Луцкі замак (), таксама вядомы як Замак Любарта (), — адзін з двух часткова захаваных помнікаў архітэктуры і гісторыі нацыянальнага значэння Украіны эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з найбуйных, найстаражытных і лепш за ўсё захаваных замкаў ва Ўкраіне. Галоўны аб’ект гісторыка-культурнага запаведніка «Стары Луцк», культурны цэнтр і найстарэйшае збудаванне ЛуцкаКнига рекордів Волині. Кравчук П. А., Луцьк, 2005 р., ст. 14.

Гістарычна Луцкі замак уяўляў сабой двухчасткавы комплекс: Верхні замак, які служыў крэпасцю і княжай рэзідэнцыяй, і Вакольны замак, які з’яўляўся абнесеным мурамі гарадскім пасадам. Да цяперашняга часу захаваўся толькі Верхні замак, пад якім сёння, як правіла, і маецца на ўвазе Луцкі замак.

Прадвеснікам Луцкага замка прынята лічыць невялікае селішча, якое ўзнікла яшчэ ў X стагоддзі на ўзгорку, аблямаваным выгінамі ракі Стыр. Летапісны Лучэск з ягонай крэпасцю лічаць стварэннем Уладзіміра Святаславіча Вялікага. Крэпасць не была такой магутнай і абараназдольнай, як за часы літоўскіх князёў, аднак, не зважаючы на гэта, у 1069 годзе здолела вытрымаць аблогу польскага войска падчас паходу на Кіеў караля Баляслава II Смелага.

Будаўніцтва Верхняга замка пачалося ў 1350-я гады і ў асноўным было завершана ў 1430 годзе, хаця некаторыя элементы (напрыклад, вышыня веж) яшчэ мяняліся на працягу наступных стагоддзяў. Вакольны замак пачалі рэканструяваць у цэгле з 1502 года. З часу пабудовы замкі былі рэзідэнцыяй Вялікага князя, а пасля Люблінскай уніі і ўваходжання ў Каралеўства — рэзідэнцыяй каралеўскай улады, дзе былі засяроджаны палітычныя, адміністрацыйныя, судовыя, абарончыя, рэлігійныя функцыі цэнтра Валынскага ваяводства.

У 1429 годзе ў княскім палацы Верхняга замка праходзіў важны з’езд еўрапейскіх манархаў, мэтай якога было вырашэнне палітычных і эканамічных пытанняў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і вырашэнне пытання пра каранацыю Вітаўта. Замкі неаднаразова падвяргаліся нападам. Так, у 1431 годзе падчас «Луцкай вайны» замкі вытрымалі аблогу войск палітычных супернікаў вялікага літоўскага князя Свідрыгайлы.

На тэрыторыі замкаў знаходзіліся дзве хрысціянскія кафедры — лацінскі касцёл Святой Тройцы і праваслаўная царква Івана Багаслова. У іх праходзілі, апрач таго, сходы і соймікі валынскай шляхты абодвух веравызнанняў. У замку дзейнічалі розныя суды, якія займаліся пытаннямі гарадскога і ваяводскага ўзроўняў. У асобны перыяд у замку дзейнічаў асобы суд — Трыбунал Луцкі, якому падпарадкоўваліся некалькі ваяводстваў.

У XVIII стагоддзі замак пачаў занепадаць, што было звязана з пераменамі грамадства Рэчы Паспалітай. Вакольны замак спыніў сваё існаванне, а ў XIX стагоддзі, калі Валынь была анексаваная Расійскай імперыяй, Верхні замак таксама перастаў выкарыстоўвацца па прызначэнні. Засталіся руіны, якія толькі на мяжы XIX—XX стагоддзяў сталі ахоўваць законам.

На працягу XX стагоддзя Верхні замак і рэшткі Вакольніка былі рэстаўраваны і на сённяшні дзень адкрыты для наведвання. У пачатку XXI стагоддзя адноўлена частка сцяны вакольнага горада.

У 2011 годзе падчас акцыі «Сем цудаў Украіны» замак заняў першае месца.

Гісторыя Будаўніцтва луцкіх замкаў вялося ў некалькі будаўнічых перыядаў, якія ахоплівалі цагляную гісторыю будаўніцтва, да якой на месцы гэтых замкаў існаваў драўляны дзядзінец.

Драўляны дзядзінец Буйное ўмацаванае селішча на месцы сучаснага замка размяшчалася на ўзгорыстай выспе пасярод балот ужо з X стагоддзяТерський С. Історія Луцька. Том 1. Лучеськ Х—XV ст. — Львів, 2006 — С. 35. Ягоныя ўмацаванні былі драўлянымі і ахоплівалі амаль усю выспу. У канцы XI стагоддзя пачынаецца збудаванне гліняна-пяшчанага вала ў некалькі этапаў. Спачатку вышыня вала дасягала 1 метра, але з часам яго нарасцілі да 3 метраў. На гэтым вале і па ўсёй плошчы выспы з’явіліся новыя магутныя драўляныя ўмацаванні, якія мелі выгляд складаных сечаных збудаванняў накшталт гародняў з падсябіццяміЛітопис Руський… С .227—228.

Дзядзінец паспяхова вытрымліваў працяглыя і цяжкія аблогі. У 1073 годзе яго аблажылі войскі Баляслава Смелага. У Іпацьеўскім летапісе згадкі пра Луцкую крэпасць датаваны 1085 годам, калі падчас міжусобных войнаў Уладзімір Манамах узяў у палон маці і жонку князя Яраполка, які ў той момант адправіўся па ваенную дапамогу ў Польшчу.

У 1150 годзе палкі Юрыя Далгарукага трымалі Лучэск (тагачасная назва Луцка) у аблозе шэсць тыдняў, але так і не змаглі яго пакарыцьКотляр Н. Формирование территории и возникновение городов Галицко—Волынской Руси ІХ—ХІІІ вв. — К., 1985 — С. 60. У 1175—1180 гадах пасярод дзядзінца ўзводзіцца мураваная царква Івана Багаслова. У гэты час дзядзінец канчаткова фарміруецца як княскі двор — галоўная рэзідэнцыя князя. Тут жыла княжая сям’я, розныя службовыя асобы. У 1259 годзе горад упаў падчас аблогі войскам залатаардынскага бека Курэмсы. Ужо праз два гады князь Васілька Раманавіч, на патрабаванне ханскага ваяводы Бурундая, быў вымушаны разабраць умацаванні Луцка. Такім чынам, некаторы час умацаванняў не было ўвогуле, аднак па меры паслаблення залежнасці Валынскага княства ад Залатой Арды, у першай чвэрці XIV стагоддзя, драўляныя ўмацаванні былі адноўлены цалкам.

Любарт, як першы будаўнік мураванага замка

У 1331 годзе сын Вялікага князя літоўскага Гедзіміна, Любарт, ажаніўся з Агрыпінай, дачкой Вялікага князя Галіцка-Валынскага Андрэя II Юр’евічаРжежабек И. Юрий II — последний князь всея малыя Руси//ЧИОНИЛ кн.5, — К,1891, — с.56. У 1340 годзе Любарт стаў каралём Русі (Вялікім князем Галіцка-Валынскім)Грушевський М. Історія України—Руси, т. IV, — К., 1993 — С. 55—141. Прыблізна ў гэты час разгортваюцца шырокія работы па адбудоўванню ўмацаванняў. Устанавіць дакладную дату пачатку работ немагчыма, але ёсць падставы меркаваць, што будаўніцтва каменнага замка пачалося не раней за сярэдзіну XIV стагоддзяМалевская М. Применение брускового кирпича. Сов. археология, 4/89, С. 215—216. Будаўніцтва, аднак, не абмяжоўвалася адным толькі замкам: была збудавана дамба для ўзняцця ўзроўню вады вакол княжай рэзідэнцыі і ўзведзены пад’ёмны мост праз роў перад Уязной вежай. Само цаглянае будаўніцтва вялося ўжо за межамі цеснага дзядзінца, ахапляючы адну з яго сцен, што дазволіла пашырыць агульны пляц умацаванняў. Цагліна памерамі 28-30 см х 12,5-15 см х 7,5-9 см выкладзена ў тэхніцы гатычнага мура. Такім чынам былі ўзведзены Уязная вежа, княскі палац і заходні мур. Гэтыя работы склалі першы будаўнічы перыяд, храналагічныя рамкі якога лагічна лічыць 1352—1366 гады — ад заключэння перамір’я з Казімірам III да аднаўлення баявых дзеянняў (тут і далей датыроўка перыядаў прыводзіцца паводле Пятра Траневіча)Троневич П. Луцький замок в історії України. — Луцьк, 2007..

У 1366 годзе з прычыны страты сталічнага горада Уладзіміра Любарт пераносіць сталіцу ў Луцк і такім чынам канчаткова зацвярджаецца тутТроневич П. Волинь в сутінках української історії XIV—XVI ст. — Луцьк, 2003 — С. 18. Неадкладна аднаўляюцца маштабныя работы па перабудове ўмацаванняў. У гэты час вакольны горад (пасад), які па старажытнарускай традыцыі размяшчаўся вакол дзядзінца, перабудоўваецца ў Вакольны замак — пакуль яшчэ драўляны, з гароднямі і абарончымі вежамі. Ягоная тэрыторыя забудоўваецца дварамі набліжаных да Любарта — саноўнікаў, біскупаў і іншай шляхты. Само ж гарадское насельніцтва выцясняецца за межы Вакольнага замка. У 1370 годзе памёр Казімір III, і вайна спынілася, што дазволіла прадоўжыць фартыфікацыю Лучэска. Уязную вежу надбудавалі на адзін ярус і ўвянчалі шатровым дахам. Значную частку паўночнай і ўсходняй драўляных сцен замянілі цагляным мурам. Была закладзена Стыравая вежа з контрфорсамі па знешніх кутах, тоесныя контрфорсам Уязной вежы. Вежу ўзвялі толькі да ўзроўню вышыні абарончых сцен. Выкарыстаная цэгла была бліжэй да адзінага стандарту, адрознівалася лепшай якасцю абпалу і сыравіны. Каб прадухіліць спаўзанне падмурка з вала, будаўнікі ўжывалі выраўноўванне асновы з дапамогай ступеньчатых тэрасКучінко М. Звіт, 1986, с.4 Архів ЛДІКЗ, № 77. Разам з тым яны выкарыстоўвалі адмысловы прыём — тонкія прарэзы на швах раствора паміж цаглінамі, што дазваляе лёгка на вока вызначыць участкі сцен, збудаваныя ў гэты час. Усе гэтыя змены адносяцца да другога будаўнічага перыяду, які завяршыўся са смерцю Любарта ў 1385 годзе. Такім чынам, у двух замках — Верхнім і Вакольным — засяродзіліся ўсе органы ўлады і кіравання Валынскім княствам: заканадаўчыя, выканаўчыя, судовыя і царкоўныя. Месца стала прэстыжным раёнам, дзе ўласнасцю валодалі толькі багатыя мяшчане, прадстаўнікі ўлады і духавенства. Аднак эканамічна і культурна развітае гарадское грамадства, відаць, не зведала ад гэтага істотных неспрыяльных наступстваў. Забудова за межамі замкаў, хоць і заставалася драўлянай, вялася са значна большым размахам і манументальнасцюСайчук Б. Отчет о проведении спасательных археологических работ в Старом городе Луцка Волынской области. — Луцк, 1989.— С. 7, 14. Архів ЛДІКЗ, № 203.

Замак за часы Вітаўта Пераемнікам Любарта стаў яго сын Фёдар Любартавіч. Аднак ён не меў поўных правоў на луцкае княжанне, паколькі быў сынам Любарта не ад першага шлюбу. У 1387 годзе ў Луцку ўладкаваўся літоўскі князь Вітаўт са сваёй сям’ёй, князямі і баярамі. З 1392 года Луцкае княства перайшло да яго навечна, і тады ж ён стаў Вялікім князем літоўскім. Вітаўт надаваў Луцку вялікую ўвагу: ён часта тут бываў і ўключыў горад у поле сваёй вялікакняскай палітыкі. У гады ягонага кіравання Луцк набыў статут неафіцыйнай паўднёвай сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Гэта, несумненна, мела вялікае значэнне для замкаў, асабліва для Верхняга — рэзідэнцыі вялікага князя. На час праўлення Вітаўта прыпадае трэці будаўнічы перыяд, які праходзіў у некалькі этапаў. Галоўным вынікам гэтага перыяду стала завяршэнне будаўніцтва Верхняга замка поўнасцю ў цэгле: былі дабудаваны паўночны і ўсходні муры, а на іхнім стыку ўзведзена Уладыцкая вежа. Усе тры вежы пакрылі гонтай. Уладыцкая вежа, у адрозненне ад іншых, была ўзведзена ў адзін будаўнічы цыкл. Характар мура і памеры цэглы цалкам ідэнтычныя выкарыстаным у замку Вітаўта ў Горадні, што сведчыць пра працу адной і той жа арцелі майстроў у абодвух гарадах. На тэрыторыі замка таксама размяшчаўся княскі палац, які з часам, як і сам замак, перайшоў у каралеўскую ўласнасць. Як вядома з дакументаў, у сярэдзіне XVI стагоддзя на месцы старога палаца пачалося будаўніцтва новага, з выкарыстаннем італьянскіх (меркавана, рэнесансных) архітэктурных элементаў. Палац прымыкаў да Уязной вежы і меў памеры: 28 сажняў у даўжыню, 6 у шырыню і 10 у вышыню. У 1427 годзе Вітаўт дабіўся ад Папы Рымскага Марціна V булы для пераносу каталіцкай кафедры з Уладзіміра ў Луцк. У сувязі з гэтым яшчэ ў 1425 годзе ў Вакольным замку пачалося ўзвядзенне драўлянага касцёла Святой Тройцы, завершанае праз два гады.

У 1429 годзе ў сценах замка (у княскім палацы) адбыўся знакаміты з’езд еўрапейскіх манархаў, на якім прысутнічалі імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд, польскі кароль Ягайла, дацкі кароль Эрык, вялікі князь літоўскі Вітаўт, вялікія князі маскоўскі, разанскі і цвярскі, вышэйшыя прадстаўнікі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, папскі легат, паслы ад візантыйскага імператара Іаана Палеолага, татарскія ханы, валашскі ваявода, і іншыя. На з’ездзе, сярод іншых пытанняў, вырашалася пытанне каранацыі Вітаўта каралём Літвы, што прывяло да рэзкага абвастрэння адносін з Каралеўствам Польскім. Аднак неўзабаве Вітаўт сканаў, так і не стаўшы каралём. Цяжкая спадчына ў выглядзе напружаных адносін з Польшчай перайшла да ягонага пераемніка Свідрыгайлы.

Барацьба Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча