Дняпро́ўска-Бу́гскі кана́л, Мухаве́цкі кана́л, Карале́ўскі кана́л — суднаходны канал у Брэсцкай вобласці, які злучае раку Мухавец (басейн Буга) з ракой Піна (басейн Прыпяці).
Апісанне Пралягае ў Брэсцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Пінскім раёнах. Агульная даўжыня 196 км, штучная частка шляху (ад Кобрына да вёскі Дубае на Піне) складае 110 км.
Вытокам канала ўмоўна лічыцца водападзельная лінія каля вёскі Селішча (у вусці Белаазёрскага канала), дзе вада цячэ па 2 кірунках — на захад і ўсход. Канал складаецца з дзвюх частак: адна належыць да Буга (даўжыня 52 км), другая — да Прыпяці (даўжыня 58 км). Праходзіць па плоскай, забалочанай раўніне, перасечанай старымі русламі і асушальнымі канавамі. Асноўная крыніца падачы вады — яе перакід з Прыпяці праз азёры Валянскае, Белае і Белаазерскі канал.
Маецца 10 гідравузлоў, 14 вадаспускаў, 5 земляных плацін і 3 перапады. Канал не выходзіць да ракі Буг (у вусці Мухаўца створана плаціна для павышэння ўзроўню вады). Выкарыстоўваецца для перавозкі на баржах мінеральнай сыравіны і будаўнічых матэрыялаў.
Гісторыя Будаўніцтва пачата ў 1775 годзе. Спачатку называўся Мухавецкім, затым Каралеўскім, з 1846 года — Дняпроўска-Бугскім. У 1837—1867 гадах праведзены гідратэхнічныя работы па паглыбленні канала, будаўніцтве плацін і каналаў з Арэхаўскага, Белага, Валянскага азёр.
У XIX стагоддзі канал выкарыстоўваўся для лесасплаву і транзітнай транспарціроўкі грузаў на суднах. У пачатку XX стагоддзя з-за абмялення рэгулярнага суднаходства не было.
У 1942 годзе канал часткова рэканструявалі. У гады Вялікай Айчыннай вайны гідратэхнічныя збудаванні (у тым ліку надводныя часткі збудаванняў і большасць вадаспускаў) былі моцна разбураны.
Для аднаўлення воднага шляху ў 1944 годзе была створана спецыялізаваная арганізацыя «Днепрабугбуд» (). У маі 1945 года Брэсцкі аблвыканкам мабілізаваў мясцовае насельніцтва на адбудову каналаПа Дняпроўска-Бугскаму каналу даведкі, 1945 г. // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 4 П. — Воп. 18. — Спр. 56.. Да пачатку навігацыі 1945 года былі прыведзены ў парадак шлюзы і плаціны, што дазволіла ўвесці канал у часовую эксплуатацыю. У 1946 годзе былі выкананы работы другой чаргі, што забяспечыла пастаяннае суднаходства.
З 1950 года па канале пачаліся інтэнсіўныя транзітныя перавозкі жалезнай руды з Украіны (з Запарожжа) у Польшчу і вугалю ў адваротным напрамку. Гэта запатрабавала маштабнай рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала для арганізацыі двухбаковага руху буйных 600-тонных барж. Каб забяспечыць неабходны запас вады, актыўна выкарыстоўвалася Белаазёрская сістэма. Для паскарэння дастаўкі грузаў (без іх перавалкі ў Пінскім порце) і эканоміі сродкаў на канале праводзіліся работы па паглыбленні фарватара, укараняўся перадавы метад ваджэння суднаў — штурханне.
У 1960—1970-я гады праводзілася мадэрнізацыя інфраструктуры: электрыфікацыя і аўтаматызацыя кіравання шлюзавымі агрэгатамі, электрыфікацыя абстаноўкі на канале. Гэта значна скараціла час праводкі цеплаходаў і барж праз гідравузлы. У выніку толькі за 1945—1965 гады прапускная здольнасць ДБК узрасла ў 6,5 раза.
Нягледзячы на поспехі, з-за недастатковай глыбіні на ўчастку паміж Пінскам і Брэстам нават у 1970-я гады рачнікі былі вымушаны трэць суднаў разгружаць у Пінску. Каб вырашыць праблему, праводзілася далейшае паглыбленне і пашырэнне трасы (толькі эксплуатацыйнікі Пінскага тэхнічнага ўчастка ў 1984—1985 гадах паглыбілі фарватар на працягу 150 км), шлюзы былі пераведзены на паўаўтаматычны працэс кіравання, што дазволіла павялічыць хуткасць руху і грузападымальнасць транзітных суднаў у 1,5 раза.
Гл. таксама Дняпроўска-Бугская аперацыя Абарона Дняпроўска-Бугскага канала
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Водны транспарт у Беларусі Катэгорыя:Каналы Брэсцкай вобласці
Катэгорыя:Прытокі Мухаўца