Ян Да́мель (; , Мітава — , ) — беларускі мастак пачатку XIX стагоддзя, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўніверсітэта. Пакінуў значны след у мастацтве Беларусі і Літвы.

Біяграфія Нарадзіўся ў Курляндскім герцагстве ў сям’і купца. Агульпрынята годам нараджэння лічаць 1780, аднак дакладнае месца і дата нараджэння невядомыя. Адсутнасць метрыкі аб яго нараджэнні і супярэчлівыя згадкі пра ўзрост ў разнастайных крыніцах дазваляюць лічыць таксама годам нараджэння Дамеля 1777, 1778, 1779, 1781 і нават 1790Моніч Дзмітрый. Ян Дамель і абраз "Святы Юзаф" з Вішнеўскага касцёла Святога Тадэвуша // Беларускі гістарычны часопіс. 2021. №12. С. 16-19..

Пра сям’ю Дамеля звестак яшчэ менш, чым пра дату нараджэння. Сам мастак піша, што яго бацька быў гандляром, жыў на тэрыторыі Курляндыі ў двары Беркер (верагодна, сённяшняя сядзіба Беркенэ, Латвія), пазней пераехаў у Жмудзь, жыў у Жагорах (сёння Жагары, Літва), дзе і памёр. Першы біёграф і сябра Яна Дамеля Адам Шэмеш у сваіх успамінах пра мастака зазначае, што яго бацькі былі шляхетнага паходжання, дзед быў палкоўнікам саксонскіх войскаў, пазней гэтыя звесткі былі скажоныя ў слоўніку мастакоў Эдварда Раставецкага, дзе палкоўнікам саксонскіх войскаў названы ўжо бацька, і паўтараліся ў шматлікіх выданнях ХХ і ХХІ стагоддзяў. Згадкі пра шляхетнае паходжанне Дамеля сустракаюцца ў рэгістры студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, фармулярных спісах выкладчыкаў Віленскай губерніі і дакументах Мінскага галоўнага суда ў справе па абвінавачванні Ігната Цэйзіка. Сярод імёнаў крэўных вядома толькі імя бацькі – Ян.

Дзяцінства і школьныя гады правёў у Мітаве. У 1797 годзе пераехаў у Жамойць і жыў у Жагарах. Там на працягу аднаго года быў гувернёрам у гродскага пісара Бурневіча. Адтуль для вучобы пераехаў у Вільню. Па сведчанню яго сябра Адама Шэмеша «…акалічнасці яго нараджэння, выхавання, успаміны яго маладосці і нават пазнейшых гадоў нікому не вядомы»Szemesz, Adam. Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. — 1842. — T. 2. — S. 170.

З 1799 года навучаўся жывапісу ў Віленскім універсітэце ў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма.

Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта і здачы адпаведных іспытаў, у 1809 годзе, Ян Дамель атрымаў ступень магістра свабодных мастацтваў і пачаў выкладаць у віленскай гімназіі. Трэба адзначыць, што з падачы Адама Шэмеша Дамелю прыпісвацца званне ад’юнкта пры кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта, але згодна са штогадовымі імяннымі спісамі чыноўнікаў у Віленскім Імператарскім універсітэце і вучылішчах яго акругі, Ян Дамель ніколі не выкладаў на кафедры жывапісу, ён з’яўляўся настаўнікам малявання віленскай гімназііМоніч Дзмітрый. Ян Дамель: невядомыя малюнкі. Да 240-годдзя з дня нараджэння мастака (1780—1840) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі..

Падчас навучання ў Віленскім універсітэце Дамель знаёміцца з Ігнатам Цэйзікам, які першапачаткова працаваў у канцылярыі, а пазней слухаў курсы хіміі, агульнай гісторыі, французкай мовы і малявання, аднак навуковай ступені не атрымаў. Прыяцельскія адносіны паміж студэнтамі перараслі ў сяброўства, якое працягвалася і пасля заканчэння навучання. Дамель выкладаў малюнак у віленскай гімназіі, Цэйзік займаўся арганізацыяй уласнай гаспадаркі ў Слуцкім павеце, бачыліся яны рэдка, таму кантакт падтрымліваўся праз ліставанне. 1811—1814 гады, бадай што, самы вывучаны перыяд жыцця мастака менавіта дзякуючы захаванай перапісцы. Сяброўскія лісты, якія сёння з’яўляюцца каштоўным скарбам для даследчыкаў, у 1815—1820 гадах падчас судовага працэсу сталі кампраматам і адной з прычын для асуджэння Дамеля на турэмнае зняволенне і ссылку ў Сібір. Асноўнымі фігурантамі судовай справы па падробцы асігнацый выступалі Ігнат Цэйзік і яго брат Фелікс, Дамеля абвінавачвалі ў пасобніцтве (дасылаў вяленевую паперу, з якой вырабляліся фальшывыя асігнацыі) і перадачы ўласнага пашпарта для выезда за мяжу. Нягледзячы на тое, што пасобніцтва Яна Дамеля ў падробцы асігнацый не было даказана, сам мастак у гэтым не прызнаўся і Ігнат Цэйзік яго не агаварыў, пастановай сената ён быў сасланы на пасяленне ў Сібір.

Ян Дамель уваходзіў у дзве масонскія ложы (віленская «Руплівы ліцвін» і мінская «Паўночная паходня»), ён не займаў ніякіх пасад і ў спісах значыўся як вучань або ганаровы чалец. На карысць ложы мастак служыў сваім талентам — распісваў палотны, якія аздаблялі месцы пасяджэнняў. Калі ж пачалася вышэйзгаданая судовая справа, браты-масоны Дамеля не пакінулі: былі напісаны лісты ў ложу Санкт-Пецярбурга «Астрэа» з просьбай паспрыяць у станоўчым вырашэнні працэсу, а падчас суда сабраты хадайнічалі аб яго вызваленні з-пад арышту і перадачы на парукі. Калі ж усё гэта не дапамагло і быў вынесены прысуд, кіраўніцтва Віленскай ложы «Руплівы ліцвін» звярнулася да іншых лож аб зборы ахвяраванняў на карысць няшчаснага ДамеляМоніч Зміцер. Забытае імя: Ян Дамель // Будзьма..

Ссылка доўжылася два гады. Яе дакладныя даты пазначае Адам Шэмеш пры апісанні дзённіка, што Дамель пісаў для сябраў ад выезду з Мінска 13 ліпеня 1820 года і да вяртання ў той самы горад 5 кастрычніка 1822 года. Сам дзённік і замалёўкі доўгі час захоўваліся ў калекцыі графа Канстанціна Тышкевіча ў Лагойску. На жаль, на сённяшні дзень невядомае месцазнаходжанне дзённіка, але, на шчасце, захаваліся некаторыя малюнкі, што сталі сапраўднай выяўленчай энцыклапедыяй народаў Дальняга Усходу (захоўваюцца ў музейных калекцыях Польшчы і Літвы).

Да 1822 года Дамель пражываў у Табольску. Пабываў у гэтыя гады ў Іркуцку, Томску, Енісейску. Талент мастака быў запатрабаваны сярод жыхароў і служачых Сібірскай губерні, Дамель ствараў афіцыйныя і сямейныя партрэты (Адам Шэмеш піша пра шматлікія партрэты ваенных і цывільных губернатараў, знакамітых чыноўнікаў і іншых асоб), а таксама алтарныя абразы для каталіцкіх (Марыя з маленькім Хрыстом для касцёла ў Томску) і пратэстанцкіх храмаў (Хрыстос з крыжам для евангелісцкага храма ў Табольску). Наяўнасць замоў з’яўлялася не толькі фінансавай падтрымкай для майстра, але і магчымасцю ўдасканалення свайго таленту і своеасаблівым служэннем, таму некаторыя палотны для храмаў ён пісаў задарма. Неўзабаве на творчасць і вясёлы характар мастака звярнуў увагу кіраўнік Сібіры — генерал-губернатар граф Міхаіл Спяранскі, які садзейнічаў вяртанню Дамеля ў Мінск.

Пасля вяртання з Сібіры Ян Дамель вырашае пасяліцца ў Мінску. Што кіравала мастаком пры выбары месца пражывання, застаецца таямніцай. Вядома, што Дамель жыў у самым цэнтры горада — на Высокім Рынку (сёння плошча Свабоды), некаторыя лічаць, што ў доме, які належаў яго сябру Юрыю Кабылінскаму, сакратару Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу (сёння плошча Свабоды, 15 — Галерэя Міхаіла Савіцкага).

Дамель стварае шматлікія партрэты мясцовай шляхты (Ашторпы, Гюнтэры, Тызенгаўзы, Ясінскія, Горваты, Кабылінскія і інш.), карціны на гістарычныя сюжэты (адыход французскага войска праз Вільню ў 1812 годзе; Павел І вызваляе Касцюшку з вязніцы; Сустрэча Яна ІІІ Сабескага з імператарам Леапольдам; смерць князя Панятоўскага і інш.) і алтарныя палотны для касцёлаў. Захаваліся ўспаміны аб тым, што ў якасці своеасаблівай майстэрні Дамель выкарыстоўваў сутарэнні касцёла імя Панны Марыі (сёння пл. Свабоды, 9). Менавіта там, у поўнай цемры, ён мог выставіць патрэбнае асвятленне і такім чынам дасягнуць неабходнай перадачы святла і ценю на палатне.

У 1831—1835 гадах здзейсніў падарожжа па Сібіры (ад Іркуцка да Кяхты), верагодна разам з Юзафам Кабылецкім, які падарожнічаў у тым жа рэгіёне ў 1831—1834 гг.

Памірае 30 жніўня 1840 г. ад апакаліпсічнага ўдара. Пахавалі Яна Дамеля ў крыпце яшчэ недабудаванага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Па жаданні Юрыя Кабылінскага над магілай майстра ў цэнтральным алтары касцёла змясцілі абраз «Маленне аб чашы», які сучаснікі называлі найлепшым творам Дамеля. Гэтае палатно стала своеасаблівым помнікам мастаку і замяніла яму надмагілле.

Творчасць Ян Дамель пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Хрышчэнне княгіні Вольгі», «Смерць князя Юзафа Панятоўскага», «Павел I вызваляе Касцюшку з турмы», «Разбітыя войскі Напалеона ў Вільні», «Пераправа французаў праз Бярэзіну» (апошняя не скончана), а таксама некаторыя іншыя палотны.

Вядомыя яго творы на рэлігійныя тэмы («Становішча ў труну», «Хрыстос і самарыцянка», «Святы Іосіф з Дзіцяткам Ісусам», «Святы Тадэвуш»), партрэты князя Дамініка Радзівіла, графаў Яўхіма Храптовіча, краязнаўца і археолага графа Канстанціна Тышкевіча, мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча, мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата з жонкай Людвікай, Валадковіча з жонкай, рэктара Віленскага ўніверсітэта С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага, М. Равіча з сынам, Міхаіла Спяранскага, С. Строганава, Е. Кабылінскага і іншых, пейзажы Мінска і яго наваколляў («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»), малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры. Акрамя таго, Дамель, як і іншыя мастакі таго часу, аддаў даніну альбомнаму малюнку.

З сібірскай вандроўкі ад Іркуцка да Кяхты 1831—1835 гадоў Дамель прывёз альбом малюнкаў і акварэляў пад назвай «Mon sejour a Sibirie depuis 1831 au mois de Mars, j’usqu’e 1835 le 12 de Mars» да якога была далучана мапа падарожжа і аўтарскія анатацыі. У альбоме былі прадстаўлены панарамы гарадоў Табольска, Омска, Томска, Іркуцка, Енісейска, а таксама тыпы бухарскіх татараў, кіргізаў, манголаў, кітайцаў, самаедаў. Дамель браў тэмы з жыцця гарадоў і вёсак, без ідэалізацыі адлюстроўваў паўсядзённае жыццё найбяднейшых саслоўяў. Як і яго настаўнік Францішак Смуглевіч, канцэнтраваўся на асаблівасцях строяў дадзенага рэгіёна, звычаях, рамястве, будаўніцтве. Верная перадача строяў, іх дэталей, фізічных рысаў кожнай этнічнай групы дэманструе даследчыцкі характар малюнкаў, імкненне да найбольш праўдзівага адлюстравання  рэальнага жыцця іншых народаў і культур. Альбом быў выкананы ў тэхніцы акварэлі, гуашы, малюнку пяром і алоўкам. Частка з гэтых малюнкаў была выдадзена ў тэхніцы літаграфіі (7 літаграфій, якія паўтараюць сюжэты і кампазіцыі акварэлей і малюнкаў: татары, бухарцы ў Табольску, самаеды, сяляне з вакольц Табольска, панарама Омска, панарама Табольска, Бухтармы, Маймачэна). Альбом з’яўляецца адным з першых айчынных даследванняў культуры ЎсходуJoanna Woch. Podróże I ekspedycje naukowe polskich artystów po Sybirze w pierwszej połowie XIX wieku (Jan Damel, Leopold Niemirowski, Bronisław Zaleski) // Sztuka Europy Wschodniej T. 1. Polska — Rosja: Sztuka I historia. Polski Instytut Studiów nad Sztuką Świata & Wydawnictwo Tako. — Warszawa — Torun, 2013. — S. 327—332..

Эскізы Яна Дамеля знаходзіліся ў прыватных калекцыях графа Канстанціна Тышкевіча і Юзафа Ігнацыя Крашэўскага.

Творчасць мастака фарміравалася пад уплывам класіцызму, але ў шэрагу яго твораў адчуваецца імкненне да рамантычнага адлюстравання рэчаіснасці. Партрэтам Дамеля ўласцівая тонкая псіхалагічная характарыстыка.

Карціны і малюнкі Яна Дамеля займаюць ганаровае месца ў музеях Беларусі, Літвы і Польшчы.

Вядомыя творы «Маленне аб чашы» — Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Знаходзіўся ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Захавалася апісанне твора ў Сыракомлі: «Сама капліца, пабудаваная ў першых гадах бягучага стагоддзя панам Паўлікоўскім, мае з вялікім алтаром велічную фрэску — выяву гары Іерусалімскай кальварыі, жалобнай крыжовай Галгофы. У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалочанай раме, абраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамэля. Пад гэтымі сімваламі пакуты і смерці, пад заслонаю тварэння ўласнага пэндзля, пад вялікім алтаром спачываюць астанкі самога Дамэля. Ані ў капліцы, ані ў надворнай яе сцяне грабніцы мастака няма — маўзалеем яму служыць уласны твор». У 2017 годзе была завершана рэстаўрацыя твораhttps://ave-maria.by/online/141-2017-sakavik/1443-prezentatsyya-malenne-ab-chashy.