Маёліка (ад — Мальёрка) — разнавіднасць керамікі, якая вырабляецца з абпаленай гліны з выкарыстаннем размаляванай глазуры (палівы). У тэхніцы маёлікі робяць як дэкаратыўныя пано, ліштвы, кафлю і падобнае, так і посуд і манументальныя скульптурныя выявы.
Гісторыя
Вытворчасць керамічных вырабаў з абпаленай каляровай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытых палівай, існавала ўжо некалькі тысячагоддзяў назад у Егіпце, Вавілоне і іншых краінах Старажытнага Усходу. У Сярэднявеччы гэта тэхніка пракралася з краін Сярэдняй, Цэнтральнай і Пярэдняй Азіі на Іберыйскі паўвостраў (гл. мудэхар, азулежу).
У Італію маёліка трапіла з маўрытанскай Іспаніі праз востраў Мальёрку, ад назвы якога і адбыўся тэрмін «маёліка». Тэхніка атрымала распаўсюджванне ў Італіі ў XIV ст. і дасягнула росквіту ў XVII ст. Асабліва ўславіліся сваімі вырабамі майстэрні Фаэнцы, Фларэнцыі, Кафаджола, Сіены, Урбіна, Кальтаджыронэ, Кастэльдурантэ і Дэруты. У гэты ж перыяд маёліка атрымлівае развіццё ў Германіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краінах.
На тэрыторыі Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з XII ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 стагоддзяў, абліцовачных плітак XV—XV ст., кафлі XV—XX ст., посуду XVIII—XIX ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак XII—XIII ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія XVI—XX ст. Найбольш вядомыя маёлікі: івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.).
У 1920-я гады маёліка развівалася пры Віцебскім мастацкім тэхнікуме, у 1950-я — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым заводзе, з 1960-х — пры Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, Мастацкім фондзе Беларусі. З 1970-х гадоў маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, народныя майстры. Сярод прафесійных мастакоў маёлікавых вырабаў М. Байрачны, М. Бяляева, Г. Гаркуноў, Г. Гаўрылаў, В. Данчук, А. Дзятлава, Ф. Зільберт, А. Зіменка, В. Калтыгін, Т. Кіршчына, В. Кірыленка, А. Концуб, Ю. Конюх, Н. Кухарэнка, М. Міхалап, М. Несцярэўскі, Т. Паражняк, В. Прыешкін, Г. Пусеў, Т. Пятроўская, З. Раўко, Т. Сакалова, У. Угрыновіч, Я. Хамініч, М. Шаўцова, Ф. Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, паліў, эмаляў.
Значны ўклад у развіццё Маёлікі ў Рускай дзяржаве зрабілі майстры «цаніннай справы» — выхадцы з Беларусі С. Грыгор’еў, Сцяпан Іваноў (Палубес), І. Максімаў, старац Іпаліт, Ф. Чука, П. Заборскі, захопленыя ў палон падчас вайны 1654—1667 гадоў.
Літаратура Rackham В., Italian maiolica, L., 1952
Яніцкая М. М. Маёліка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 499.
Спасылкі
Катэгорыя:Кераміка Катэгорыя:Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Катэгорыя:Сувеніры Катэгорыя:Маёліка Катэгорыя:Вырабы з гліны