Яцвя́гі, ятвя́гі, я́твінгі () — група заходнябалцкіх плямёнаў, якія ў I — пачатку II тысячагоддзя н.э. жылі на тэрыторыі, часткі якой сёння ўваходзяць у склад Беларусі, Літвы і Польшчы. Вядомыя пад рознымі назвамі: яцвягі, судавы (суды, судзіны), дайновы, паляксяне, якія лічацца назвамі плямёнаў «яцвяжскага» пляменнага саюзаГісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214..
Асноўныя археалагічныя помнікі — каменныя курганы, на змену якім прыйшлі каменныя магілы.
Назва У гістарычных крыніцах, пісаных на розных мовах, захаваліся розныя назвы, якія, як мяркуецца, адносіліся да яцвягаў. Апроч «яцвяжскай», гэта такія назвы як «Дайнова», «Судавы» («Суды», «Судзіны») і «Паляксяне».
Гэтыя назвы маглі замяняць адна адну. Актам ад 7 жніўня 1259 года Міндоўг аддаваў крыжакам «усю Дайнову, якая яшчэ называецца Ятвезь» («Denowe tota, quam etiam quidam Jetwesen vocant»). Ва Уроцлаўскім рашэнні нямецкага імператара Сігізмунда I Люксембургскага да Лівонскага ордэна ў 1325 годзе згадваецца «зямля судаў, або Ятва» («Suderlandt alias Jetuen»).
У рускіх летапісах не згадваюцца «судавы», затое фігуруюць «яцвягі», «зямля яцвяжская» — таксама як і ў польскіх крыніцах, а таксама следам за імі ў дакументах папскай Рымскай курыі («terra Jatwesouie»). Але «Судавы» і «Судавія» згадваюцца ў нямецкіх крыніцах. Згаданыя ў Клаўдзія Пталемея ў II ст. «судзіны» (разам з прускім племенем «галіндаў») — першая гістарычная згадка ў пісаных крыніцах назваў заходнябалцкіх плямёнаў. У польскіх крыніцах, пачынаючы з пачатку XIII ст., згадваюцца «паляксяне» (Pollexianni), сталіцай якіх называецца Драгічын.
Мяркуюць, што так па-рознаму называліся плямёны, што ўваходзілі ў «яцвяжскую» пляменную групу, або пляменны саюз. Іх назвы мелі паходзіць ад гідронімаў. Напрыклад, суды-судзіны-судавы сваю назву мелі атрымаць ад назвы ракі Sūduonia (яна мяркуецца роднаснай назве дзесенскай ракі Судасці). Гідранімічнага паходжання лічацца назвы дайновы і паляксянаўJ. Nalepa. Jaćwięgowie: nazwa i lokalizacja. Białystok, 1964. С. 46-49..
Назву «яцвягі» параўноўваюць з гідронімам з-пад Ліды, які фігуруе пад 1516 годам у Літоўскай Метрыцы: «противъ Шейбакова двора, на речце на Ятѳи». Пісаная форма «Ятфа» мела ўзнікнуць пад уплывам польскага вымаўлення (twój — «tfói», twoja — «tfoja»). Адпачатны балцкі выгляд гідроніма аднаўляецца як *Jātvā. Па-літоўску назва мела б выгляд *JotvaK. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 126—156..
Той жа корань Jot- таксама ў літоўскіх гідронімах Jotija, Jotulė, Jot-upis. Іх звязваюць з індаеўрапейскім коранем *i̯ā- «ісці, рушыць», ад якога балцкі корань *jā-, ад яго літоўскае joti «рушыць, ехаць конна»V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. С. 286—289.. Гэта варыянт кораня *ei-, ад якога пайшло літоўскае eiti «ісці»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 296.. Гідранімічны корань *jā- таксама ў назве ракі Ясельды (яцв. «Імклівая рака»), якая лічыцца яцвяжскай назоўнай спадчынай і якая пацвярджае «яцвяжскасць» гэтага кораня.
Непасрэдна назва «яцвягі» ўтварылася, калі да гідранімічнага кораня Jātv- быў дададзены яцвяжска-прускі фармант -ing-, добра вядомы з назваў на старой яцвяжскай тэрыторыі ў Літве (Apsingė, Leipalingis, Nedzingė, Pilvingis, Suvingis). Найбліжэйшы да аўтэнтычнага яцвяжскага гучання варыянт этноніма — я́твінгі (падобным чынам ад стараскандынаўскага váringr у старарускім асяроддзі пайшла назва «варагі»).
Пятая па ліку меркавана «яцвяжская» назва паходзіць з зусім дагістарычных часоў. З тэрыторыяй, пазней суаднесенай з яцвягамі, звязваюць таксама і згаданае ў Герадота (V ст. да н.э.) племя неўраў. Апроч геаграфічнай узгодненасці (на крайнім паўночным захадзе ў вядомай грэкам айкумене), назва неўраў параўноўваецца з яцвяжскай назвай ракі Нараў — «Наўра» (Naura), засведчанай у «Яцвяжскім слоўнічку». Таксама размешчанае на старой прускай тэрыторыі возера называлася «Naury» (< Naurai), а над ім вядомая «Наурская гара»В. Н. Топоров. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur- : *nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 4. Балтийские и славянские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 453—462..
Тэрыторыя
Летапісы часоў Кіеўскай Русі згадваюць яцвягаў з X ст. Паводле Іпацьеўскага летапісу, яцвягі жылі ў міжрэччы Нёмана і Нарава.
У канцы І тысячагоддзя ад паўвострава Самбія на поўдзень па басейнах рэк Прэгаль, Лава, Чорная Ганча ў верхняе Панямонне рушылі перасяленцы-прусы, якія асімілявалі рэшткі карэннага насельніцтва (сувалкаўскай групы заходнябалцкай культуры). У выніку сфарміраваўся арэал яцвягаў: памежная з прусамі заходняя частка Мазурскага Паазер’я (Судовія і паўднёва-заходні рэгіён — Палексія), басейны сярэдняга і верхняга Панямоння (правабярэжжа — Дайнова, левабярэжжа — Яцвягія)Археалогія Беларусі. Т. 2.
Апісанне зямель з Дублінскага рукапісу ХІІІ стагоддзя: «З усходу ж, у кірунку Русі (Russiam), да [Прусіі] яе далучаецца Яцвезь (Jetwesya). Яе пачаў хрысціць я з таварышам.»
У польскай хроніцы XII стагоддзя гаворыцца: «…Край яцвягаў, дзе паветра бальзам, лясы мядовыя, рэкі багатыя рыбай, землі ўраджайныя, аратыя працавітыя, воіны бясстрашныя… Край яцвягаў, з якімі польскі кароль заўсёды ваюе, імкнучыся звярнуць іх у сапраўдную веру; але ні мячом, ні пропаведдзю, ні подкупам немагчыма было адхіліць іх ад паганскай веры, ні мячом смерці знішчыць іхні змяіны род…»
На грунце звестках польскіх храністаў XV—XVI стст. і пазнейшых тапонімаў, вытворных ад этноніма «яцвягі», многія даследчыкі XIX ст. меркавалі, што да XIII ст. яцвягі засялялі шырокую прастору: Сувалкія, Падляшша, Берасцейскія землі і Верхняе Панямонне.
Некаторыя тагачасныя гісторыкі (Ю. Кулакоўскі, П. Авенарыус), аднак, скептычна ставіліся да меркавання пра шырокі арэал рассялення яцвягаў. Супраць думкі пра шырокае рассяленне яцвягаў у старажытнасці выказаліся ў 1950-х гады многія польскія навукоўцы (К. Мусяновіч, А. Камінскі, Е. Антановіч, Г. Лаўмяньскі). Паводле Мусяновіч, яцвягі жылі на поўначы ад Нарава. Камінскі, які склаў і выдаў у 1956 годзе грунтоўную бібліяграфію па археалогіі яцвягаў, абмяжоўваў тэрыторыю рассялення яцвягаў раёнам Сувалкаў і прылеглых да іх абшараў (на поўнач ад Бебжы). Ён пісаў, што ў крыніцах няма цалкам пэўных даных на карысць шырокага рассялення яцвягаў, а археалагічных помнікаў, якія можна звязаць з яцвягамі, няма ні на Падляшшы, ні на Верхнім Панямонні. Каменныя магілы, вядомыя на Падляшшы, польскія даследчыкі тым часам лічылі мазавецкімі (належнымі славянскаму племені мазаўшан)Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. .
Але гэтая думка была ў навуцы адхіленая, бо знайшлося нямала простых і шмат ускосных сведчанняў пра шырокае рассялення яцвяжскіх плямёнаў у старажытнасці. Навуковая дыскусія 1960-х гадоў з удзелам лінгвістаў і археолагаў (А. Таўтавічус, А. Ванагас, С. Савукінас, В. Сядоў і інш.), пацвердзіла ранейшыя думкі, што арэал рассялення яцвягаў у даўнія часы ахопліваў дастаткова шырокую тэрыторыю: паўночны ўсход цяперашняй Польшчы (у тым ліку і Падляшша), землі Панямоння (у складзе цяперашняй Беларусі) і часткі берасцейскага Пабужжа, поўдзень цяперашняй Літвы і літоўскае Занямонне. Зводны агляд яцвяжскіх пахавальных помнікаў і іх шырокага арэалу зроблены ў 1964 годзе археолагам В. Сядовым, на правабярэжжы верхняга Нёмана ён таксама лакалізаваў яцвяжскае племя дайнова.
Беларускі археолаг Я. Звяруга адзначае, што яцвягі жылі на тэрыторыі паміж Нёманам на ўсходзе і ракой Нараў, Вялікімі Мазурскімі азёрамі на захадзе. Ю. Кухарэнка (следам за В. Сядовым) уключае ў склад колішняй яцвяжскай тэрыторыі Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння. У XII—XIII стст. арэал рассялення яцвягаў паступова звужаецца: яцвягі вынішчаліся фізічна, а рэшткі яцвяжскага народу славянізаваліся.
На думку Валянціна Сядова, для вызначэння тэрыторыі рассялення яцвяжскіх плямён надзейнай крыніцай з’яўляецца гідраніміка і няма прычын абмяжоўваць яцвяжскую тэрыторыю да XII—XIII стст. выключна Сувалкіяй, бо даныя гідранімікі і мовазнаўства сведчаць пра шырэйшае рассяленне яцвяжскіх плямён. Значны гідранімічны пласт несумнеўна балтыйскага паходжання на шырокай тэрыторыі ніяк не мог утварыцца ў выніку перасялення палонных яцвягаў ці яцвягаў-уцекачоў.
Назоўная спадчына На тэрыторыі Літвы яцвяжская тэрыторыя вызначаецца паводле шэрагу асаблівасцяў у сучасных назвах і засяроджваецца абапал Нёмана паміж Друскенікамі і Алітай, тулячыся да сутыку межаў Літвы, Польшчы і Беларусі:
суфікс -ing-: Лéйпалінгіс, Апсíнге, Качынге, Сáўсвінгіс; карнявое дыфтонгавае -ei- (замест пазнейшага літоўскага -іе-): Лейпалінгіс, Вейсея́й; карнявое -z- на месцы літоўскага -ž-: Зярвíнас; націскны канчатак -us: Алітýс, Ніедýс.
Паводле мовазнаўца Казіміра Бугі, яцвяжскія таксама імёны рэк з канцавым элементам -da: Нёўда і Сёгда (абедзве каля Наваградка), Грыўда і Ясельда (іх вытокі абапал Ружанаў), Саколда і Голда (прытокі Нарава). Тут меркаванае яцвяжскае *udā «вада; рака», што звязана з латышскім ūdens, прускім (w)undan, літоўскім vanduo «вада»Kazimieras Būga. Rinktiniai raštai. — T. III. — Vilnius, 1961. — P. 601—602;Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 169—170..
Пераход усходнябалцкага -š-, -ž- у заходнябалцкае (пруска-яцвяжскае) -s-, -z- таксама ў водных назвах Свіцязь, Сіпа, Зэльва, *Zeita (> Zietela > Дзятлава). Гэтыя назвы адсоўваюць былую яцвяжскую мяжу больш-менш да паўднёвай і паўднёва-ўсходняй меж сучаснай Гродзенскай вобласці (Зэльва на поўдні, Наваградак на ўсходзе).
Гісторыя Этнонім судавы (судовы) упершыню згаданы Пталемеем у II ст., жылі яны на ўсход ад Віслы. Найбольш раннія пахавальныя курганы яцвягаў належаць да III—IV ст. Яцвягі ўпершыню прыгадваюцца ў рускіх летапісах X ст. Сярод пасольства Русі ў Візантыі пад 944 годам названы «ятвяг Гунарев». Да 983 года адносіцца першае паведамленне пра ваенны паход кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча на яцвяжскія землі.
Яцвягі процістаялі паўднёварускім князям у XI і XII ст. На іх у 1038 годзе хадзіў Яраслаў Уладзіміравіч, затым валынскі князь Яраслаў Святаполчыч (1112), князь Раман Мсціславіч (1196). Яцвягі разам з літоўцамі ў 1205 годзе зрабілі набег на Валынскую зямлю, дайшлі да гарадоў Турыйска і Чэрвеня.
У XIII ст. з яцвягамі асабліва зацята змагаўся галіцкі князь Даніла РаманавічШтыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў IX—XIII ст. // 3 глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. Мн., 1992. С. 28., летапіс згадвае яцвягаў яго грозных ворагаў, напрыклад:
«…Год 1248. Скомондъ бо бѣ волъхвъ и кобникъ нарочитъ, борзъ же бѣ, яко и звѣрь, пѣшь бо ходя повоева землю Пиньскую, иныи страны».
У выніку паўднёвыя землі яцвягаў захоплены і далучаны да Галіцка-Валынскага княства і Мазовіі.
У другой палове XIII ст. на яцвягаў пачаў мацней ціснуць Тэўтонскі ордэн. Пад удар трапілі тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судоваў, іх князь Скомант часта здзяйсняў супраць крыжакоў рэйды ў адказ, даходзіў да Кёнігсберга і берагоў Віслы. Аднак у 1282 годзе яцвягі зведалі цяжкую паразу ў Польшчы.
Пасля працяглай зацятай барацьбы яцвягі і суседнія роднасныя ім прусы страцілі самастойнасць, былі падбітыя крыжакамі. Да 1283 года частка іх князёў і знаці перайшла на бок Ордэна, іншыя пакінулі свае ўладанні і перабраліся ў Літву.
Летапіс называе шэраг імён яцвяжскіх князёў, крыніцы ведаюць князёў Скоманта і Боруця, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII ст., пазней — другога Скоманта (напэўна, князя Судавы), які здабыў ваярскую славу ў змаганні з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінцеля, Шурпа, Мудзейка і Пясціла. У 1282 князь Канцігірд з дружынай пераходзіць служыць Тэўтонскаму ордэну.