Мі́нскі метрапалітэ́н — метрапалітэн у горадзе Мінску, рэйкавы пазавулічны (цалкам падземны) гарадскі грамадскі транспарт на электрычнай цязе.
Храналагічна дзявяты адкрыты метрапалітэн на постсавецкай прасторы, а таксама адзіная сістэма метро на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па колькасці пасажыраў у год займае чацвёртую пазіцыю сярод постсавецкіх краін (пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага метрапалітэнаў адпаведна).
Складаецца з 36 станцый на трох лініях — Аўтазаводскай (14 станцый), Маскоўскай (15 станцый) і Зеленалужскай (7 станцый). Будаўніцтва Зеленалужскай лініі працягваецца. Таксама праектуюцца станцыі чацвёртай (Кальцавой) лініі.
Гісторыя
Гісторыя мінскага метрапалітэна пачынаецца ў канцы 1960-х. Ініцыятарамі пабудовы ў горадзе новага віду грамадскага транспарту былі мінскія ўлады. У той час у СССР метро будавалі ў гарадах з насельніцтвам не менш за мільён чалавек (былі выключэнні, напрыклад, Рыжскі метрапалітэн планавалася будаваць у 800-тысячным горадзе). Пасля заканчэння 2-й сусветнай вайны Мінск рос хутчэй за іншыя буйныя гарады СССРПольский С. А. Демографические проблемы развития Минска. — Минск: БГУ, 1976. — С. 17-18., галоўным праз хуткае развіццё прамысловасці. Ужо ў 1972 годзе ў горадзе нарадзіўся мільённы жыхар. Напачатку 1970-х гадоў беларуская сталіца сутыкнулася са значнымі цяжкасцямі ў перавозцы людзей, асноўныя магістралі вычарпалі прапускную здольнасць. Разглядаліся тры варыянты развіцця транспартнай сістэмы — аўтобус-«экспрэс», хуткасны трамвай і метрапалітэн, які і быў абраныМинское метро: архивные съёмки и проекты будущего.
Распрацоўка плана будаўніцтва метрапалітэна ў Мінску пачалася ў 1976 годзе. План будаўніцтва 8-станцыйнай лініі быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР 4 лютага 1974 года. Вядома, што першыя планы значна адрозніваліся ад тых, што былі рэалізаваны. Лінія метро з заходніх спальных раёнаў павінна была праз станцыю «Кастрычніцкая» ісці ў Серабранку. Аўтазаводская лінія з перспектывай працягу да Чыжоўкі перасякалася з Маскоўскай на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». У цэнтральнай частцы горада метрапалітэн меркаваўся глыбокага закладання, а на ўскраінах планаваліся нават адкрытыя ўчасткі і ўчасткі на эстакадах. 16 чэрвеня 1977 года была закладзена першая паля ў падмурак будучай станцыі «Парк Чалюскінцаў». Будаўніцтва першай лініі метрапалітэна ад станцыі «Інстытут Культуры» да станцыі «Валгаградская» (пасля — «Маскоўская») цягнулася з 1977 да 1984 года.
3 мая 1977 года пачалося будаўніцтва, а 29 чэрвеня 1984 года пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі.
У 1985 годзе пачалося будаўніцтва другой лініі метро ад станцыі «Фрунзенская» да станцыі «Трактарны завод». У 1990 годзе па гэтай лініі пачаўся рух цягнікоў.
Будаўніцтва Зеленалужскай лініі пачалося ў 2014 годзе. 7 лістапада 2020 года лінія была ўведзена ва эксплуатацыю.
Будаўніцтва ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі «Аэрадромная» працягласцю 4,08 км пачалося ў жніўні 2017 года. 30 снежня 2024 года былі адкрыты тры станцыі ў паўднёвым кірунку: «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец».
Агульныя звесткі
Эксплуатацыйная даўжыня пуці мінскага метро складае каля 45 км у двухпуцявым вылічэнні, дзейнічае лінейны прынцып руху цягнікоў. Маюцца два электрадэпо.
Усе лініі і станцыі мінскага метро падземныя, неглыбокія, акрамя станцыі «Юбілейная плошча». Яна — самая глыбокая ў мінскім метро, размешчана на глыбіні 32 м. Усе станцыі, акрамя «Вакзальнай», маюць падземныя вестыбюлі, уваход у якія, у большасці выпадкаў, сумешчаны з падвулічнымі пешаходнымі пераходамі.
Усяго ў падземцы маецца 59 эскалатараў. Большасць эскалатараў аднапралётныя, трохнітачныя. На станцыі «Кастрычніцкая» ў 2008 годзе ў ходзе рэканструкцыі быў усталяваны чатырохнітачны эскалатар. У пераходзе паміж станцыямі «Вакзальная» і «Плошча Леніна» размешчаны 7 травалатараў і 2 паміж станцыямі «Юбілейная» і «Фрунзенская». На ўсіх станцыях, уведзеных у эксплуатацыю пасля 2001 года, а таксама на станцыі «Першамайская», маюцца ліфты, усяго — 56 ліфтаўО метрополитене .
У афармленні станцый выкарыстоўваюцца розныя тэмы. Так, у аснову мастацка-эстэтычнага афармлення станцыі «Грушаўка» пакладзена тэма прыроды, інтэр’ер выкананы ў залаціста-зялёнай палітры, сімвалам станцыі стала гіганцкая інсталяцыя грушы. А сімвалам станцыі «Пятроўшчына» стала зорнае неба.
Графік працы Мінскае метро адкрыта для ўваходу пасажыраў з 5:30 да 0:40, аднак выйсці з падземкі можна і пазней. Першы цягнік з канцавых станцый адпраўляецца ў 5:32 (са ст. «Магілёўская» — у 5:33), Апошні — у 0:42. Інтэрвал руху ў гадзіну пік складае 2-2,5 хвіліны на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай — 8 хвілін. У іншы час інтэрвал павялічваецца да 4-5, 5 хвілін на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай лініі — 12 хвілін. Ноччу інтэрвал пачынае павялічвацца, максімальны складае пасля 23:00 на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях 11-15 хвілін, на Зеленалужскай лініі — 17-24 хвіліны. Расклад руху цягнікоў пасля 23:00 даступны пасажырам на кожнай станцыі — ў вестыбюлі і ў тарцах пасажырскіх платформаў размешчана адпаведная інфармацыя, прычым час прыбыцця разлічаны менавіта для гэтай станцыі з улікам даўжыні перагонаў.
Аплата праезду
З 20 красавіка 2022 года дзейнічаюць наступныя тарыфы на праезд (згодна з рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 07.04.2022 № 968)
Жэтон на 1 паездку — 90 кап.; Праязны білет на месяц або 30 сутак — 40,50 руб.; Праязны білет на 15 сутак — 21,38 руб.; Праязны білет на 10 сутак — 14,25 руб.
Можна таксама набыць праязны дакумент на вызначаны лік паездак (10, 20, 30, 40, 50 або 60) на аснове карты. Дакументы на 10 і 20 паездак дзейнічаюць 30 сутак з дня пакупкі; на 30, 40 і 50 паездак — 60 сутак; на 60 паездак — 80 сутак; на 100 паездак — 80 сутак.
Як сродкі аплаты праезду выкарыстоўваюцца (у дужках даныя за 2014 год):
Жэтоны (99,8 млн, 31,4 %); Праязны білет на радыёкарце мінскага метро (968,2 тыс., 23,8 %); Праязны білет на бескантактавы смарт-карце (БСК) дзяржаўнага прадпрыемства Мінсктранс (3,83 млн, 38,5 %); SMS-білет (149 тыс., 0,1 %, адменены ў 2017 годзе); Бескантактавая банкаўская карта.
Бяспека
Пасля тэракту ў Мінскім метро была арганізавана сістэма надгляду пасажыраў супрацоўнікамі міліцыі.
Затым, у кастрычніку 2013 года, была створана свая ўласная служба бяспекі Мінскага метро, якая ажыццяўляе ахоўную дзейнасць, супрацоўнікі маюць права праводзіць асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў пасажыраў на тэрыторыі метро. А ў канцы 2015 года створаны Сітуацыйны цэнтр відэаназіранняЗдесь видят все, что происходит в «подземном городе». Репортаж из ситуационного центра метро .
На ўсіх станцыях Мінскага метрапалітэна дзейнічаюць зоны надгляду, якія абсталяваны рэнтгенаграфічнымі сканарамі, арачнымі комплексамі для выяўлення металічных прадметаў (рамка), сістэмамі аўдыёфіксацыі і відэаназірання. У выпадку неабходнасці могуць прымяняцца партатыўныя газааналізатары пароў выбуховых рэчываў і пераносныя прылады лакалізацыі выбуху тыпу «фантан»Зона досмотра.
Для прадухілення падзення пасажыраў на пуці на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты, а таксама для бяспекі і дапамогі арыентацыі ў прасторы пасажырам з парушэннем зроку на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі і часткі станцый (у асноўным новых) выкладзена тактыльнае пакрыццё.
У 2023 годзе падчас агляду ручной паклажы інспектары службы бяспекі метрапалітэна знайшлі каля 12 тысяч прадметаў, забароненых да перавозкі ў падземцы. Акрамя таго, 41 тысячы чалавек не дапусцілі да праезду, бо ў іх назіралі прыкметы алкагольнага ап’янення.
Мабільная сувязь На ўсіх станцыях Мінскага метрапалітэна працуе сотавая сувязь GSM/3G аператараў «А1», «МТС», «life:)». Таксама ва ўсіх тунэлях з чэрвеня 2019 года працуе сотавая сувязь 3G/4G аператараў «А1» і «МТС». Як аператар «life:)» адмовіўся ад удзелу ў разгортванні сувязі, яго абанентам даступны толькі інтэрнэт, які надаецца з дапамогай 4G (якая пабудавана інфраструктурным аператарам «beCloud» і выкарыстоўваецца ўсімі аператарамі сотавай сувязі).
Лініі метрапалітэна Усім лініям нададзены назвы і парадкавыя нумары. Дадатковым пазначэннем служаць іх колеры, якія традыцыйна ўжываюцца на схемах. Немалой колькасці людзей выраз «чырвоная ветка метро» скажа ледзь не больш за «Аўтазаводская лінія», а казаць «зялёная ветка» хутчэй і прасцей, чым запомніць і казаць афіцыйную назву «Зеленалужская». Часам ужываюцца і абрэвіятуры назваў ліній, напрыклад, МЛ — Маскоўская лінія, АЛ — Аўтазаводская. №НазваГод адкрыццяГод адкрыцця апошняй станцыіДаўжыня, кмКолькасць станцыйСярэдняя дыстанцыя паміж станцыямі, кмСярэдняя станцый, м.Час праезду па лініі, хв Маскоўская 19,1151,3610,029 Аўтазаводская 18,1141,399,227Зеленалужская7,5871,2712,012 Усе тры лініі злучаны паміж сабой двума Службова-злучальнымі галінамі. Для пасажырскага руху яны не выкарыстоўваюцца.
Маскоўская лінія
Будаўніцтва першай лініі Мінскага метрапалітэна пачалося 3 мая 1977 года. Першая чарга будаўніцтва ўключала 8 станцый. Рэгулярны рух цягнікоў на гэтым участку распачаўся 30 чэрвеня 1984 года. Адкрываў лінію першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў.
Пазней лінія яшчэ чатыры разы падаўжалася і зараз мае даўжыню 19,2 км і складаецца з 15 станцый (Малінаўка, Пятроўшчына, Міхалова, Грушаўка, Інстытут Культуры, Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Акадэмія Навук, Парк Чалюскінцаў, Маскоўская, Усход, Барысаўскі тракт, Уручча). Лінію абслугоўвае Маскоўскае электрадэпо.
Маскоўская лінія амаль цалкам праходзіць пад праспектам Незалежнасці і праспектам Дзяржынскага, і перасякае Мінск з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Паводле звестак за 2017 год, на 1-ю лінію прыпадае 57,7 % агульнай пасажыраплыні (164 млн пасажыраў).
Аўтазаводская лінія
Праектаванне другой лініі Мінскага метро пачалося ў пачатку 1980-х гадоў. Планавалася звязваць Заводскі раён з Красным Борам. Будаўніцтва першай чаргі Аўтазаводскай лініі, у склад якой уваходзіла 6 станцый, пачалося ў 1984 годзе. 31 снежня 1990 года пяць з іх, уключаючы перасадачны пункт, звязаны з першай лініяй, былі аддадзены да ўжытку. Праз тры месяцы — у сакавіку 1991 года — была аддадзена да ўжытку станцыя «Першамайская». Пасля гэтага лінія падаўжалася чатыры разы і зараз мае даўжыню 18,1 км і складаецца з 14 станцый (Магілёўская, Аўтазаводская, Партызанская, Трактарны Завод, Пралетарская, Першамайская, Купалаўская, Няміга, Фрунзенская, Маладзёжная, Пушкінская, Спартыўная, Кунцаўшчына, Каменная Горка). Лінію абслугоўвае Магілёўскае электрадэпо.
Зеленалужская лінія
Зеленалу́жская лінія (трансліт.: Zielienalužskaja linija) — трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна.
Будаўніцтва 3-й лініі, якая планавалася яшчэ ў першых праектах развіцця метрапалітэна пачалося ў 2014 годзе. Пасля заканчэння будаўніцтва лінія працягласцю 17,2 км з 14 станцыямі звяжа мікрараён Зялёны Луг праз цэнтр горада з мікрараёнам Курасоўшчына.
Першыя станцыі лініі («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча») уведзены ва ўжытак 7 лістапада 2020 года.
З 2018 па 2024 гады праводзіліся работы па падаўжэнні лініі ў кірунку станцыі «Слуцкі Гасцінец».
На ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты. Беларусь — 2-я постсавецкая краіна, пасля Расіі, якая ўсталявала на станцыях метро сістэму гарызантальнага ліфта, і першая ўсталявала на станцыі метрапалітэна аўтаматычныя платформенныя вароты.
Пасажырапаток За 2023 метрапалітэн перавёз 233,9 млн пасажыраў. У параўнанні з 2022 колькасць паездак павялічылася на 8 млн. Гэта трэці паказчык на постсавецкай прасторы (пасля Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага метрапалітэнаў адпаведна), 15-е месца ў Еўропе і 58-е месца ў свеце.