Дые́га Радры́гес дэ Сільва і Веласкес (; , Севілья — , Мадрыд) — іспанскі мастак.

Біяграфія

Дыега Веласкес нарадзіўся 6 чэрвеня 1599 года (у некаторых крыніцах гэтая дата паказваецца як дата хрышчэння) у Севільі (Іспанія) у сям'і мясцовых ураджэнцаў Хуана Радрыгеса дэ Сільва і Геранімы Веласкес, чые продкі пераехалі ў Іспанію з Партугаліі. Бацькі будучага мастака пажаніліся ў севільскай Царкве святога Пятра 28 снежня 1597 года, тамсама, дзе пазней і быў ахрышчаны нованароджаны Дыега, самы старэйшы з васьмярых дзяцей у сям'і. Паводле звычая, шырока распаўсюджанага ў Андалусіі, Дыега і яго брат Хуан, які таксама стаў мастаком, узялі сабе прозвішча маці, але захаваліся ўзоры подпісаў мастака, дзе ён выкарыстаў і другое прозвішча «Сільва Веласкес».

Вучоба Мастацкі талент Веласкеса адкрыўся ў раннім узросце. Згодна з біёграфам Антоніа Паламіна, ва ўзросце 10 гадоў у 1610 годзе Дыега накіравалі на вучобу ў майстэрню вядомага севільскага мастака Франсіска Эрэры Старэйшага. Тэрмін знаходжання ў майстэрні Эрэры быў вельмі кароткім, бо той меў вельмі паганы характар, чаго малады вучань не змог вытрымаць. Акалічнасці навучання не былі задакументаваныя, але вядома, што ў кастрычніку 1611 года Хуан Радрыгес падпісаў «дамову на навучанне» свайго сына Дыега з мастаком Франсіска Пачэка на шэсць гадоў, пачынаючы са снежня 1611 года. Пачэка, чалавек шырокай культуры і шматбакова адукаваны, аўтар нявыдадзенага пры жыцці трактата па мастацтве жывапісу, верны паслядоўнік Рафаэля і Мікеланджэла і менавіта той, хто рабіў цудоўныя партрэты алоўкам, нягледзячы на адсутнасць вялікага таленту, быў сваім чалавекам у інтэлектуальным асяроддзі Севільі і сярод духавенства, бо займаў пасаду цэнзара і эксперта па царкоўным жывапісе пры найсьвяцейшай інквізіцыі ў Севільі. Школа жывапісу Пачэка, якая насіла назву «Academia Sevillana», адлюстроўвала акадэмічны, афіцыйны погляд на выкладанне рэлігійных сюжэтаў і вобразаў. Менавіта ў гэтай школе малады Веласкес атрымаў сваю першую тэхнічную падрыхтоўку і эстэтычныя навыкі, у ёй жа пасябраваў з будучым скульптарам і жывапісцам Алонса Кана і знакамітым іспанскім жывапісцам Франсіска дэ Сурбаранам.

23 красавіка 1618 года дзевятнаццацігадовы юнак ажаніўся з пятнаццацігадовай дачкой Пачэка Хуанай Мірандзе. Неўзабаве ў іх нарадзіліся дзве дачкі: Франсіска ў 1619 годзе і Ігнас ў 1621 годзе, якая памерла ў маленстве . Повязі шлюбу паміж членамі розных сем’яў іспанскіх мастакоў былі шырока распаўсюджаныя на той час, бо палягчалі пошук працы і заказаў.

Веласкес здаў экзамен на званне майстра 14 сакавіка 1617 года і па заруцы Пачэка быў прыняты ў гільдыю жывапісцаў Севільі, дзе атрымаў ліцэнзію для працы ў якасці мастака-жывапісца і права «практыкаваць сваё мастацтва ў каралеўстве, мець майстэрню і наймаць вучняў»Перес Санчес, «Веласкес и его искусство», с. 24-26. Першыя працы юнака былі выкананыя ў жанры баджгонес і ўяўлялі сабою бытавыя сцэнкі з народнага жыцця, у адлюстраванні якіх Дыега паказаў сябе цудоўным назіральнікам. Вядома каля дваццаці прац таго перыяду, з якіх да нашых дзён захавалася толькі дзевяць. Да ліку самых вядомых карцін ранняга Веласкеса адносяцца «Двое юнакоў ля стала» (каля 1618 года, Музей Уэлінгтана, Лондан), «Старая кухарка» (каля 1618 года, Нацыянальная галерэя Шатландыі, Эдынбург), «Сняданак» (каля 1618 года, Дзяржаўны Эрмітаж, Санкт-Пецярбург), у якой мастак дэманструе сваё майстэрства праз гульню святла на фігурах пярэдняга плану, якая падкрэслівае паверхні і тэкстуры, «Ваданос» («Прадавец вады з Севільі») (каля 1622 года, Музей Уэлінгтана, Лондан), знакамітая сваімі візуальнымі эфектамі: вялікі гліняны збан адлюстроўвае святло гарызантальнымі баразёнкамі на вонкавых сценках, адначасова па яго паверхні скочваюцца празрыстыя кроплі вады. Творы Веласкеса таго перыяду, асабліва яго нацюрморты, аказалі вялікі ўплыў на сучасных яму севільскіх мастакоў. Існуе вялікая колькасць копій і імітацый арыгінальных палотнаў майстра. Гэты этап творчасці мастака характарызуецца ўплывам караваджызму — падкрэсленым рэалізмам ў малюнку прадметаў і дакладнай перадачай рысаў натуры, узмоцненых кантрасным асвятленнем фігур пярэдняга плану. Усе работы выкананыя з выкарыстаннем цёмнага, часта ўмоўнага фону, пазбаўленага глыбіні, што пакідае адчуванне беспаветранасці, у лаканічнай і выразнай манеры. Пры ўсім гэтым варта адзначыць, што не ўзнікае сумневу ў жыццёвасці і дакладнасці намаляваных вобразаў і сцэн.

Аднак ужо тады Веласкес не абмяжоўваўся простым малюнкам жанравых сцэн на блізкія севільскім грамадзянам тэмы. Прыкладам гэтаму можа паслужыць палатно «Хрыстос у доме Марыі і Марфы» (каля 1620 года, Нацыянальная галерэя, Лондан), якое ўяўляе сабою «карціну ў карціне» і напоўненае больш глыбокім сэнсам, чым іншыя працы гэтага перыяду. Па сюжэце маладая кухарка адрываецца на хвіліну ад падрыхтоўкі ежы, падпарадкоўваючыся жэсту старой жанчыны, якая паказвае ёй на карціну, што вісіць на сцяне. Карціна, у сваю чаргу, адлюстроўвае сцэну з Евангелля, згодна з якой Хрыстос прыйшоў у дом Марыі і Марфы, і яны, адклаўшы хатнія справы, сталі слухаць яго вучэнне. Абедзве карціны пераклікаюцца паміж сабою і могуць успрымацца і як звычайная выява жыццёвага эпізоду, і як алегарычны напамін пра вечныя каштоўнасці.

Пэўную алегорыю ўяўляе сабой і «Прадавец вады з Севільі», на якой немалады ваданос прапануе юнаку келіх з вадой. На дне празрыстай пасудзіны прыкметны плод інжыру, які не толькі надае вадзе асаблівы смак, але і з’яўляецца эратычным сімвалам. Так карціна можа ўяўляць сабой варыянт спакушэння юнака «чарай кахання». Гэты сэнс узмацняецца фігурай дужага маладога чалавека на заднім плане, які дапівае свой келіх.

Прызначэнне прыдворным жывапісцам Малады мастак набыў у Севільі ўжо даволі добрую рэпутацыю. Яго настаўнік Пачэка, а таксама сябры і землякі імкнуліся паспрыяць яго кар'еры. Севільскае зямляцтва пры каралеўскім двары ў Мадрыдзе мела вялікую вагу, чаму нямала спрыяла дзейнасць Гаспара дэ Гусмана Аліварэса, які меў вялікія маёнткі ў Севільі і быў з 1615 года камер-юнкерам інфанта, будучага караля Філіпа IV. Выкарыстоўваючы свой уплыў на наследнага прынца, Аліварэс быў актыўным удзельнікам бесперапынных прыдворных інтрыг, і лабіраванне клікай Аліварэса дзяржаўных спраў імкліва ўзрасло. З 1622 года ён узначаліў урад. Франсіска Пачэка хацеў скарыстацца з гэтае магчымасці дзеля прадстаўлення свайго таленавітага зяця да двара, усталяваўшы адпаведныя кантакты, таму Веласкес быў у першы раз адпраўлены ў Мадрыд з тае нагоды, што трэба пазнаёміцца з калекцыяй жывапісу Эскарыяла. Прадставіць Аліварэсу Веласкеса павінны былі прыдворны каплан, біскуп Хуан дэ Фансека, вядомы мецэнат і гуманіст свайго часу, і паэт і эрудыт Франсіска дэ Рыёха. Але, нягледзячы на тое, што землякі, якія трымаліся у сталіцы разам, спрабавалі дапамагчы мастаку, паўстаць перад манаршымі персонамі ў яго не атрымалася. Аднак, дзякуючы Хуану дэ Фансека, Веласкес ўсё ж такі змог паглядзець каралеўскую калекцыю жывапісу ў Эскарыяле, дзе Карлас I і Філіп II сабралі творы Тыцыяна, Веранезе, Цінтарэта і Басана. Паводле слоў гісторыка Хуліяна Гальегі, малады мастак разумеў абмежаванасць магчымасцяў мастацкіх школ Севільі, і вывучэнне каралеўскай калекцыі, асабліва Тыцыяна, аказала вырашальнае ўздзеянне на стылістычную эвалюцыю Веласкеса, які перамясціў акцэнт са строгага натуралізму яго севільскай эпохі і ад суворых зямлістых спектраў да яркасці серабрыста-шэрага і празрыстасці сіняга колераў у сталым узросце.

Засмуціўшыся ад няўдачы ў Мадрыдзе, у 1623 года Веласкес вярнуўся ў Севілью. Але не паспеў ён прабыць дома і двух месяцаў, як яго дагнаў ліст ад Хуана дэ Фансека з весткай аб смерці прыдворнага жывапісца Радрыга дэ Вільяндранда і аб наяўнасці вакансіі на гэтае месца. Веласкес імкліва рушыў да двара, спыніўся ў доме каралеўскага капелана паэта Луіса дэ Гонгара-і-Арготэ, суперніка Лопе дэ Вегі, і напісаў яго партрэт, які знаходзіцца цяпер у Музеі вытанчаных мастацтваў у Бостане. Гэтая праца, у якой ён тонка прыкмеціў і натуральна і бескампрамісна адлюстраваў смутак, які прысутнічаў у асобе паэта, спрыяла ўмацаванню рэпутацыі Веласкеса сярод сталічнай шляхты як здольнага партрэтыста. Камердынер каралеўскага брата кардынал-інфанта Фердынанда аднёс гэты партрэт у палац і паказаў прынцу. Кардынал-інфант прыйшоў у захапленне і адразу замовіў Веласкесу свой партрэт. На той час выяву Гонгары ўжо пабачыў і сам кароль Філіп IV. Яму спадабалася настолькі, што ён загадаў брату саступіць чаргу пазіравання. Так Веласкес нарэшце атрымаў магчымасць паказаць сябе. Існуе, праўда, версія, згодна з якой карцінай-пропускам у каралеўскі двор для Веласкеса стаў партрэт графа Аліварэса, з якім мастака звёў Хуан дэ Фансека. Выдатны ж ва ўсіх адносінах партрэт Луіса дэ Гонгара-і-Арготэ быў напісаны годам раней, ў 1622 годзе, падчас першага візіту мастака ў Мадрыд.

Вынікам першага пазіравання караля стала карціна «Партрэт Філіпа IV з прашэннем», якая зрабіла фурор (напісаная ў 1623 годзе, да нашага часу не захавалася). Малады манарх, які быў на шэсць гадоў маладзейшы за Веласкеса і сам браў урокі малявання ў фра Хуана Баўтысты Майно, адразу зразумеў і ацаніў ступень мастацкага таленту Дыега. Філіп IV паўтарыў яму абяцанне Аляксандра Македонскага, адрасаванае Апялесу: «Ніхто, акрамя цябе, пісаць мяне больш не будзе». Следствам гэтай першай сустрэчы з каралём было атрыманне Веласкесам загаду ў кастрычніку 1623 года перасяліцца на жыхарства ў Мадрыд. 6 кастрычніка ён быў прызначаны прыдворным жывапісцам замест памерлага Вільяндранда з платаю ў дваццаць дукатаў у месяц, якая не ўлучала ў сябе будучыя ганарары за карціны. Пасля яна толькі павялічвалася.

Хуткая кар'ера Веласкеса выклікала абурэнне і зайздрасць сярод супернікаў — мастакоў Вінсенса Кардучы і Эўхенія Кахеса, якія абвінавачвалі Веласкеса ў тым, што той здольны правільна намаляваць толькі галаву. Як апісвае мастак Хусепе Марцінес, гэта прывяло ў 1627 годзе да конкурснага спаборніцтва паміж Веласкесам і яшчэ трыма мастакамі: Кардуча, Кахесам і Анхелям Нардзі. Пераможцу давалася права намаляваць карціну ў Вялікай галоўнай зале Каралеўскага палаца ў Мадрыдзе на тэму выгнання маўраў з Іспаніі. Старшыня журы Хуан Баўтыста Майно абраў сярод прадстаўленых эскіз Веласкеса і заявіў аб яго перамозе. Карціна ўпрыгожвала Эскарыял да пажару, які здарыўся на куццю 1734 года. Гэты конкурс дапамог змяніць ўстояныя густы каралеўскага двара, адмовіцца ад прыхільнасці да старога стылю жывапісу і пранікнуцца новай гульнёй фарбаў. У сакавіку 1627 года Веласкес заняў пасаду, атрыманую дзякуючы перамозе ў гэтым конкурсе, з гадавым акладам у 350 дукатаў, а з 1628 года заняў пры двары вакантнае месца памерлага прыдворнага мастака Джэймса Марана, якое лічылася найбольш прэстыжным сярод палацавых майстроў. Галоўнымі задачамі прыдворных жывапісцаў было стварэнне партрэтаў каралеўскай сям'і і карцін для ўпрыгожвання каралеўскіх пакояў. Апошняе давала большую свабоду ў выбары тэмы і наогул у творчасці, якой не валодалі мастакі, прывязаныя да заказаў і попыту на рынку. Веласкес таксама меў права прымаць прыватныя заказы, але пасля пераезду ў Мадрыд яму было рэкамендавана пісаць толькі ўплывовых персон каралеўскага двара. Вядома, што ён напісаў некалькі партрэтаў караля, яго жонкі і графа-герцага. Некаторыя з іх — напрыклад, два конныя партрэты — у маі 1627 года былі адпраўленыя герцагу Ганзага ў Мантую яго мадрыдскім пасланнікам, а некаторыя загінулі падчас пажару 1734 года.

Першае падарожжа ў Італію