) [и др.]. Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Кольская энциклопедия. — Санкт-Петербург: ООО «Сказ», 2008. — Т. I. — С. 369. — 593 с. — 5000 экз. — ISBN 978-5-9637-0023-5. Пісаў Баранцава і Белае мора, раку Карціна «Пачатак палярнай зімы. Рака Териберка ў Баранцава мора. Эцюд». 1935—1937 , горы Хібіны, возера Вуд’яр.
У 1936 годзе мастак наведвае пушкінскія месцы — і — і прывозіць адтуль цэлую серыю карцін. Пабываўшы ў ў Клін, ён выстаўляе новыя пейзажы — куткі прыроды, якія любіў класік рускай музыкі. Піша таксама серыі пейзажаў , Горы і Яснай Паляны.
Вялікая Айчынная вайна і пасляваенныя гады Тэма Вялікай Айчыннай вайны адзначана ў творчасці мастака карцінамі «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў» (1942).
У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старарускага драўлянага дойлідства XVI—XVII стст. У 1944 годзе прымаў удзел у арганізацыі мастацкай выстаўкі, прысвечанай 25-годдзю БССР, у Маскве. Падчас выставы з ім пазнаёміўся мастак Антон Бархаткоў, які таксама ўдзельнічаў у арганізацыі выстаўкі.
У 1947 годзе яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў у 1944 годзе), абралі правадзейным членам . З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў на Белай дачы ў наваколлі Мінска разам з мастаком Антонам Бархатковым. Тут Вітольд Бялыніцкі-Біруля напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія сталі асновай цыклу карцін, прысвечаных Беларусі: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені». Менавіта падчас працы ў Курасоўшчыне быў знойдзены матыў для карціны «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна». У 1947 годзе падарожнічаў па Беларусі.
Пра сваё стаўленне да Беларусі В. Бялыніцкі-Біруля пісаў:
Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосць, навучыўся яе разумець.
Памёр мастак на сваёй дачы «Чайка» 18 чэрвеня 1957 года ва ўзросце 85 гадоў. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
Творчасць Развіваў традыцыю лірычнага пейзажа канца XIX ст. Палотны В. Бялыніцкага-Бірулі прасякнутыя эмацыйнасцю, неабходнай мерай абагульнення, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Мастак карыстаецца ўдалым спалучэннем мяккага серабрыста-бэзавага і зеленаватага колераў. Для яго твораў характэрны тонкае адчуванне колеру, своеасаблівае лірычнае гучанне.
Пейзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары года. Карціны і шматлікія эцюды вылучаюцца асаблівай тонкасцю, мяккасцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрымання і перадачы жывой прыроды.
Творчасць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасць у выбітнага прадстаўніка расійскага рэалізму Іллі Рэпіна:
На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасці і свабоды. І… я заўсёды з новым і большым задавальненнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі снегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы.
Творчая спадчына
У Беларусі знаходзяцца 444 палатны В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Найбольшую калекцыю твораў мастака можна бачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь), таксама палотны знаходзяцца ў Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, Бялыніцкім мастацкім музеі, Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава.
Шмат твораў захоўваецца ў Маскве (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, прыватныя зборы), у музеях Кастрамы, Ніжняга Ноўгарада, , Варонежа, Томска, Чалябінска, Стаўрапаля, Адэсы, Дніпра, Кіева, Кыргызстана.
Узнагароды і памяць
Народны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР (1947).
Імем В. Бялыніцкага-Бірулі названы Бялыніцкі мастацкі музей. У Магілёве адкрыты Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, філіял Нацыянальнага мастацкага музея, дзе шырока прадстаўлена творчая спадчына мастака.
У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.
Ніна Мацяш напісала тэлесцэнарый пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» (пастаўлены ў 1978 г.). Віктар Карамазаў стварыў аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі» (1991), прысвечаную мастаку. Паводле аповесці быў зняты фільм «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (рэж. Валерый Басаў, «Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі») (1992)). Майсей Бераў зняў пра В. Бялыніцкага-Бірулю дакументальны фільм «Гадзіна цішыні».
У Бялыніцкім раёне пастаянна праводзяцца пленэры з удзелам мастакоў з Мінска, Магілёва, Бялынічаў, Масквы, Кастрамы, пасля чаго значна папаўняюцца фонды мастацкіх музеяў.
На месцы былога фальварка Крынкі, дзе нарадзіўся мастак, усталяваны мемарыяльны знак. У Магілёве ля музея імя Бялыніцкага-Бірулі ўсталяваны бюст мастака.
У філатэліі
Літаратура Аляксей Харак. Вітольд Бялыніцкі-Біруля // Роднае слова. — Мн: 2008. — № 1. — С. 105. — ISBN 0234-1360.
Национальная Академия наук Беларуси: персональный состав. — Мн., 2004. — С. 312—313. Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі / С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2007. — 240 с. Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1.
Спасылкі
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Творы В. Бялыніцкага-Бірулі К 140-летию В. К. Бялыницкого-Бирули (1872—1957). Виртуальная выставка
Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Выяўленчае мастацтва ў філатэліі Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі-пейзажысты Беларусі Катэгорыя:Народныя мастакі РСФСР Катэгорыя:Мастакі Расіі Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Правадзейныя члены Акадэміі мастацтваў СССР Катэгорыя:Народныя мастакі Беларускай ССР
Вітольд Каэтанавіч Катэгорыя:Ганаровыя члены Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі