Кры́чаў () — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Крычаўскага раёна, на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Чыгуначны вузел на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Рослаўль (Расія).

Назва На думку беларускага савецкага географа В. Жучкевіча, назва горада Крычаў звязаная з тэрмінам кръч — каваль; крычніца — найпрасцейшае прыстасаванне для выплаўкі жалеза. Адсюль і тэрмін крычнае жалеза. Вытворным ад назвы прафесіі з'яўляецца і старажытнарускае імя Крыч. Малаверагодна супастаўленне, якое існуе, назвы Крычаў з імем племя крывічы.

Існуе колькі народна-этамалагічных паданняў, у якіх назва Крычава тлумачыцца на грунце знешняга гукавага падабенства.

З іншага боку, фіксаваліся прозвішчы Крыч (Граўжышкі), Крычэль (Відзы)https://www.familysearch.org/ark:/61903/3:1:3Q9M-CS9S-63SV-3?i=818&cat=1106480https://geneteka.genealodzy.pl/familysearch.org/ark:/61903/3:1:3Q9M-CS9S-63ZZ-Z?i=615&cat=1649956.

Назва Крычаў утвораная тыповым для гэтага рэгіёну назваўтваральным спосабам (як і Быхаў, Чэрыкаў).

Гісторыя

Ранняе Сярэднявечча Упершыню загаданы ў грамаце-статуце князя смаленскага Расціслава Мсціславіча на заснаванне Смаленскай епархіі ад 1136 годам як Крэчут. У XII — сярэдзіне ХІV стст. горад у складзе Смаленскага княства.

Вялікае Княства Літоўскае З 1358 года ў Вялікім Княстве Літоўскім, увайшоў у склад Мсціслаўскага княства. У ХІV—XVIII стст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. З канца ХV ст. горад увайшоў у склад Віленскага ваяводства, дзе стала цэнтрам воласці, уладання вялікіх князёў. У 1507 і 1508 гадах маскоўскія войскі спрабавалі захапіць Крычаў. У часы Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 годзе маскоўскія войскі зноў двойчы спрабавалі захапіць горад.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Крычаў увайшоў у склад Мсціслаўскага ваяводства. З ХVII ст. ён стаў цэнтрам Крычаўскага староства, якое было ва ўладанні Радзівілаў. У ХVII—XVIII стст. асновай планіровачнай кампазіцыі горада быў Крычаўскі замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касцёл, сінагога. Сфарміраваўся другі цэнтр горада — Рынак.

У 1614 годзе маскоўскія войскі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 годзе ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) вывелі ў палон у Маскоўскую дзяржаву, а сам горад спалілі. 23 жніўня 1633 года за гераізм і адданасць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач з якім срэбны меч».

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленні (1661) Сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для горада выплату падаткаў.

Паводле інвентару, на 1671 год у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 — 456 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 года паблізу горада размяшчаўся лагер расійскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. На 1720 год у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 — 429 дымоў, на 1779 — 470 дымоў.

У 1743—1744 гадах у Крычаве і ваколіцах разгарэлася сялянскае антыфеадальнае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, якое было жорстка задушанае войскам Гераніма Фларыяна Радзівіла.

Расійская імперыя

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Крычаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 годзе Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Рыгору Пацёмкіну. На 1779 год у Крычаве было 470 двароў. У канца XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасці (у тым ліку парусінавыя мануфактуры Пацёмкіна і Галынскага і канатная мануфактура, тут працавалі суднаверф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.

На 1847 год у Крычаве было 630 двароў, дзейнічалі 6 цэркваў і касцёл, працавала малітоўная школа, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле перапісу (1897) у мястэчку было 972 двары, дзейнічалі 7 цэркваў, касцёл і 5 сінагог, працавалі 2 народныя вучылішча, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы.

Найноўшы час 25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крычаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1923 годзе ўтварыўся чыгуначны вузел на лініі Орша — Унеча.

У 1924 годзе Крычаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай, з 1927 -- Магілёўскай акругі, з 1938 — у Магілёўскай вобласці. На 1926 год тут было 2395 двароў. У 1931 годзе мясцечка Крычаў атрымаў статус горада. У 1930-я гадах збудавалі ЦЭЦ, цэментны, фасфарытавы, крэйдавы заводы, льнозавод.

У Другую сусветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 30 верасня 1943 года горад пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 гадах Крычаў уваходзіў у склад Мсціслаўскага раёна.

У 1977 годзе ў гарадскую мяжу Крычава ўключана вёска Варанева Лабковіцкага сельсаветаРашэнні выканкома Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 18 кастрычніка і 22 лістапада 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 3 (1557)..

Насельніцтва

XVIII стагоддзе: 1779 год — 2,8 тыс. чал. XIX стагоддзе: 1880 год — 4 570 чал.; 1883 год — 6 тыс. чал.; 1897 год — 6 221 чал. XX стагоддзе: 1926 год — 5 592 чал.; 1939 год — 16,0 тыс. чал.; 1959 год — 19 тыс. чал.; 1972 год — 26,5 тыс. чал.; 1991 год — 32,6 тыс. чал.; 1995 год — 32,1 тыс. чал.; 1997 год — 31,9 тыс. чал.; 1998 год — 31,1 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2004 год — 28 тыс. чал.; 2006 год — 27,4 тыс. чал.; 2008 год — 27 тыс. чал.; 2010 год — 27,1 тыс. чал.; 2016 год — 26 325 чал.; 2017 год — 26 178 чал.; 2025 год — 22 973 чал.

Эканоміка

З 18 ст. вядомы як цэнтр ткацтва. Прадпрыемствы будматэрыялаў, хімічнай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Крычаў». ВРУП «Крычаўцэментшыфер» РУВП «Крычаўскі завод гумавых вырабаў» ААТ «Крычаўскі завод жалезабетонных вырабаў» філіял «Крычаўскі хлебазавод» РУВП «Магілёўхлебпрам»

Інфраструктура

Транспарт

У Крычаве маецца чыгуначная станцыя і аўтобусны парк, які абслугоўвае 6 гарадскіх, 9 мясцовых і 2 міжгародныя маршруты.

Культура Дзейнічае 4 дамы культуры, 4 бібліятэкі, Крычаўскі краязнаўчы музей.

Адукацыя У Крычаве працуюць 9 школаў і 11 дашкольных устаноў, Тэхнікум эканомікі, права і кіравання, Крычаўскі прафесійны агратэхнічны каледж, Магілёўскі абласны ліцэй № 4.

Медыцына Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 3 бальніцы і 6 паліклінік.

Забудова

У Крычаве існавалі гістарычныя мясціны Забялышчын і Загарадзішча.

У наш час шаша Бабруйск — Масква раздзяляе Крычаў на дзве часткі. Найбольш развітая з іх — паўднёвая, якая прылягае да Сожа, у ёй размяшчаюцца адміністрацыйныя, культурна-побытавыя і гандлёвыя прадпрыемствы. У паўночнай частцы забудоўваецца мікрараён Сож. Горад мае 5 паркаў і 2 скверы.

Славутасці

Вінакурня (XVIII ст.) Гістарычная забудова (XIX — пач. XX стст.; фрагменты) Замкавая гара (XI—XVIII стст.) Могілкі іўдзейскія Палац Пацёмкіна-Галынскіх (1778—1787) Паштовая станцыя (1840-я) Плябанія (XIX ст.) Царква Святога Мікалая (1838), захаваўся звон 1748 года, адліты для царквы Параскевы Пятніцы Свята-Пакроўская царква 1946 г. Царква Уваскрасення Хрыстова (XIX ст., 1930-я)

Страчаная спадчына Верф (XVIII ст.) Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1855—1860) Касцёл Святога Ільі (XV ст.) Сінагога Царква Раства Багародзіцы (XIX ст.)

Гарады-пабрацімы Клін, Расія

Вядомыя асобы

Ілля Барысавіч Берхін (1908—1992) — савецкі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Таццяна Генадзеўна Голубева (нар. 1947) — беларускі палітык. Сяргей Іванавіч Крыжэвіч (нар. 1952) — беларускі палітык. Яўген Сямёнавіч Мазалькоў (1909—1969) — літаратуразнавец, крытык і перакладчык, Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968) — С. 506. Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў (1921—1993) — краязнавец, заснавальнік Крычаўскага краязнаўчага музея (у 1961—1982 гг. яго дырэктар), Заслужаны работнік культуры БССР — С. 278. Аксана Мянькова (нар. 1982) — беларуская лёгкаатлетка Мікалай Максімавіч Мяшкоў — міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР (1968—1988) Уладзімір Лявонцьевіч Новак — беларускі мастак Барыс Токін (1900—1984) — біёлаг Анатоль Ігнатавіч Рыбчынскі (нар. 1936) — беларускі мастак.

Гл. таксама Гарады Магілёўскай вобласці Гарады Беларусі

Зноскі

Літаратура

Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў: Гіст.-археал. нарыс горада ад старажыт. часоў да канца XVIII ст. / Навук. рэд. П. Лысенка. — Мінск: Бел. навука, 2003. — 167 с.: іл. ISBN 985-08-0541-2.

Спасылкі

м. Крычаў на Radzima.org

Падарунак iмператрыцы // Российская газета, 21 ноября 2013 Надвор’е ў горадзе Крычаў