Ізабела І ( — ) — каралева Кастыліі і Леона з дынастыі Трастамара. Яна і яе муж, Фердынанд II Арагонскі, заклалі падмуркі палітычнага аб’яднання Іспаніі, якое завяршылася ў часы кіравання іхняга ўнука, Карла V, імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі.

Папа Аляксандр VІ надаў Фердынанду ды Ізабеле тытул Каталіцкіх манархаў (). Па-іспанску каралева таксама вядомая пад імем Isabel la Católica.

Сярод іншага, кіраванне Ізабелы і Фердынанда стала вядома выгнаннем яўрэяў з Іспаніі і пераўтварэннем інквізіцыі ў магутную ўстанову, ахвярамі якой сталі пераважна каталікі з яўрэйскім альбо маўрскім радаводам. Нягледзячы на гэта, Ізабела сама, як і шмат хто з іберыйскага дваранства, мела продкаў-яўрэяў.

Біяграфія Ізабела нарадзілася ў Мадрыгал дэ лас Альтас Торэс, Іспанія, 22 кастрычніка 1451 года. Яе брат, Альфонса, нарадзіўся на тры гады пазней за яе. Па смерці бацькі Ізабелы, Хуана II, у 1454 годзе, яе нашмат старэйшы зводны брат Энрыке ІV стаў каралём. Як толькі ён уступіў на трон, ён ізаляваў сваіх зводных брата і сястру ў Сеговіі, а мачаху ў Арэвала. Энрыке ІV, які не меў шлюбных стасункаў са сваёй першай жонкай, Бланкай Наварскай, з-за чаго гэты шлюб быў ануляваны, ізноў ажаніўся, гэтым часам з Жуанай Партугальскай, каб мець уласных дзяцей. Яго жонка нарадзіла дзіця, Хуану, прынцэсу Кастыльскую. Калі Ізабеле споўнілася 10 гадоў, яна і яе брат былі выкліканы да каралеўскага двара для больш пільнага кантролю. Падчас Бургаскай маніфестацыі кастыльская знаць выдвінула ўмовы каралю — Альфонса, брат Ізабелы, павінен стаць спадчыннікам каралеўства. Энрыке пагадзіўся пры ўмове, што Альфонса возьме ў жонкі яго дачку Хуану, але неўзабаве перадумаў.

Знаць, маючы кантроль над Альфонса і сцвярджаючы, што ён адзіны законны спадчыннік кароны, сутыкнулася з войскам Энрыке ІV ў бітве пры Альмеда ў 1467 годзе. Бітва скончылася ўнічыю. Праз год Альфонса памёр ва ўзросце 14 гадоў, і Ізабела стала надзеяй узбунтаванай знаці. Нягледзячы на шматлікія спробы, Ізабела адмовілася ўзначаліць дваранства і прызнала Энрыке ІV каралём, а той, у сваю чаргу, прызнаў Ізабелу законнай спадчынніцай, замест Хуаны, бацькоўства якой было пад сумневам. У 1475 годзе Хуана выйшла замуж за свайго дзядзьку, караля Партугаліі, але іх шлюб быў ануляваны Папай Рымскім з прычыны блізкага сваяцтва. Энрыке спрабаваў выдаць замуж Ізабелу па сваім выбары, але яна адхіліла ўсе яго прапановы. Замест іх яна абрала Фердынанда, спадчынніка арагонскае кароны. Яны ажаніліся 19 кастрычніка 1469 года ў Вальядалідзе.

Энрыке IV памёр 10 снежня 1474 года. Ізабела дзейнічала хутка і разам з Фердынандам пачала рэарганізацыю каралеўскага двара. Тым часам Альфонса V, кароль Партугаліі, перайшоу мяжу і абвясціў Хуану, прынцэсу Кастыльскую, з якой ён папярэдне ажаніўся, законнай каралевай Кастыліі. Пачалася вайна за кастыльскую спадчыну. Фердынанд здолеў адбіць уварванне ў бітве пры Тора ў 1476 годзе. На працягу наступных чатырох гадоў Ізабела і Фердынанд прывялі да пакоры ўсе мяцежныя гарады, крэпасці і цэнтры ўлады, якія ўзніклі з цягам часу. У 1479 годзе памёр бацька Фердынанда, што зрабіла каралеўскую пару кіраўнікамі Арагона. У 1480 годзе Фердынанд і Ізабела склікалі Картэсы ў Таледа, дзе, пад іх кіраўніцтвам і кантролем, пяць каралеўскіх саветнікаў і 34 грамадскія прадстаўнікі выпрацавалі кодэкс законаў і эдыктаў, якія сталі падмуркам юрыдычнай сістэмы будучай Іспаніі, стварыўшы цэнтралізаваную ўладу і ўмовы для эканамічнай і юрыдычнай рэабілітацыі краіны. Часткай гэтых рэформаў стала стварэнне Інквізіцыі, якую Ізабела і Фердынанд разглядалі як яшчэ адзін інструмент для аб’яднання краіны. У 1483 годзе Томас Тарквемада стаў першым вялікім інквізітарам Іспаніі ў Севільі.

Напэўна, самым важным годам за ўвесь час кіравання Ізабелы стаў 1492, які знакаміты капітуляцыяй Гранады і завяршэннем Рэканкісты, экспедыцыяй Хрыстафора Калумба і выгнаннем яўрэяў з Іспаніі.

Ізабела і яе муж Фердынанд прынялі ад Папы Аляксандра VІ тытул Каталіцкіх манархаў, нягледзячы на тое, што сама Ізабела з вялікім незадавальненнем ставілася да грамадскай палітыкі Папы Аляксандра. У гэты ж час Ізабела і Фердынанд пачалі палітыку духоўнага аб’яднання Іспаніі, намагаючыся прывесці краіну да адной рэлігіі — рымскага каталіцызму. Як частка гэтага працэсу, Інквізіцыя атрымала статус сацыяльнага і рэлігійнага інстытута з вялікім уплывам на ўсю Іспанскую гісторыю. У выніку паўстання 1499 года Гранадская дамова была скасаваная ў 1502 годзе, і мусульмане краіны былі пастаўленыя перад выбарам: хрышчэнне альбо выгнанне. Каля 200 тысяч яўрэяў пакінулі каталіцкую манархію і пасяліліся ў атаманскіх уладаннях, дзе стаўленне да іўдаізму было нашмат лепшым.

У апошнія гады Ізабелы Франсіска Хіменес дэ Сіснерас, спавядальнік Ізабелы, стаў архібіскупам Таледа і канцлерам каралеўства. Ён стаў ключавой фігурай у рэабілітацыі рэлігійных інстытутаў Іспаніі, заклаўшы падмуркі будучай Контррэфармацыі. У якасці канцлера ён канцэнтраваў у сваіх руках усё больш і больш улады і паўнамоцтваў.

Ізабела і яе муж стварылі імперыю і ў апошнія гады свайго кіравання былі занятыя палітыкай і адміністрацыяй. Абодва Каталіцкія Манархі былі занепакоеныя пытаннем спадкаемства і прыклалі шмат намаганняў, каб прывязаць Іспанскую карону да іншых кіруючых дынастый Еўропы. У палітычным сэнсе ўсе іхнія перамовы, якія тычыліся шлюбаў іх дзяцей, былі скіраваныя на ізаляцыю Францыі, асноўнага канкурэнта Іспаніі, і на аб’яднанне Іберыйскага паўвострава. Да пачатку 1497 года ўсе часткі мазаікі, здавалася б, былі на сваім месцы: кронпрынц Хуан ажаніўся з Маргарытай Аўстрыйскай, такім чынам устанавіўшы сувязі з Габсбургамі. Старэйшая дачка Ізабелы, інфанта Ізабела, выйшла замуж за караля Партугаліі Мануэля І, а інфанта Хуана выйшла замуж за яшчэ аднаго Габсбургскага прынца, Філіпа Бургундскага. Аднак планы Ізабелы наконт яе дзяцей не спраўдзіліся: прынц Хуан памёр неўзабаве пасля свайго вяселля, каралева Партугаліі Ізабела памерла пры родах, а яе сын, Мігель, двума гадамі пазней. Тытулы і ўладанні Ізабелы пасля яе смерці перайшлі да яе другой дачкі, Хуаны Вар’яткі. Ізабела памерла ў Медзіна-дэль-Кампа ў 1504 годзе і была пахавана ў Гранадзе ў каралеўскім склепе.

Гл. таксама Ісабеліна — архітэктурны стыль, названы ў гонар каралевы.

Крыніцы

Спасылкі

Партал, прысвечаны Ізабеле Калекцыя выяў на Cervantesvirtual.com

Катэгорыя:Кіраўнікі Леона Катэгорыя:Кіраўнікі Кастыліі Катэгорыя:Трастамара Катэгорыя:Узнагароджаныя Залатой ружай Катэгорыя:Кіруючыя каралевы