Ян Карцан (?, Вялічкі — ) — друкар i кнігавыдавец.
Біяграфія Нарадзіўся ў Вялічках. Паводле веравызнання — пратэстант. Друкарскай справе навучаўся ў Кракаве. Упершыню асталяваўся на працы ў мястэчку Лоск, дзе змяніў на пасадзе выдаўца Даніеля Лянчыцкага, які працаваў у магната Яна Кішкі і выехаў у Вільню. У 1576 годзе выходзяць з так званай Замковай друкарні Яна Кішкі сачыненне Сымона Буднага «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры» і праца Цыцэрона «Аб павіннасцях», перакладзеная на польскую мову Станіславам Кашуцкім. За час працы ў Лоску ў 1576—1580 гадах Карцан выпусціў сем кніг: пяць на польскай мове і дзве на лацінскай.
Пасля імя Карцана сустракаецца на выданнях, што выходзяць у Вільні. 31 ліпеня 1599 года ўступіў у законнае ўладанне домам у Вільні на Бернардзінскай вуліцы, які адкупіў у віленскага мешчаніна Захарыяша Амуратовіча. Першыя кнігі выдаўца віленскага перыяду: «Выклад малітваў» («Wykład na modlitwę Pańską») Станіслава Судроўскага і «Новы запавет» («Nowy testament») датуюцца 1580 годам. У 1583 годзе перавыдае ў Вільні сачыненне «Аб павіннасцях», а ў 1595 годзе ўпершыню выдае сачыненне Цыцэрона «Кнігі аб старасці» ў перакладзе Беняша Буднага. У 1595 годзе таксама выдае «Гісторыю Іўдзейскай вайны» ў дзвюх частках і сачыненне Яна Казаковіча «Дух Данііла» — вершы на пахаванне, напісаныя лацінай і польскай. У 1600 годзе Ян Карцан выпускае сачыненне Юста Ліпсіуса «Аб сталасці» ў перакладзе Януша Пятровіча, якое ў 1649 годзе перавыдана ў Кракаве і ў 1770 — у Вільні. Важнае месца ў гэтым раздзеле выдавецкага плану Карцана займаюць кнігі Яна Пратасавіча.
У самым канцы XVI — пачатку XVII стст. Карцан друкуе серыю падручнікаў. Каля 1599 года выходзіць «Лемантар» польскай мовы. У 1602 годзе ў Вільні выходзіць падручнік арыфметыкі — «Алгарытм», складзены ў свой час Бернардам Воевудкай. Пазней Карцан распачаў выпуск у Літве кніг па медыцыне, а таксама прыступіў да выпуску календароў («Новы і стары каляндар на год…1606»). Апошні раз подпіс Яна Карцана з’явіўся на брашуры З. Мічынскага («Oratio»), выдадзенай у студзені 1611 года.
За 1580-1611 гады Ян Карцан выдаў 101 кнігу на польскай, лацінскай і грэчаскай мовах; сярод іх, сачыненні антычных аўтараў — 11, на маральна-этычныя тэмы — 4, навукова-вучэбная літаратура — 7, па медыцыне — 3, на палітычныя тэмы — 10, апісанне вандровак — 3, календары — 3, палемічная літаратура — 9, панегірыкаў — 22, тэалагічнага характару — 21, на іншыя тэмы — 8.
Пасля смерці Яна Карцана друкарня перайшла яго сыну Іосіфу.
Крыніцы
Літаратура Карцан Ян // Энцыклапедычны даведнік. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. — Мн., 1995. Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве / Выд. «Mintis» — Вильнюс, 1970. Самусiк А. Ф. Вучэбна-метадычныя выданні Віленскай друкарні Я. Карцана (1580—1611) // Матэрыялы ХV міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, Мінск, 4-5 красавіка 2019 г. / Нац. б-ка Беларусі; склад. : Т. А. Сапега [і інш.]. Мінск, 2019. С. 197—201.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў XVI стагоддзі Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага