Вячасла́ў Пятро́віч Раго́йша () — беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук (1993), прафесар. Купалазнаўца.

Біяграфія Нарадзіўся 5 чэрвеня 1942 года ў Ракаве Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці (цяпер — Валожынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька — Пётр Іосіфавіч (12.07.1914 — 23.10.1985), маці — Валянціна Антонаўна (30.11.1917 — 10.01.2003)Рагойша, К., Рагойша, А. Нам сняцца сны пра Беларусь : вершы, эсэ, успаміны / Кастусь Рагойша, Антось Рагойша / Укл., падр. тэкстаў і каментар В. Рагойшы. — Мінск : Кнігазбор, 2008. — 152 с. — ISBN 978-985-6852-80-3. У 1958 годзе скончыў Ракаўскую сярэднюю школу.

Паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура», скончыў у 1963 годзе. Застаўся на кафедры беларускай літаратуры. У 1963—1964 гадах і 1966—1967 гадах аспірант універсітэта, у 1965 годзе служыў у Савецкай Арміі.

З 1967 года выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1969 года. З 1988 года ў Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання (дацэнт кафедры культуры).

Доктар філалагічных навук (1993). Прафесар. Загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1994 года. Сябра вучонай рады філалагічнага факультэта БДУ і вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны пры міністэрстве адукацыі.

Старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы (1996—2016). Арганізатар міжнароднай навуковай канферэнцыі «Ракаўскія чытанні» (з 1996 года).

Памёр 7 лістапада 2025 года, пахаваны на праваслаўных могілках у Ракаве.

Навуковая і літаратурная дзейнасць Пачаў друкавацца з 1957 года. Першыя вершы і допісы былі апублікаваны ў радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча». З 1961 года выступаў з артыкуламі і рэцэнзіямі ў рэспубліканскім друку.

Тэма кандыдацкай дысертацыі: «Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша» (1967). Тэма доктарскай дысертацыі: «Беларуская паэзія XX стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: Тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад» (1993).

Аўтар больш за 2000 навуковых публікацый і даследаванняў па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, беларуска-славянскіх літаратурных узаемасувязей, па вершазнаўстве, праблемах тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, паэтыцы літаратурнага твораРагойша Вячаслаў Пятровіч : біябібліягр. паказ. : да 80-годдзя з дня нараджэння / склад.: В. А. Гурына, А. Я. Вараб’ёва, С. В. Прыхач; пад рэд. А. Я. Вараб’ёвай; уступ. арт. Т. І. Шамякінай. — Мінск : Зміцер Колас, 2022. — 232 с. — С. 217, з якіх амаль 300 — асноўныя навуковыя працы, у тым ліку 16 манаграфій«Звязда», 16 красавіка 2004 года.

Аўтар бібліяграфічнага даведніка «Працы кафедры беларускай літаратуры БДУ імя У. І. Леніна», «Паэтычнага слоўніка», манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка», кніг «Пераклаў Якуб Колас...», «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (разам з Таццянай Кабржыцкай), «І нясе яна дар...: Беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах», «Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка», «Праблемы перакладу з блізкароднасных моў», «Кантакты: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ). Складальнік вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская літаратура XIX ст: Хрэстаматыя (з Сцяпанам Александровічам, Алегам Лойкам), кнігі «Янка Купала. «А хто там ідзе?»: На мовах свету» (з Я. Раманоўскай).

Выявіў і апублікаваў шэраг архіўных матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі. Першым дасканала даследаваў рукапісы Янкі Купалы і знайшоў падчас гэтай працы дзясятак новых твораў беларускага класіка.

Даследаваў паэтыку верша, узаемасувязі беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, займаўся пытаннямі тэорыі літаратуры, гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу. Перакладаў з украінскай, польскай, сербахарвацкай і іншых моў.

Выкарыстоўваў псеўданім В. Качановіч.

Навуковыя творы Уводзіны ў літаратуразнаўства. Вершаванне: курс лекцый . — Мінск: БДУ, 2003. — 140 с. Рукапісная спадчына Янкі Купалы: каталог / навук. рэд. і аўтар прадмовы В. П. Рагойша. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2008. — 480 с. Паэтычны слоўнік . Выданне трэцяе. — Мінск: Беларуская навука, 2004. Беларускае вершаванне. Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па філалагічных спецыяльнасцях. — Мінск: БДУ, 2010.

Крыніцы

Літаратура

Актуальныя праблемы літаратуразнаўства і фалькларыстыкі : зб. арт. / пад агул. рэд. Т. І. Шамякінай; склад. В. В. Прыемка. — Мінск : БДУ, 2018. — 255 с. : іл. — ISBN 978-985-566-506-0 . Рагойша Вячаслаў Пятровіч : біябібліягр. паказ. : да 80-годдзя з дня нараджэння / склад.: В. А. Гурына, А. Я. Вараб’ёва, С. В. Прыхач; пад рэд. А. Я. Вараб’ёвай; уступ. арт. Т. І. Шамякінай. — Мінск : Зміцер Колас, 2022. — 232 с.

Спасылкі Саюз беларускіх пісьменнікаў Біяграфія на старонцы філалагічнага факультэта БДУ

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі