Марытэ Мельнікайтэ, Марыя Мельнікайтэ, Марыя Іозаўна Мельнікайтэ (літ. Marytė Melnikaitė; 18 сакавіка 1923 г., Зарасай, Літва — 13 ліпеня 1943) — удзельніца савецкага партызанскага руху ў Літве падчас Другой сусветнай вайны, дыверсантка, Герой Савецкага Саюза (1944, пасмяротна).
Біяграфія Нарадзілася ў небагатай сям’і літоўца і рускай другім дзіцем з пяці дзяцей. Была хрышчоная ў каталіцкай царкве. У 14 гадоў пачала працаваць на цукерачнай фабрыцы «Avanti».
Пасля пачатку савецкай акупацыі Літоўскай Рэспублікі далучылася да камсамола і актыўна супрацоўнічала з акупацыйнымі ўладамі.
Улетку 1941 года, калі сілы Вермахта ўступілі ў Літву, Марытэ была эвакуіраваная з іншымі літоўскімі камсамольцамі ў Цюмень, дзе працавала на заводзе «Механік». У 1942 годзе яна пайшла на фронт.
Прайшла падрыхтоўку ў школе дыверсантаў у Балахне, ваявала ў партызанскім атрадзе на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Партызаны пускалі пад адхон варожыя цягнікі з ваеннай тэхнікай, падрывалі склады, здзяйснялі налёты на гарнізоны праціўніка, палілі маёнткі і гаспадаркі, захопленыя гітлераўскімі каланістамі. Марытэ была ў атрадзе самым актыўным байцом. Удзельнічала ў дыверсіях, хадзіла ў разведку, вяла вялікую працу сярод жыхароў.
Улетку 1943 г. Мельнікайтэ накіравалі на чале групы партызан на выкананне важнага задання. У лесе партызаны натыкнуліся на нямецкі атрад, падчас няроўнага бою на беразе возера Апіварда Мельнікайтэ была параненая і захопленая ў палон. У палоне Мельнікайтэ была катаваная праз вырыванне пазногцяў, прыпяканне агнём ступняў і г.д., але не выдала месцазнаходжанне партызан. 13 ліпеня 1943 г. Мельнікайтэ была пакараная праз павешанне на плошчы вёскі Дукштас.
За «ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання ў тыле ворага» Мельнікайтэ пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза ў 1944 годзе.
Памяць У яе гонар у Мінску названа вуліца.
Спасылкі
Diversante MM
Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Пахаваныя ў Зарасайскім раёне