До́мжарыцкае — возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Сергуч, за 26 км на паўднёвы захад ад горада Лепель, за 1 км на ўсход ад вёскі Домжарыцы, на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Плошча паверхні 2,29 км². Найбольшая глыбіня 2,2 м, сярэдняя 1,2 м. Даўжыня 1,97 км, найбольшая шырыня 1,33 км. Даўжыня берагавой лініі 6,1 км. Аб'ём вады 2,81 млн. м³. Плошча вадазбору 30,5 км². Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны нізкія, параслі лесам і хмызняком. Берагавая лінія слабазвілістая. На ўсходзе возера вялікі заліў. Берагі нізкія, забалочаныя, у паўднёвай частцы тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, каля берагоў выслана торфам, месцамі пяском, у цэнтральнай частцы сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай празрыстасцю (да 0,6 м), змяшчае вялікую колькасць арганічнага рэчыва. Колернасць вады 120—140°. Возера дыстрафіруючае, поўнасцю зарасло падводнай расліннасцю, уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй да 150 м. Слабапраточнае. На паўночным захадзе з возера выцякае ручай у раку Сергуч.

На беразе возера гасцінічны комплекс «Домжарыцы», Дом рыбака.

У возеры водзяцца шчупак, акунь, лінь, плотка, карась і іншыя віды рыб.

Літаратура

Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007. — 478 с.

Спасылкі Домжарыцкае возера

Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Лепельскага раёна Катэгорыя:Басейн Бярэзіны