«Беларуская граматыка для школ» () — школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Браніславам Тарашкевічам (1917—1918) і выдадзеная ў 1918 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты паралельна кірыліцкімі і лацінскімі літарамі. Ёсць першай агульнапрынятай граматыкай беларускай мовы. Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі, ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў Беларускай ССР да 1933 года. Стала асновай усіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі.

Гісторыя стварэння Янка Купала ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні звярнуўся да Браніслава Тарашкевіча з прапановай стварыць граматыку беларускай мовы яшчэ ў 1913 годзе, калі Браніслаў быў студэнтам трэцяга курса Пецярбургскага ўніверсітэта. Да напісання граматыкі, паводле слоў самога Тарашкевіча, заахвочваў яго акадэмік Аляксей Шахматаў. Ён жа і кіраваў працай Тарашкевіча над граматыкай. Значную дапамогу аказаў яму і акадэмік Яўхім Карскі. Сваім натхняльнікам у працы Тарашкевіч называў яшчэ нямецкага прафесара-славіста Рудольфа Абіхта, які крыху раней, але таксама ў 1918 годзе, выдаў на беларускай мове невялічкую брашуру «Pròsty spòsab stàcca ŭ karòtkim čàse hràmatnym».

Змест У сваёй працы Тарашкевіч выйшаў за межы ўласна граматыкі (марфалогіі і сінтаксісу), як гэта было прынята ў тагачаснай лінгвістыцы. Яго праца складаецца з наступных раздзелаў: Гукі (гэта значыць фанетыка). Часціны мовы (разглядаюцца назоўнік — «імя», прыметнік — «прымета», лічэбнік — «чысло», займеннік — «займа», дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік — «прыймя», злучнік — «злуч», выклічнік — «кліч»). Падзел слова (гэта значыць яго марфемная будова). Правапіс. Сказ (гэта значыць сінтаксіс).

Такім чынам, апісваюцца ўсе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання іх нарматыўнасці, правіл перадачы на пісьме. Гэта хоць і сціслы, але поўны падручнік беларускай мовы. Правілы ў іх сфармуляваны дакладна, даходліва, ілюструюцца прыкладамі. Для іх замацавання даюцца заданні («задачкі») з тэкстамі, узятымі з твораў беларускіх пісьменнікаў і фальклору.

У аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачасных сярэднебеларускіх гаворак. Улічваючы традыцыі беларускага кнігадрукавання, Тарашкевіч замацаваў фанетычны прынцып напісання галосных (перадачу на пісьме такіх рыс, як аканне і яканне), а для перадачы зычных — марфалагічны (горад, падтрымаць, матцы), з некаторымі адхіленнямі ў бок фанетычнага прынцыпу, каб адлюстраваць спецыфіку беларускай мовы (дзеканне і цеканне, падаўжэнне зычных, змяненне в і л на ў у пэўных выпадках, зацвярдзенне шыпячых, [р] і этымалагічнага [ц], асіміляцыю зычных па мяккасці тыпу аканьне, сьнег, цьвёрды, разьвівацца).

Асобна быў распрацаваны правапіс запазычаных слоў у адпаведнасці з тым, наколькі яны асіміляваліся беларускай мовай. Тыя, што ўжываюцца ў ёй даўно, пішуцца, як вымаўляюцца (літара, аканом, леварвэр). Тыя, «што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна», захоўваюць на пісьме пэўныя адметнасці той мовы, з якой яны ўзяты (літэратура, монолёг, інспэктар). Фактычна было прынята пераважнае іх напісанне як у польскай мовеГапоненка І. А. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. А. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Мн. : Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л’]Сучасная беларуская мова.

Ацэнкі

Вучэбны дапаможнік Браніслава Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненні ў галіне беларускай філалогіі (Я. Карскі, А. Шахматаў і інш.), і быў станоўча прыняты грамадскасцю.

Сфармуляваныя ў граматыцы правілы атрымалі ўсеагульнае прызнанне, многія замацаваліся ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Аднак некаторыя з іх былі не зусім добра распрацаваны (перадача на пісьме е ў ненаціскным становішчы, напісанне запазычаных слоў). Збыткоўнымі аказаліся асобныя катэгорыі і паралельныя формы скланення і спражэння (парны лік назоўнікаў тыпу дзьве хаце, раўнапраўнасць такіх формаў, як касьцьмі і касьцьма, дзьвюх і дзьвёх, гэты і гэны, крычым і крычом), якія аўтар уводзіў, каб як мага шырэй адлюстраваць спецыфіку беларускай мовы або і з той прычыны, што некаторыя тыповыя рысы яе на тыя часы яшчэ выразна не вызначыліся.

«Расійскі і польскі ўплывы» (адпаведна, у марфалогіі і арфаграфіі)Адпаведнасць паводле тлумачэння ў: Сучасная беларуская мова адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напрыклад, Язэп Лёсік і Ян Станкевіч.

Шмат якія правілы ў граматыцы адсутнічалі або былі недапрацаванымі, напрыклад, нарматывы напісання складаных слоў, некаторых канчаткаў, прозвішчаў, імён, геаграфічных назваў, і дапрацоўваліся іншымі аўтарамі ў практычных граматыкахНекрашэвіч.

На аснове граматыкі Тарашкевіча хутка сталі выходзіць падручнікі беларускай мовы іншых аўтараў (напрыклад, у 1921 годзе — «Практычная граматыка беларускай мовы» Язэпа Лёсіка). 3 выхадам граматыкі Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, быў створаны грунт для яе далейшай граматычнай распрацоўкі, удасканалення ўласцівых ёй структурных элементаў.

Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Антон і Язэп Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 годзе.

Гл. таксама Беларуская граматыка Тарашкевіча (1929) Беларускі правапіс 1930 (праект) Арфаграфія беларускай мовы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Граматыкі беларускай мовы Катэгорыя:Правапісы беларускай мовы Катэгорыя:Браніслаў Тарашкевіч