Тур () — першы вядомы князь тураўскі (зг. 980).
Тураўскі князь Тур, разам з першым вядомым полацкім князем Рагвалодам — стаяць у пачатках дзяржаўнасці Беларусі.
Летапісныя звесткі
Пад 980 годам «Аповесць мінулых часоў» (XII ст.) паведамляе: «…быў Рагвалод прыйшоў з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку, a Тур — у Тураве, па ім і тураўцы празваліся» («…бе бо Рогъволодъ перешелъ изъ заморья, имяше волость свою Полотьске, а Туръ Турове, от него же и туровци прозвашася»).
Ва Усцюжскім летапісным зборы (XVI ст.) Тур названы братам Рагвалода. Іншых летапісных звестак пра Тура няма.
Пытанне гістарычнасці
Пытанне гістарычнасці Тура не вырашана.
Адны навукоўцы (В. М. Тацішчаў, В. В. Ключэўскі, У. З. Завітневіч, М. М. Ціхаміраў) лічаць Тура гістарычнай асобай, бо ён згаданы летапісам побач гістарычнага Рагвалода.
Іншыя (А. А. Шахматаў, М. В. Доўнар-Запольскі, А. С. Грушэўскі, Дз. С. Ліхачоў) — лічаць летапісную згадку этымалагічнай легендай для тлумачэння назвы Турава, а Тура — асобай легендарнай.
На думку Паўла Галубоўскага, Тур — мясцовае язычніцкае бажаство, раўназначнае Ярылу. Аднак, сам культ Ярылы з’явіўся толькі ў XVIII cт., быў лакальным і ніяк не звязаны з Тураўскім рэгіёнам.
На думку Пятра Лысенкі, магчыма, Тур — мянушка мясцовага князя, бо назва горада несумненна ўтворана ад антрапоніма (імя асобы)Лысенка, П. Тур // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мінск, 2001. — С. 539..
Крыніцы
Літаратура Прохоров А. Князь Тур: история легенды. Сакрализация княжеской власти у славян — Минск: БГУ, 2005. -- 252 с. Прохоров А. А. О туровских преданиях // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб. Вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 85-100.
Катэгорыя:Князі тураўскія Катэгорыя:Гісторыя Турава Катэгорыя:Кіраўнікі ўсходніх славян да Рурыкавічаў Катэгорыя:980 Катэгорыя:Кіраўнікі Еўропы X стагоддзя