Малагасі́́йцы (малаг. Foko malagasy), або мальгашы́ (франц. Malgache) — карэннае насельніцтва Мадагаскара. Агульная колькасць — каля 22 млн чалавек (2011 г.).
Продкі малагасійцаў трапілі праз Індыйскі акіян на Мадагаскар з Паўднёва-Усходняй Азіі ў першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. На працягу стагоддзяў яны змешваліся з насельнікамі суседняй Усходняй Афрыкі. На вялікай прасторы вострава яны падзяліліся на шмат этнічных груп, кожная з якіх мае свае гістарычныя і культурныя адметнасці.
Малагасійская мова належыць да аўстранезійскай моўнай сям’і, болей пашыранай у Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі.
Гісторыя
Паходжанне Малагасійцы значна адрозніваюцца па мове і культуры ад іншых насельнікаў Афрыкі. Па паходжанню яны з’яўляюцца аўстранезійцамі. Продкі сучасных малагасійцаў трапілі на Мадагаскар з Паўднёва-Усходняй Азіі ў прамежку часу паміж 350 г. да н.э. і 550 г. н.э. Найбольш блізкія да іх па мове — тубыльцы Паўднёвага КалімантанаAdelaar K. A. The Austronesians: Historical and Comparative Perspectives, ANU E Press, 2006. Гл. раздзел: East Barito: Who Were the Malayo-Polynesian Migrants to Madagascar?. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі геаграфічнага становішча Мадагаскара, які адлучыўся ад Паўднёвай Азіі 65 млн гадоў таму і знаходзіўся ў ізаляцыі ад Афрыкі дзякуючы небяспечным плыням шырокага Мазамбікскага праліва. У той жа час, у пэўныя сезоны плаванне праз Індыйскі акіян можа быць адносна спакойным. Другая прычына — культура саміх аўстранезійцаў, якія дзякуючы сваім навыкам выдатных мараплаўцаў і навігатараў здолелі засяліць вялізарныя прасторы Зондскага архіпелага, суседніх астравоў, а таксама Акіяніі.
З XIX ст. выказвалася думка, што да з’яўлення продкаў малагасійцаў на Мадагаскары мелася насельніцтва афрыканскага паходжання. Спасылаліся на малагасійскі фальклор, які сцвярджае, што продкі перасяленцаў з Азіі сустрэлі на востраве нізкарослых абарыгенаў вазімба, якія маглі быць сваякамі афрыканскіх бушменаў або пігмеяў. Да таго ж, для насельнікаў заходняга Мадагаскара характэрны негроідныя рысы (у іншых малагасійцаў яны не так выразны), а бара наогул сцвярджаюць, што калісьці жылі на Афрыканскім кантыненцеКулик С. Когда духи отступают. — М.: Мысль, 1981. С. 195.
Археалагічныя знаходкі фіксуюць прысутнасць афрыканцаў на поўначы Мадагаскара толькі эпохай Сярэднявечча (IX—XII стст). У прыватнасці, знаходзяць кераміку, тыповую для ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі, дзе фарміравалася культура сучасных суахілі. Відавочна, што суахілі маглі быць гандлярамі, а не абавязкова перасяленцамі. Да таго ж, яны з’явіліся пазней за аўстранезійцаў.
Альтэрнатыўны пункт гледжання засноўваўся на ідэі, што да аўстранезійскага перасялення існавала больш ранняе з Азіі (каля 1500 г. да н.э.), і першымі перасяленцамі былі азіяцкія цемнаскурыя і маларослыя аўстралоіды, якія хутка згубілі мараходныя навыкі і пачалі займацца збіральніцтвам і паляваннем.
З сярэдзіны XX ст. прыводзілася ўсё больш фактаў, якія сведчылі на карысць першынства выхадцаў з Азіі, у тым ліку адкрыццё сувязі малагасійскай мовы з гаворкамі Калімантана, распаўсюджанне раслін азіяцкага паходжання на ўсходзе Афрыкі і г. д. Выказваліся нават думкі, што азіяцкая міграцыя была значна шырэйшай і ахоплівала саму Афрыку, нават яе ўнутраныя раёны.
Большасць сучасных даследчыкаў падтрымлівае думку, што ранняй міграцыі з Азіі і Афрыкі не было. Аўстранезійцы былі першымі насельнікамі Мадагаскара, але засяленне адбылося ў выніку не адной, а шматлікіх міграцый, прычым не абавязкова прамых. Засяленне магло ісці праз Шры-Ланку і Каморскія астравыГл. агляд кнігі: Arlette Kouwenhoven and Toussaint Raharison, Madagascar, the Red Island. . Да таго ж, не трэба забываць і пра тое, што сталыя працэсы перасялення з месца на месца былі характэрныя пазней і для ўнутраных рэгіёнаў вострава. Афрыканцы трапілі на Мадагаскар пазней за аўстранезійцаў у якасці гандляроў, часам перасяленцаў і рабоў. Аднак іх уплыў быў вельмі значным. Генетычныя даследаванні, апублікаваныя ў 2005 г., паказалі, што прыкладна 50 % генетычнай спадчыны сучасных малагасійцаў мае ўсходнеафрыканскае паходжанне The cryptic past of Madagascar. Human inhabitants of Madagascar are genetically unique..
У сярэднявеччы і пазней адчуваўся моцны ўплыў арабаў і індыйцаў. Да з’яўлення на Мадагаскары партугальцаў у 1500 г. на паўночным узбярэжжы меліся паселішчы мусульман. Першыя запісы сара-бе на малагасійскай мове былі зроблены арабскімі літараміUncoding the Sora-bé of Madagascar .
Пасля адкрыцця вострава партугальцамі малагасійцы зведалі таксама еўрапейскі ўплыў. Ён стаў асабліва адчувальным у XVII—XVIII стст., калі піраты з Карыбскага мора аблюбавалі ўсходняе ўзбярэжжа Мадагаскара і востраў Сен-Мары. Яны стваралі сталыя паселішчы, жаніліся на мясцовых жанчынах, мелі шматлікіх нашчадкаў занамалатаThe Crimson Pirate’s Pirate Information-Pirate Places: Madagascar . Такім чынам, многія жыхары поўначы і ўсходу набылі еўрапеоідныя рысы.
Фарміраванне нацыі Да прыходу еўрапейцаў малагасійцы не былі адзіным народам і не мелі агульнай этнічнай тоеснасці. Розныя этнічныя групы стаялі на рознай ступені сацыяльнага і палітычнага развіцця. Каля XIV ст. сфарміравалася першае дзяржаўнае ўтварэнне Амбухідратрыму. У канцы XVI — XVIII стст. узніклі іншыя малыя дзяржавы Kingdoms of Africa. Madagascar..
У XVII ст. на землях цэнтральнага нагор’я правадыром Раламбу была заснавана дзяржава, якая паступова пашыралася і ў выніку ператварылася ў Імерыну, дзяржаву мерына. Канчатковае аб’яднанне мерына і заваяванне цэнтральнага нагор’я завершыў Андрыямпуінімерына (1780—1810 гг.). Яму прыпісваецца шэраг важных рэформ сацыяльнага ладу і ўвядзенне першаснай сістэмы адукацыіAlexander Ives Bortolot, Kingdoms of Madagascar: Maroserana and MerinaMadagascar: Origin and rise of the Merina Kingdom (c1650-1828). Яго нашчадак Радама I (1810—1828 гг.) захапіў большую частку Мадагаскара і ў 1817 г. падпісаў мірнае пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое дало яму еўрапейскае прызнанне. З 1818 г. на востраве пачалі дзейнічаць брытанскія місіянеры, якія стварылі адзіную сетку хрысціянскіх школ, перавялі пісьмовасць на лацінку і пачалі кнігадрукаванне. Важным было стварэнне рэгулярнай арміі, аснову якой склалі мерына і бецылеу. Далейшыя рэформы дзяржаўнага дзеяча Райнілайрывуні (1828—1896 гг.), што ў 1864—1895 гг. займаў пост першага міністра, садзейнічалі стварэнню адзінага дзяржаўнага апарата, судовай сістэмы, эканамічнаму росту. У выніку на Мадагаскары склалася праслойка адукаваных чыноўнікаў і ваенных з розных этнічных групЕмельянов А. Л., Мыльцев П. А. Забытая история великого острова. — М.: Наука, 1990. С. 17—41., якія ўсведамлялі і адстойвалі адзінства малагасійцаў.
У выніку дзвюх ваенных кампаній Францыя захапіла Мадагаскар у 1895 г. і ператварыла яго ў калонію. Каланіяльныя ўлады імкнуліся разбурыць традыцыйную сістэму сацыяльных адносін, пераўладкаваць землекарыстанне, пабудаваць рыначную эканоміку, што прывяло да росту гарадоў, дзе сяліліся і ўзаемадзейнічалі прадстаўнікі розных этнічных груп. Малагасійцы атрымалі магчымасць вучыцца ў французскіх школах. Быў створаны пласт чыноўнікаў і інтэлектуалаў-малагасійцаў. Такім чынам, да II сусветнай вайны склалася адзіная малагасійская інтэлігенцыя, узнік нацыяналістычны рух за незалежнасцьMADAGASCAR: Colonial Era, 1894—1960.
Канчатковае фарміраванне малагасійцаў як нацыі адбылося пасля абвяшчэння незалежнасці Мадагаскара 26 чэрвеня 1960 г.
Этнічныя групы
Нягледзячы на значнае падабенства ў мове і культуры, малагасійцы падзяляюцца на этнічныя групы, якія сфарміраваліся да канца XVIII ст. і адрозніваюцца паходжаннем, рэлігійнымі традыцыямі, заняткамі і інш. Яны насяляюць розныя рэгіёны Мадагаскара.
Вылучаюць наступныя буйныя этнічныя групы:
Антайфасі Антаймуру Антайсака Антамбахуака Антанкарана Антанусі Антандруй Бара Бецылеу Бецымісарака Безанузану Махафалі Мерына Сакалава Сіханака Танала Цыміхеты Зафісуру
Даволі спецыфічнай малой этнічнай групай з’яўляюцца мікеа, што насяляюць лес Мікеа на поўдні Мадагаскара.
Знутры гэтых этнічных груп існуюць і яшчэ меншыя, якія сфарміраваліся на аснове блізкага сваяцтва, агульных прафесійных заняткаў, у выніку міграцыі і г. д.Гл. урывак з the Country Studies Program, formerly the Army Area Handbook Program: Madagascar — Population
Культура
Гаспадарчыя заняткі Відавочна, першыя хвалі перасяленцаў на Мадагаскар займаліся пераважна ловам рыбы, паляваннем і збіральніцтвам. З’яўленне чалавека можа растлумачыць выміранне шматлікіх эндэмічных відаў жывёл, у тым ліку эпіорніса, мадагаскарскага гіпапатама, вялікіх лемураў і г. д. Буйных дзікіх жывёл амаль не засталося. Да канца XIX ст. паляванне перастала быць істотнай формай забеспячэння для малагасійцаў, у той час як збіральніцтва доўгі час заставалася важным для жыхароў лясной мясцовасці і ўзбярэжных рэгіёнаў.
Разнастайнасць прыродна-геаграфічных рэгіёнаў Мадагаскара прывяла да істотных адрозненняў у гаспадарчым жыцці малагасійцаў. Насельнікі вільготных трапічных раёнаў займаліся пераважна земляробствам, узбярэжжа — земляробствам і ловам рыбы, цэнтральных умераных раёнаў — земляробствам і жывёлагадоўляй, а для жыхароў засушлівых захаду і поўдня больш важнай заставалася жывёлагадоўля. Цікава, што земляробчыя тэхналогіі і культуры прыйшлі на Мадагаскар з Азіі. Назвы амаль усіх свойскіх жывёл — з Усходняй АфрыкіКирей Н. Этнография народов Африки. Учебное пособие. — Краснодар: изд. Кубан. ун-та, 1983. С. 102..
Галоўнай сельскагаспадарчай культурай малагасійцаў з’яўляецца рыс. У некаторых раёнах усходняга ўзбярэжжа — тара і іншыя клубняплоды. Акрамя таго, вырошчваюць розныя віды садавіны і гародніны, какосавую пальму, на продаж — спецыі, эфіра-алейныя культуры, каву, тытунь і г. д. Земляробствам займаюцца пераважна мужчыны, аднак жанчыны і дзеці аказваюць дапамогу. Раней зямлю апрацоўвалі вузкімі доўгімі лапатамі з увагнутымі лёзамі. У цэнтральных раёнах рыс збіралі ўручную з дапамогай нажа. Для вырошчвання гэтай працаёмкай культуры будавалі дамбы і складаныя ірыгацыйныя сістэмы.
Жывёлагадоўля адыгрывае дастаткова важную ролю ў цэнтральных раёнах вострава, асабліва з XVIII ст., калі вываз быдла складаў галоўную частку знешняга гандлю. На захадзе і поўдні яна — найбольш важны эканамічны занятак. Малагасійцы трымаюць коз, свінняў, курэй і іншую жывёлу, але традыцыйна найбольш важным з’яўляецца гадоўля зебу. Для этнічнай групы бара зебу — гэта галоўны сродак існавання. Пераважае адгонны спосаб утрымання. Жывёлу захоўваюць у агароджаных месцах, у тым ліку для прадухілення ўгону, паколькі крадзеж быдла ў бара і антадруй з’яўляецца звычайным, амаль «спартыўным» заняткамBara of Madagascar. На Мадагаскары карыстаюцца папулярнасцю і сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы і гульні савіка з удзелам быкоў зебуSavika — Wrestling Angry Bulls in Madagascar.
Рамяство вылучылася як самастойны занятак толькі ў другой палове II тысячагоддзя н.э. Малагасійскія рамеснікі славіліся як выдатныя разьбяры, ліцейшчыкі і ткачы. Ткацтва, пляценне і апрацоўка дрэва былі звычайнымі заняткамі ў сельскай мясцовасці. З узнікненнем гарадоў у XIX ст. рамеснікі вылучыліся ў асобную катэгорыю насельніцтва, пачалі ствараць рамесныя карпарацыі. Разьбяную мэблю і хатняе начынне, плеценыя цыноўкі не лічылі прывілегіяй заможных. Яны сустракаліся нават у хатах бедных малагасійцаў. У XIX ст. вылучыліся і іншыя заняткі — камерцыйная здабыча карысных выкапняў, пераноска грузаў. Паколькі добрых дарог на востраве тады не было, носчыкі маруміты сталі першай групай наёмных рабочых.
Асаблівасці кулінарыі Нават у раёнах, населеных жывёлагадоўцамі, аснову штодзённай ежы складае рыс. Яго вараць і ядуць с вострай падлівай. Муку з рысу не робяць. Малагасійцы не соляць ежу. Соль ужываецца самастойна, звычайна перад сняданкамКирей Н. Этнография народов Африки. Учебное пособие. — Краснодар: изд. Кубан. ун-та, 1983. С. 104..
Матэрыяльная культура