Багамолы, таксама Багамолавыя (Mantodea, Mantoptera) — падатрад насякомых атрада тараканападобных. Некаторыя энтамолагі вылучаюць багамолаў у самастойны атрад.

Апісанне Даўжыня да 11 см. Афарбоўка ахоўная; некаторыя віды імітуюць кветкі, лісце і іншыя часткі раслін. Цела падоўжанае. Галава рухомая трохвугольная, з вялікімі вачыма, над асновай вусікаў размяшчаюцца тры простых вочкі. Ротавыя органы грызучыя. Першы грудны сегмент вузкі, значна даўжэйшы за астатнія, нясе хапальныя канечнасці. Ногі добра развітыя, на пярэдняй пары магутныя шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Крылаў дзве пары; пярэднія вузейшыя, заднія складаюцца веерападобна (часам часткова ці цалкам рэдукаваныя).

Паміж першымі членікамі задніх ног (тазікамі) знаходзяцца ўспрымальныя да ультрагуку органы (так званае цыклапічнае вуха). Брушка з 10 тэргітамі (спіннымі часткамі сегмента); на яго канцы маюцца членістыя прыдаткі — цэркі.

Пашырэнне Выкапнёвыя рэшткі вядомыя з адкладаў ніжняга мелу. Вядома больш за 2800 відаў (2853 віды па стане на люты 2008), вялікая частка якіх уваходзіць у сямейства Mantidae.

Пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца .

Асаблівасці біялогіі Ператварэнне няпоўнае (адсутнічае стадыя кукалкі).

Драпежнікі, кормяцца насякомымі, некаторыя трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Падцікоўваюць здабычу, седзячы з паднятымі пярэднімі нагамі (ад гэтай «малітоўнай» позы і пайшла назва).

Буйнейшая самка падчас капуляцыі нярэдка з’ядае самца. Яйцы адкладваюць на расліны, радзей на камяні і іншыя прадметы, у агульнай застываючай пеністай абалонцы — аатэцы. Звычайна зімуюць.

Літаратура

Спасылкі Апошняя рэвізія найстаражытнейшых багамолаў Калекцыя спасылак па тэме ў Інсекталогу Entomology Info Азначальная табліца багамолаў Еўропы Tree of Life Web Project. 2003. Mantodea. Praying mantids and their relatives Лабараторыя малекулярнай сістэматыкі насякомых — аддзел багамолаў