Ягор Зубовіч (нар. , ) — беларускі футбаліст, нападнік гродзенскага «Нёмана».

Клубная кар’ера Пачаў займацца футболам ва Уздзе, пасля трапіў у Мінск. Гуляў за розныя клубы. Выдатна правёў сезон 2011, стаўшы найлепшым бамбардзірам бабруйскай «Белшыны» і адным з лепшых у чэмпіянаце.

У снежні 2011 года перайшоў у беластоцкую «Ягелонію». Але праз два тыдні быў звольнены галоўны трэнер польскай каманды Чэслаў Міхневіч, а новы трэнер не бачыў Зубовіча ў складзе. У выніку Ягор вярнуўся ў Беларусь, трапіўшы ў арэнду ў наваполацкі «Нафтан». Пазней арэнда падаўжалася, у студзені 2013 года чарговы раз было падпісана арэнднае пагадненне.

У ліпені 2013 года з «Нафтана» перайшоў на правах арэнды ў гродзенскі «Нёман». У гродзенскім клубе здолеў замацавацца ў якасці асноўнага нападніка. Па заканчэнні сезона вярнуўся ў «Ягелонію», але не здолеў прыглянуцца трэнерскаму штабу і ў лютым 2014 года зноў адправіўся ў Гродна. Першую палову сезона 2014 правёў у якасці цэнтральнага нападніка, пасля апусціўся на месца атакуючага паўабаронцы. З 12 галамі стаў найлепшым бамбардзірам клуба ў сезоне.

У студзені 2015 года, пакінуўшы «Нёман» па заканчэнні арэнды, далучыўся да стану «Ягелоніі». Аднак, у выніку не трапіў на збор беластоцкага клуба ў Турцыю. У выніку адправіўся на прагляд у «Слуцк», з якім у сакавіку 2015 года падпісаў арэнднае пагадненне. З 8 галамі стаў найлепшым бамбардзірам «Слуцка» ў сезоне 2015. Па заканчэнні сезона вярнуўся з арэнды ў «Ягелонію».

У сакавіку 2016 года ў аднабаковым парадку разарваў пагадненне з польскім клубам з-за сістэматычнай нявыплаты заробку. Неўзабаве прыбыў на прагляд у мінскае «Дынама» і падпісаў кантракт. У складзе дынамаўцаў стаў у асноўным выхадзіць на замену. У снежні 2016 года па заканчэнні кантракта пакінуў сталічны клуб.

У лютым 2017 года праходзіў прагляд у карагандзінскім «Шахцёры», але пазней далучыўся да «Тарпеда-БелАЗ» і неўзабаве падпісаў кантракт з гэтым клубам. У складзе жодзінцаў стаў адным з асноўных нападнікаў, правёў усе 30 матчаў чэмпіянату, з 11 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды. Па заканчэнні сезона ў лістападзе 2017 года пакінуў «Тарпеда-БелАЗ».

У снежні 2017 года стаў іграком малайзійскага клуба «Малака Юнайтэд». Стаў асноўным нападнікам каманды, у сезоне 2018 з 12 галамі стаў чацвёртым бамбардзірам чэмпіянату Малайзіі. У снежні 2018 года пакінуў клуб.

У студзені 2019 года ў чарговы раз стаў іграком мінскага «Дынама». У пачатку сезона 2019 часцей выхадзіў на замену, пасля стаў звычайна з’яўляцца ў стартавым складзе. У пачатку 2020 года трэніраваўся з дынамаўцамі, аднак у лютым па пагадненні бакоў пакінуў сталічны клуб. У хуткім часе далучыўся да казахстанскага клуба «Жэтысу» і неўзабаве падпісаў з ім кантракт. У складзе «Жэтысу» пераважна выхадзіў на замену. У студзені 2021 года стала вядома, што Зубовіч разам з іншымі беларускімі ігракамі пакінуў «Жэтысу».

У лютым 2021 года стаў трэніравацца з гродзенскім «Нёманам» і неўзабаве падпісаў кантракт. Па выніках сезона 2023 з 14 галамі стаў другім бамбардзірам чэмпіянату Беларусі і дапамог «Нёману» заваяваць срэбраныя медалі. У студзені 2024 года на два гады падоўжыў кантракт з гродзенскім клубам.

Міжнародная кар’ера Гуляў за моладзевыя зборныя розных узростаў. У 2011—2012 гадах выступаў у алімпійскай зборнай Беларусі.

Дасягненні Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 2008, 2023 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2016 Уладальнік Кубка Беларусі (2): 2012, 2024 Пераможца Другой лігі чэмпіянату Беларусі: 2005 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (2): 2011, 2023

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Партызан Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК ПМЦ Паставы Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Белшына Катэгорыя:Ігракі ФК Ягелонія Беласток Катэгорыя:Ігракі ФК Нафтан Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Слуцк Катэгорыя:Ігракі ФК Малака Юнайтэд Катэгорыя:Ігракі ФК Жэтысу Талдыкарган Катэгорыя:Футбалісты на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года