«Прамова Мялешкі» (поўная назва «Прамова Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе») — помнік беларускай літаратуры першай паловы XVII стагоддзя. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатырычных твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сойме, прыпісанай мсціслаўскаму, а пазней смаленскаму кашталяну Івану Мялешку (каля 1552—1622).

У творы намаляваны сатырычны абразок старасвецкага жыцця беларуска-ўкраінскай шляхты.

Аўтарства і паходжанне Твор напісаны невядомым аўтарам, які, як вынікае з тэксту, належаў да шляхецкага стану. Некаторыя даследчыкі (асабліва ў XIX ст.) лічылі твор гістарычным дакументам, які фіксуе рэальную прамову шляхціца Мялешкі са Слонімшчыны. Аднак большасць вучоных (Мікалай Сумцоў, Яўхім Карскі, Зміцер Даўгяла і іншыя) прызнае «Прамову Мялешкі» літаратурным творам, хоць і дапускае магчымасць падобнага рэальнага выступлення Мялешкі на сойме.

Сучасны беларускі мовазнавец Л. М. Вардамацкі адзначае, што само прозвішча «Мялешка» магло быць выдуманым літаратурным псеўданімам іранічнага характару (ад дыялектнага слова «мялешка» — пустамеля, балбатун), на што ў свой час звяртаў увагу М. Сумцоў. Вардамацкі таксама падкрэслівае, што ў Смаленску нібыта ніколі не было кашталяна з такім прозвішчам, што, на яго думку, пацвярджае версію пра літаратурную містыфікацыю.

Аднак гэта супярэчыць наяўным гістарычным крыніцам. Пра тое, што Іван Мялешка заняў пасаду смаленскага кашталяна ў пачатку 1615 года, вядома з намінацыі яго наступніка на пасаду кашталяна берасцейскага, якую Мялешка займаў да таго часу. Пасаду смаленскага кашталяна Мялешка трымаў да канца жыцця — да 13 мая 1622 года, пра што сведчыць намінацыя на гэтую пасаду яго наступніка.

На грунце тэксталагічнага аналізу Зміцер Даўгяла выказаў гіпотэзу, што аўтарам «Прамовы», як і «Ліста да Абуховіча», быў шляхціц Цыпрыян Камуняка.

Ёсць розныя версіі даціроўкі твора ці часу імавернага выступлення: Міхал Вішнеўскі датаваў яго 1589 годам, Багдан Струмінскі — 1615—1618 гадамі, Пётр Крапівін — 1622—1632 гадамі, а Зміцер Даўгяла — перыядам каля 1630 года.

Змест і ідэі Твор напісаны жывой, трапнай і вобразнай старабеларускай мовай, з багатымі фальклорнымі рысамі і мноствам побытавых дэталяў. Большасць інтэрпрэтатараў XX ст. бачаць у творы палітычны памфлет, накіраваны супраць кіруючых вярхоў, польскай культурнай экспансіі і нацыянальнага нігілізму апалячанай шляхты.

Вобраз галоўнага героя Ацэнкі вобраза Івана Мялешкі ў літаратуразнаўстве неадназначныя. Так, на думку Івана Саверчанкі, пісьменнік праз свайго героя сфармуляваў ідэю непарушнасці беларускіх сямейных і побытавых традыцый, адзначыў іх высокую каштоўнасць. Праз ухваленне мінуўшчыны аўтар даказваў, што праўда, сумленнасць і ахвярнасць дзеля Бацькаўшчыны — найвышэйшыя каштоўнасці.

У той жа час Ігар Клімаў адзначае, што галоўнаму персанажу, апроч патрыятызму, уласціва ксенафобія, сквапнасць, зайздрослівасць, кансерватызм у побыце і поглядах, часам аж да гратэскава падкрэсленага абскурантызму. Ён замілаваны даўніною і патрыярхальным ладам жыцця, востра не прымае новага, хоць і вымушаны прыстасоўвацца да яго.

Сацыяльна-палітычная праблематыка У «Прамове Мялешкі» ўздымаецца балючая тэма аслаблення дзяржавы. Аўтар пісаў пра перыяд княжання Жыгімонта Старога (1506—1548), як пра «залаты час Літвы». Заняпад краіны звязваецца з часамі Жыгімонта Аўгуста (1548—1572), які, паводле аўтара, забыўся пра інтарэсы Княства, падпаў пад «ляшскі» ўплыў і перадаў Польшчы Валынь з Падляшшам. Галоўная прычына крызісу бачыцца ў здрадзе магнатаў і вышэйшых саноўнікаў, якія выракаюцца сваіх традыцый дзеля ўласных амбіцый і пыхі.

У творы, бадай, упершыню ў беларускім пісьменстве прагучала думка пра небяспеку страты беларускім народам уласных нацыянальных каштоўнасцей — маральных, эстэтычных, грамадскіх і дзяржаўных. Аўтар дакарае шляхту за згодніцтва і маўчанне перад «баламутнымі раднымі панамі».

Крытыка чужаземнага ўплыву У «Прамове Мялешкі» асуджалася паланізацыя краю. Аўтар крытыкаваў норавы наезджых іншаземцаў — «ляхаў» і «немчыкаў». У творы высмейваецца малпаванне чужых нораваў, мудрагелістасць вопраткі, ненатуральнасць і манернасць паводзін. Адмаўленне ад традыцыйнай маралі, народнай этыкі і эстэтыкі, паводле высновы аўтара, стала адной з прычын грамадскага заняпаду і распуснасці.

Гісторыя публікацый Упершыню «Прамова Мялешкі» была апублікавана ў 1819 годзе Юльянам Нямцэвічам у перакладзе на польскую мовуNiemcewicz J. U. Zbiór pamiętników historycznych o dawnej Polsce. — Warszawa, 1819. — T. 2. — S. 341—344.. Пазней з’явіліся публікацыі, што грунтаваліся на розных беларускіх рукапісах, у прыватнасці выданні Міхала Вішнеўскага (1851) і Вацлава Ластоўскага (1926). Асобна вылучаецца публікацыя Мікалая Кастамарава ў «Актах, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1865), тэкстуальна блізкая да варыянта Вішнеўскага, але ўкраінізаваная ў мове; крыніца гэтай публікацыі застаецца невядомай.

Л. М. Вардамацкі на падставе супастаўляльнага аналізу польскай версіі М. Вішнеўскага (1851) і кірылічнай версіі з «Актаў…» (1865) прыходзіць да высновы, што першапачатковы тэкст быў напісаны менавіта кірыліцай на старабеларускай мове. На карысць гэтага сведчаць сляды рэдактарскай праўкі ў кірылічным варыянце (напрыклад, напісанне «Найясней(шiй)», дзе канчатак узяты ў дужкі), у той час як у польскім варыянце фраза ўжо падаецца ў выпраўленым выглядзе. Такім чынам, версію 1865 года даследчык лічыць бліжэйшай да арыгінала, чым варыянт Вішнеўскага.

У XX ст. твор шматкроць перавыдаваўся. Спробу крытычнага выдання разам з рэканструкцыяй архетыпу паводле 6 рукапісаў XVIII ст. зрабіў Багдан Струмінскі (1984)Bohdan A. Struminsky. Pseudo-Meleško: A Ukrainian Apocryphal Parliamentary Speech of 1615-1618 : a Study. Harvard University Press, 1984..

У 2011 годзе часопіс «ПрайдзіСвет» апублікаваў «Прамову Мялешкі» на трасянцы у перакладзе Анкі Упалы.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Літаратурныя творы паводле алфавіта Катэгорыя:Сатырычныя творы Катэгорыя:Літаратура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Творы XVII стагоддзя