Хрыстафор Калумб (, , ) — італьянскі мараплавец родам з Генуі на службе Іспанскай кароны, якому звычайна прыпісваюць першаадкрыццё Амерыкі.

Калумб першым з дакладна вядомых падарожнікаў перасек Атлантычны акіян у субтрапічнай і трапічнай паласе паўночнага паўшар’я і першым з еўрапейцаў хадзіў у Карыбскім моры. Ён адкрыў і паклаў пачатак даследаванню Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі, уключаючы іх кантынентальныя часткі і бліжэйшыя архіпелагі — Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Ямайка і Пуэрта-Рыка), Малыя Антыльскія (ад Дамінікі да Віргінскіх астравоў а таксама Трынідад) і Багамскія астравы (цэнтральная частка).

Сёння вядома, што першымі, хто дасягнуў Амерыкі, былі вікінгі яшчэ за 500 год да з’яўлення там экспедыцый Калумба. Тым не менш першаадкрывальнікам Амерыкі лічыцца Хрыстафор Калумб, таму што менавіта пасля яго падарожжаў пачалася гістарычна і колькасна значная каланізацыя гэтай часткі свету і няспыннае засяленне яе зямель людзьмі з іншых мацерыкоў.

Агулам Калумб здзейсніў 4 плаванні да Амерыкі: Першае плаванне (2 жніўня 1492 — 15 сакавіка 1493). Другое плаванне (25 верасня 1493 — 11 чэрвеня 1496). Трэцяе плаванне (30 мая 1498 — 25 лістапада 1500). Чацвёртае плаванне (9 мая 1502 — лістапад 1504).

Біяграфія

Маладосць Хрыстафора Калумба

Лічыцца, што Калумб нарадзіўся ў небагатай генуэзскай сям’і: бацька — Даменіка Каломба (), маці — Сузанна Фантанароса (). Дакладная транслітарацыя яго імя з іспанскай мовы — Крыстобаль Калон, аднак сусветна вядомым ён стаў як Хрыстафор Калумб (Christophor транслітарацыя старажытнагрэчаскага імя Χριστόφορος). У сям’і апроч Хрыстафора былі яшчэ іншыя дзеці: Джавані (памёр у дзяцінстве, у 1484 годзе), Барталамеа, Джакама, Б’янкела (выйшла замуж за Джакама Баварэла). Традыцыйна шэсць гарадоў Італіі і Іспаніі аспрэчваюць гонар быць малой радзімай Калумба.

Знешнасць Калумба вядомая па партрэтах, якія былі напісаныя ўжо пасля яго смерці. Барталомэ дэ Лас-Касас, які бачыў Калумба ў 1493 годзе, апісвае яго так: Ростам быў высокі, вышэй сярэдняга, твар яго быў доўгі і выклікаў павагу, нос арліны, вочы сінявата-шэрыя, скура белая з чырванню, барада і вусы ў маладосці былі рудаватыя, але ў працах пасівелі.

Вучыўся ў Павійскім універсітэце. Прыкладна ў 1470 годзе ажаніўся з доннай Феліпэ Маніс дэ Палестрэла, дачкой мараплаўца часоў прынца Энрыке. Да 1472 года Калумб жыў у Генуі, а з 1472 года — у Савоне. У 1470-я гады ўдзельнічаў у марскіх гандлёвых экспедыцыях. Мяркуюць, што яшчэ ў 1474 годзе астраном і географ Паала Тасканелі паведаміў яму ў лісце, што, паводле яго меркавання, да Індыі можна дабрацца значна карацейшым марскім шляхам, калі плыць на захад. Відаць, ужо тады Калумб задумаўся пра свой праект марскога падарожжа ў Індыю. Зрабіўшы ўласныя разлікі на падставе парадаў Тасканелі, ён вырашыў, што зручней усяго плыць праз Канарскія астравы, ад якіх да Японіі, паводле яго меркавання, заставалася каля пяці тысяч кіламетраў.

З 1476 года Калумб пераязджае ў Партугалію, дзе жыве дзевяць гадоў. Вядома, што ў 1477 годзе Калумб наведаў Англію, Ірландыю і Ісландыю, дзе мог азнаёміцца са звесткамі ісландцаў пра землі на захадзе. За гэты час ён паспявае пабываць таксама ў Гвінеі ў складзе экспедыцыі Дыёгу дэ Азамбужа, якая адправілася туды ў 1481 годзе дзеля будаўніцтва крэпасці Эльміна (Сан-Жоржы-да-Міна). Першы зварот Калумба з прапановай плыць у Індыю на захад быў у 1475—1480 гадах (дакладны час невядомы). Ён адрасаваў яго да ўрада і купцоў роднай Генуі. Водгуку не было. У 1483 годзе ён прапануе свой праект партугальскаму каралю Жуану II, але пасля доўгага вывучэння праект адпрэчваецца.

У 1485 годзе Калумб з сынам Дыега пераязджае ў Іспанію (магчыма, бяжыць ад пераследу). Узімку 1485—1486 гадоў ён знаходзіць прытулак у кляштары Санта-Марыя-да-Рабіда. Плябан Хуан Перэс дэ Марчэна прыняў яго і напісаў першы ліст да Эрнанда дэ Талаверы, яго знаёмага — духоўніка каралевы, з кароткім выкладам ідэй Калумба. Кароль Іспаніі знаходзіўся тым часам у горадзе Кордаве, дзе праходзіла падрыхтоўка да вайны з Гранадай з асабістым удзелам манархаў.

У 1486 годзе Калумб змог зацікавіць сваім праектам герцага Медзіна-Селі. Паколькі яго ўласных фінансаў было недастаткова для арганізацыі экспедыцыі на захад, Медзіна-Селі звёў Калумба з каралеўскімі фінансавымі саветнікамі, купцамі і банкірамі і са сваім дзядзькам — кардыналам Мендосам.

Узімку 1486 года Калумб быў прадстаўлены Педра Гансалесу дэ Мендосе, архібіскупу Таледа і вялікаму кардыналу Іспаніі, які, у сваю чаргу, пасадзейнічаў аўдыенцыі ў каталіцкіх каралёў. Дзеля вывучэння прапаноў Калумба была прызначана камісія багасловаў, касмографаў, юрыстаў, манахаў і прыдворных на чале з Талаверам. Камісія засядала чатыры гады, але з прычыны скрытасці Калумба і яго нежадання раскрываць планы так і не вынесла канчатковага вердыкту.

20 красавіка 1488 года Калумб, які рухаўся за каралеўскім дваром з горада ў горад, нечакана атрымаў ліст ад партугальскага караля з прапановай вярнуцца ў Партугалію:

Калумб накіроўвае свае прапановы і па іншых адрасах: ад караля Англіі Генрыха VII у лютым 1488 года ён атрымаў добразычлівы адказ, але без якіх-небудзь пэўных прапаноў.

У 1491 годзе ў Севільі адбылася паўторная асабістая сустрэча з Фердынандам і Ізабелай. Вынік для Калумба быў ізноў несуцяшальны: «З прычыны велізарных выдаткаў і высілкаў, неабходных для вядзення вайны, пачатак новага прадпрыемства не ўяўляецца магчымым». Да перамоў было вырашана вярнуцца пасля заканчэння вайны.

У 1491 годзе Калумб звяртаецца да герцага Медзіна-Сідонія, найбуйнейшага магната, уладальніка каля ста гандлёвых караблёў, але і ад яго атрымлівае адмову.

Нарэшце, у студзені 1492 года адбылася доўгачаканая падзея — узяцце Гранады. Калумб, мабыць, моцна пераацаніў пераможны запал караля Іспаніі: калі ён сфармуляваў тыя ўмовы, на якіх ён меркаваў адкрываць і валодаць новымі землямі (прызначыць яго віцэ-каралём новых зямель, узнагародзіць яго тытулам «галоўнага адмірала мора-акіяна»), Яго вялікасць прызнаў патрабаванні Калумба «празмернымі і непрымальнымі», перамовы былі спыненыя, а кароль адбыў з Санта-Фэ.

Калумб у лютым 1492 года пераязджае ў Кордаву, а пасля дэкларуе намер эміграваць у Францыю.

Тут крок насустрач зрабіла каралева Ізабела. Ідэя будучага вызвалення Труны Гасподняй настолькі захапіла яе сэрца, што яна вырашыла не даваць гэтага шанцу ні Партугаліі, ні Францыі. Хоць Іспанскае каралеўства і было ўтворана ў выніку дынастычнага шлюбу Фердынанда Арагонскага і Ізабелы Кастыльскай, іх манархіі захавалі, аднак, асобныя самастойныя адміністрацыі, картэсы і фінансы. «Я закладу свае каштоўнасці», — сказала яна.

30 красавіка 1492 года каралеўская пара даруе Калумбу і яго спадчыннікам тытул «дон» (гэта значыць, робяць яго дваранінам) і пацвярджае, што, у выпадку поспеху заакіянскага праекта, ён будзе Адміралам Мора-Акіяна і віцэ-каралём усіх зямель, якія ён адкрые ці набудзе, і зможа перадаць гэтыя тытулы ў спадчыну. Тым не менш, грошы на падрыхтоўку экспедыцыі Калумбу трэба было шукаць самастойна за кошт недаатрыманых дзяржаўных падатковых плацяжоў Яе Вялікасці каралевы Кастыліі. Да таго ж па дагаворы восьмую частку выдаткаў павінен быў несці сам Калумб, у якога наогул не было ані гроша.

Аднак Калумбу дапамог Марцін Алонса Пінсон. Адзін з караблёў, — «Пінта» — быў яго ўласным, і падрыхтаваў ён яго за свой кошт; грошай на другі карабель ён даў Хрыстафору ў пазыку, каб Калумб мог зрабіць свой фармальны ўнёсак па дагаворы.

Экспедыцыі Хрыстафора Калумба

У перыяд паміж 1492 і 1504 гадамі Хрыстафор Калумб распачаў чатыры даследчыя экспедыцыі па загадзе іспанскіх Каталіцкіх каралёў. Падзеі гэтых экспедыцый ён апісваў у сваім бартавым журнале. Нажаль, арыгінал журнала не захаваўся, але Барталомэ дэ Лас Касас зрабіў частковую копію гэтага журнала, якая дайшла да нашых дзён і дзякуючы якой сталі вядомыя многія дэталі апісаных экспедыцый.

Першая экспедыцыя

3 жніўня 1492 года флагманскі карабель «Санта Марыя» і каравэлы «Нінья» і «Пінта» экспедыцыі Хрыстафора Калумба выйшлі з Паласа ў адкрытае мора. Каравэламі камандавалі іх уладальнікі браты Марцін Алонса Пінсон і Вісентэ Яньес Пінсон. Пасля раптоўнай паломкі шчоглы на каравэле «Пінта» на трэці дзень падарожжа экспедыцыя была вымушана спыніцца на месяц на Канарскіх астравах. 6 верасня пасля адрамантавання экспедыцыя рушыла далей. У бартавым журнале, які ў дастаткова добрым стане захаваўся да нашых дзён, Калумб адзначаў, што падарожжа было надзвычай цяжкім. Неаднойчы на караблях паўставала небяспека бунту матросаў, неспакойна паводзілі сябе скептычныя афіцэры, і нават сам капітан каравэлы «Пінта» выступаў ініцыятарам інтрыгаў.

12 кастрычніка маракі ўбачылі невядомую зямлю. На наступны дзень Калумб высадзіўся на невялікім востраве, які ён назваў Сан-Сальвадор (гэта адзін з Багамскіх астравоў). На востраве іспанцы сустрэлі мясцовых жыхароў, гэта былі аравакі — народ, які ў хуткім часе згінуў.

28 кастрычніка Калумб высадзіўся на паўночным усходзе Кубы. 6 снежня быў адкрыты востраў Гаіці, якому за прыгажосць і падабенства да радзімы Калумб даў назву Эспаньёла.

25 снежня «Санта-Марыя» села на рыфы. З абломкаў карабля на Эспаньёле пабудавалі форт. Калумб пакінуў тут 39 маракоў, а сам 16 студзеня 1493 павёў два ацалелых караблі ў Іспанію, куды экспедыцыя прыбыла 15 сакавіка.

Другое падарожжа

Другая экспедыцыя Калумба (1493-96) складалася ўжо з 17 караблёў (флагман — «Марыя-Галантэ») і налічвала 1500—2500 чалавек. Сярод іх былі не толькі маракі, але і манахі, чыноўнікі, прыдворныя. З сабою везлі хатнюю жывёлу, вінаградную лазу, насенне.

У ходзе экспедыцыі была цалкам падпарадкавана Эспаньёла, заснаваны горад Санта-Дамінга. Пачалося адкрыццё Малых Антыльскіх астравоў, адкрытыя астравы Пуэрта-Рыка і Ямайка, даследавана паўднёвае ўзбярэжжа Кубы.

Трэцяе падарожжа

На трэцюю экспедыцыю (1498—1500) сродкаў было мала, і Калумб вывеў у падарожжа толькі 6 невялікіх караблёў і каля 300 чалавек каманды.

Быў адкрыты востраў Трынідад, а таксама частка ўзбярэжжа мацерыка Паўднёвай Амерыкі паблізу вусця ракі Арынока. Аднак у ходзе экспедыцыі Калумб быў адхілены ад кіравання і перапраўлены ў Іспанію.

Чацвёртае падарожжа

Хрыстафор Калумб усё ж хацеў знайсці новы шлях ад адкрытых ім зямель у Паўднёвую Азію, да крыніцы спецыяў. Ён быў упэўнены, што такі шлях існуе, бо назіраў ля берагоў Кубы моцнае марское цячэнне, якое ідзе на захад праз Карыбскае мора. Кароль, урэшце, даў Калумбу дазвол на новую экспедыцыю.

Цягам колькасна невялікай чацвёртай экспедыцыі (1502-04) Калумбу ўдалося дасягнуць берагоў Цэнтральнай Амерыкі ў раёне сучасных Беліза і Гандураса і даказаць, што Атлантычны акіян аддзяляе ад Паўднёвага мора, пра якое ён чуў ад індзейцаў, непераадольны бар’ер. Ён таксама першым паведаміў пра індзейскія народы, якія жывуць ля Паўднёвага мора.

Масавая каланізацыя Эспаньёлы Тым часам у Іспанію стала паступаць золата, здабытае на Эспаньёле, і жэмчуг, сабраны на Жамчужным беразе (паўднёвае ўзбярэжжа Карыбскага мора). У Заходнюю Індыю накіраваліся сотні і тысячы ахвотнікаў атрымаць багацце. З 1502 года пачалося масавае засяленне іспанцамі Антыльскіх астравоў.

Іспанцы чынілі масавыя зверствы над мясцовым насельніцтвам. У 1515 годзе карэнных жыхароў Гаіці было ўжо меней за 15 тысяч, а да сярэдзіны XVI стагоддзя яны цалкам вымерлі. На Эспаньёлу сталі завозіць рабоў з Малых Антыльскіх астравоў, а таксама «дзікуноў» з Кубы, Ямайкі і Пуэрта-Рыка. Калі карэннае насельніцтва пачало знікаць і там, узмацнілася масавае паляванне на рабоў у Паўднёвай Амерыцы, і тады сталі завозіць рабоў з Афрыкі.

Экспедыцыі ў Паўднёвую Амерыку сучаснікаў Хрыстафора Калумба Адразу ж пасля адмены ў 1499 годзе манапольнага права Хрыстафора Калумба на адкрыццё новых зямель у Заходняй Індыі, туды пачалі рыхтаваць свае экспедыцыі ўдзельнікі папярэдніх падарожжаў знакамітага мараплаўца.