Беларускі Незалежны прафсаюз (Беларускі Незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, БНП) — беларускі прафесійны саюз. Дэмакратычны прафсаюз, заснаваны 6 кастрычніка 1991 года як Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі (НПГБ). 3 чэрвеня 1993 года на пазачарговым з’ездзе ў г. Салігорску НПГБ быў перайменаваны ў Беларускі Незалежны прафсаюз. Старшынёй прафсаюза з 20 красавіка 2019 года з’яўляецца Пазнякоў Максім Міхайлавіч.

Найбольш буйныя суполкі — на прадпрыемствах нафтахіміі: ААТ «Беларуськалій» (Салігорск), ААТ «Нафтан» (Наваполацк), ААТ «Гродна Азот» (Гродна), ААТ «Белшына» (Бабруйск). Кіруючы орган — З’езд, які збіраецца раз на чатыры гады. Паміж з’ездамі прафсаюзам кіруе Рада прадстаўнікоў, выканаўчым органам прафсаюза з’яўляецца Выканаўчае бюро, якое складаецца з старшыні, віцэ-старшынь і сакратара-скарбніка прафсаюза.

Мэты прафсаюза Асноўнай мэтай БНП з’яўляецца выяўленне, выраз, рэалізацыя і абарона правоў і прафесійных інтарэсаў работнікаў. Прадстаўляць і адстойваць інтарэсы работнікаў:

— Членаў БНП у органах дзяржаўнай улады і органах кіравання, таксама ў судах;

— Распрацоўваць і заключаць тарыфныя пагадненні на розных узроўнях па пытаннях паляпшэння ўмоваў працы і жыцця работнікаў, занятасці, заработнай платы, працягласці рабочага часу, аховы здароўя і ў далейшым патрабаваць іх выканання.

Асноўныя задачы прафсаюза Годная аплата працы. Забеспячэнне бяспечных і здаровых умоў працы. Садзейнічанне ў стварэнні пенсійных і медыцынскіх страхавых фондаў і ўвядзенне механізмаў дадатковага сацыяльнага страхавання. Абарона правоў работнікаў у пытаннях занятасці, працоўнага часу, адпачынку і сацыяльных гарантый. Рэгуляванне пытанняў працоўнага дагавора. Прававая абарона членаў БНП. Стварэнне і падтрымка: жаночай сеткі, моладзевай арганізацыі і арганізацыі ветэранаў вытворчасці.

Гісторыя

Перадгісторыя стварэння НПГБ Гісторыя незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі цесна звязана з рабочым рухам. За кропку адліку можна з упэўненасцю ўзяць 1989 год, калі прайшлі выступы шахцёраў у Салігорску.

Першая хваля рабочага руху ў Салігорску паднялася ў 1989 годзе, тады там быў створаны клуб «Пошук», а пазней ў 1990 г. і незалежнае аб’яднанне «Рабочы саюз». Затым у горадзе сталі актыўна арганізоўвацца рабочыя камітэты і страйкамы. Рабочыя вылучылі палітычныя і эканамічныя патрабаванні: павышэнне заработнай платы, паляпшэнне ўмоў працы, ліквідацыя палітычнай манаполіі КПСС-КПБ.

У канцы 1980-х гадоў працоўны рух фармаваўся ў першую чаргу ў шахцёрскіх рэгіёнах: Данецк ва Украіне; Кузбас, Кемерава, Маскоўская вобласць — у Расіі; Карганда ў Казахстане. У Беларусі такім цэнтрам стаў Салігорск. У гэты час ўтвараецца Незалежны прафсаюз гарнякоў СССР (НПГ СССР), які стаў ля вытокаў працоўнага і незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.

У той час на Вытворчым аб’яднанні «Беларуськалій» быў вельмі нізкім узровень заработнай платы. Работнікі горнай галіны за катаржную працу атрымлівалі на парадак ніжэй, чым работнікі іншых прадпрыемстваў горада. Сярэдні заробак у гэтай галіне па Салігорску знаходзіўся на 6-м месцы. Пры гэтым працоўны дзень шахцёра часцяком ператвараўся ў 11-гадзінны, паколькі не ўлічваўся час, які затрачваецца на спуск у шахту і дастаўку да месца працы і назад. Да таго ж цалкам адсутнічала ўвага кіраўніцтва прадпрыемства да праблем шахцёраў, у тым ліку да самай галоўнай — забеспячэння бяспекі працы. Сярэдняя смяротнасць салігорскіх гарнякоў на вытворчасці складала ў сярэднім 49 гадоў.

Стварэнне НПГБ

Днём нараджэння Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі (НПГБ) умоўна можна назваць 27 сакавіка 1991 года, калі была праведзена Ўстаноўчая канферэнцыя Салігорскай пярвічкі АНПГ СССР. Дэлегатаў на ўстаноўчай канферэнцыі было няшмат, усяго 16 чалавек. Не ўсе структуры прадпрыемства (рудаўпраўлення) былі ўцягнутыя ў працэс стварэння прафсаюзнай арганізацыі. Касцяк яе складалі толькі два рудаўпраўленні (3Ру і 4Ру). Але вельмі хутка ініцыятыву падхапілі рабочыя іншых падраздзяленняў прадпрыемства.

Увосень 6 кастрычніка 1991 года праходзіць Устаноўчы з’езд Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі, на якім прымаецца Статут і абіраюцца прафсаюзныя органы кіравання. Першым старшынёй Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі абіраецца Юргевіч Іван Вацлававіч.

Заснавальнікамі Незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі трэба лічыць усіх сябраў НПГБ, якія першымі ўступілі ў прафсаюз. Але ідэолагамі і распрацоўшчыкамі першага дэмакратычнага прафсаюзу ў Беларусі сталі тры чалавекі: Іван Юргевіч, Васіль Юркін, Аляксандр Доўнар.

Станаўленне прафсаюза У лютым 1992 года адбылася першая канферэнцыя Незалежнага прафсаюза гарнякоў ВА «Беларуськалій». Менавіта на канферэнцыі ўпершыню прафсаюз гарнякоў агучыў ініцыятыву ўступлення ў бестэрміновую працоўную спрэчку з наймальнікам і, у канчатковым выніку, прыняў рашэнне пачаць страйк. Патрабаванні, вылучаныя страйкоўцамі, уключалі павышэнне аплаты працы, сацыяльныя гарантыі, забеспячэнне годных умоваў працы. Забастоўка доўжылася 44 дні. Паралельна шахцёрамі і членамі іх сем’яў была абвешчаная галадоўка шахцёраў, якая працягвалася 18 дзён. Затым прафсаюзам быў арганізаваны пешы паход шахцёраў у Мінск.

Акцыі апынуліся не марнымі. Незалежны прафсаюз атрымаў рэальную перамогу. У краіне ўпершыню было падпісана Тарыфнае пагадненне, у якім было адлюстравана палажэнне аб тым, што мінімальная зарплата павінна адпавядаць мінімальнаму спажывецкаму бюджэту. У красавіку 1992 года часовае пагадненне набыло статус нарматыўнага дакумента. Заработная плата на ВА «Беларуськалій» была павышана ў 3,4 разы.

У 1993 г. была падпісана першая Калектыўная дамова з наймальнікам. На 1 гадзіну быў скарочаны працоўны дзень для шахцёраў. Адпачынак для тых, хто працуе пад зямлёй, быў павялічаны да 66 дзён.

Ад НПГБ да БНП Пачынаючы з гэтага моманту, па ўсёй Беларусі ствараюцца першасныя арганізацыі Незалежнага прафсаюза: Магілёў, Віцебск, Гродна, Мазыр, Бабруйск, Мінск, Руба, Мікашэвічы, Орша, Салігорск — дзясяткі першасных арганізацый. У Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі ўступалі работнікі розных сфераў дзейнасці, ад транспартнікаў да настаўнікаў і медыкаў. Таму ў 1993 годзе, на III пазачарговым З’ездзе НПГБ было прынята рашэнне перайменаваць прафсаюз у Беларускі Незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП).

Акрамя таго, у гэтым жа годзе ствараецца Асацыяцыя прафсаюзаў Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (АП БКДП). Адным з заснавальнікаў гэтага альтэрнатыўнага прафцэнтра стаў Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). У склад БКДП на той момант ўваходзілі Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Прафсаюз педагогаў і Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў (ДПТ), у які ўваходзіў нацыянальны прафсаюз авіядыспетчараў.

На працягу 1990-х актывісты БНП вялі бесперапынную барацьбу па адстойванні інтарэсаў не толькі сваіх членаў, але і ўсіх працоўных краіны, арганізуючы масавыя акцыі пратэсту. Гэта адыграла сваю ролю ў лёсе прафсаюза, асабліва пасля выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 1994 годзе. У прафсаюзе было прынята рашэнне падтрымаць на выбарах лідара Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» Зянона Пазняка. Вялікая колькасць актывістаў увайшла ў ініцыятыўныя групы З. Пазняка або С. Шушкевіча.

Першыя выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 23 чэрвеня і 10 ліпеня 1994 года. Фаварыт БНП Зянон Пазняк заняў трэцяе месца і набраў — 13,1 % галасоў. Перамогу ў другім туры атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

БНП у «няміласці» У жніўні 1995 года пачалася забастоўка гомельскіх кіроўцаў тралейбусаў, якія хутка знайшлі падтрымку ў тралейбусных дэпо сталіцы. 15 жніўня пачалася забастоўка ў тралейбусным дэпо № 1 у Мінску. Асноўным патрабаваннем была выплата заробку, які работнікам затрымлівалі ўжо тры тыдні. 17 жніўня кіроўцаў падтрымалі працаўнікі Мінскага метрапалітэна. На дзвярах Мінскага метрапалітэна з’явіліся таблічкі з паведамленнем, што станцыі зачыненыя па тэхнічных прычынах. У страйку прынялі ўдзел дэмакратычныя прафсаюзы.

19 жніўня ўнутраныя войскі ачапілі штаб-кватэры Свабоднага прафсаюза Беларусі, якія выступалі арганізатарамі страйку. У падтрымку СПБ выступілі ўсе дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі. Сябры НПГ ВА «Беларуськалій» з Салігорску абяцалі, што ў выпадку спробаў расправы з страйкоўцамі «выступяць з акцыямі пратэсту, аж да абвяшчэння папераджальнага страйку». Нягледзячы на гэта, былі арыштаваныя тры прафсаюзныя лідары і звольнена 58 работнікаў сталічнай падземкі. Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў МУС за тое, што з страйкоўцамі метрапалітэну залішне цырымоняцца.

З гэтага моманту ўсе дэмакратычныя прафсаюзы, якія ўваходзілі ў БКДП, сталі разглядацца палітычным рэжымам Беларусі як апазіцыйныя структуры.

У сувязі з пагаршэннем здароўя 18 лютага 1995 года ў адстаўку сыходзіць першы лідар і натхняльнік БНП Іван Вацлававіч Юргевіч. Выконваючым абавязкі старшыні БНП абраны Бабаед Віктар Сяргеевіч, а 29-30 чэрвеня 1995 г. на з’ездзе яго абіраюць старшынёй прафсаюза.

Адносіны прафсаюза з уладамі працягваюць пагаршацца. 17 кастрычніка 1996 г. актывісты БНП вырашылі паўтарыць пешы паход з Салігорску на Мінск, як у 1992 годзе. Асноўныя патрабаванні чыталіся на плакатах, якія трымалі ў руках удзельнікі шэсця: «Пенсіянерам годную і своечасовую пенсію!», «Беспрацоўным — пасобіе на жыццё, а не на выміранне!», «Лекарам і настаўнікам — годны заробак, а не жабрацкае пасобіе!». Аднак кіраўніцтва прафсаюза адразу ж было затрымана пры выхадзе з горада і аштрафавана. Па шляху руху калоны ўдзельнікі затрымліваліся прадстаўнікамі міліцыі розных РАУС. Так, затрыманні адбываліся ў Салігорскім, Слуцкім і Ўздзенскім раёнах. У выніку «руплівай» працы прадстаўнікоў міліцыі да Мінска дайшоў толькі адзін з удзельнікаў калоны.

У Салігорску 4 кастрычніка 1998 г. 600 членаў БНП прайшліся па горадзе, нагадаўшы ўладам аб пачатку 1990-х. Роўна праз месяц, 4 лістапада, на стадыёне «Будаўнік» прафсаюзы сабралі 3000 пратэстуючых. Для 100-тысячнага горада гэта стала самай масавай акцыяй пратэсту.

У гадавіну чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 1997 года, некалькі актывістаў разам з намеснікам старшыні НПГ Аляксандрам Каралёвым арганізуюць велапрабег пад лозунгам: «Не — сацыяльнаму Чарнобылю!».

У лістападзе 1998 г. актывісты НПГ ВА «Беларуськалій» арганізавалі трэці паход на Мінск, у гэты раз — «Паход за шахтёрскай пенсіяй». Па аналогіі з 1996 годам, людзей затрымлівалі супрацоўнікі мясцовых РАУС, у аддзяленнях іх прыніжалі, абшуквалі і распраналі. Калі гарнякі дайшлі да Мінска, усю групу шахцёраў атачыў АМАП і затрымаў паўторна. Праз пэўны адрэзак часу, пасля акцыі, пенсія для забойнай групы была павялічана ў 2 разы.

У чэрвені 1999 г. праходзіць V-ы чарговы з’езд БНП. Старшынёй паўторна абіраецца Віктар Бабаед.

Барацьба за выжыванне

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 верасня 2001 года, зноў паўплывалі на становішча справаў у БНП. У гэты раз актывісты і лідары прафсаюза не так заўзята прымалі ўдзел у перадвыбарчай кампаніі. Прычынай таму стала тое, што на чале ўсіх апазыцыйных сілаў у краіне была вылучана адзіная кандыдатура на пасаду прэзідэнта, дзейны лідар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — Уладзіміра Ганчарыка. Па сутнасці, галоўны канкурэнт БКДП на прафсаюзным полі Беларусі.

У.Ганчарык прайграў выбары А. Лукашэнкі, набраўшы — 15,65 % галасоў. Улады не забыліся пра падтрымку У.Ганчарыка прафсаюзамі. У бліжэйшы час была абмежаваная магчымасць збору прафсаюзных узносаў безнаяўным шляхам. У Снежні 2001 года, Савет Міністраў РБ сваёй Пастановай № 1804 аб мерах па абароне правоў членаў прафсаюзаў распарадзіўся адмяніць сістэму безнаяўнага ўтрымання прафсаюзных унёскаў з заработнай платы. Прафсаюзам давялося збіраць ўнёскі ўручную. Натуральна гэта скараціла лік сродкаў, што паступалі ў бюджэт БНП, а ў выніку скарацілася і колькасць сябраў прафсаюза.