Алякса́ндр (Але́сь) Во́сіпавіч Сташэ́ўскі (Сташэўскі-Стасевіч; , в. Думічы, цяпер Мінская вобласць, Беларусь — ) — палітычны дзеяч і дзяржаўны дзеяч БССР.

Біяграфія Скончыў Капыльскае народнае вучылішча, у 1911 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1911—1914 гадах выкладаў у Рэчыцкім пачатковым прыходскім вучылішчы. У Першую сусветную вайну ў расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце, падпаручнік.

Пасля дэмабілізацыі з пачатку 1918 года — у Яраслаўлі, удзельнік беларускага нацыянальнага руху, член арганізацыі «Маладая Беларусь», створанага на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. «Маладая Беларусь» вяла культурна-асветніцкую работу сярод беларускіх бежанцаў. З кастрычніка 1918 года — у Мінску, член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вучыцца ў Мінскім беларускім педагагічным інстытуце, які заканчвае ў 1920 годзе. У 1919 годзе — сакратар прэзідыума педагагічнай рады МБПІ, настаўнік 9-й Мінскай беларускай школы 1-й ступені. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студзені 1920 года Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), сябра яе ЦК, уваходзіў у 1-ю Мінскую канспіратыўную «пяцёрку» БКА па арганізацыі антыпольскага падполля і партызанскага руху.

Пасля прыходу бальшавікоў у Менск у ліпені 1920 года быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, камандаваў узводам, ротай. З лістапада 1921 года сакратар ЦВК і СНК БССР, з ліпеня 1924 года — старшыня Полацкага акруговага выканкама. Садзейнічаў правядзенню беларусізацыі на далучаных да БССР усходніх беларускіх тэрыторый. З лютага 1926 года — народны камісар унутраных спраў БССР, з верасня 1928 года — народны камісар юстыцыі і пракурор БССР. Член ЦВК БССР (1921—1931) і яго Прэзідыума (1921—1924, 1927—1931). Член Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1924—1925, ЦКК КП(б)Б у 1929—1931 гадах.

У канцы 1930 года быў неабгрунтавана абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы Ігнатоўскага—Жылуновіча, зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама. 18 лютага 1931 года выведзены са складу ЦКК КП(б)Б. З восені 1931 года загадчык рабфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым дырэктар Гомельскага сельскагаспадарчага педагагічнага інстытута.

Арыштаваны 27 красавіка 1937 года ў Гомелі па адрасе: вул. Сялянская, 26. Абвінавачваўся ў «антысавецкай дзейнасці». 29 кастрычніка 1937 года «тройкай» НКУС быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Сям’я Быў жанаты, меў дзвюх дачок. Жонка — Тацяна Іванаўна, была асуджаная да 10 гадоў як член сям’і здрадніка Радзімы, адбывала пакаранне ў Акмалінскім лагеры жонак здраднікаў Радзімы. Старэйшая дачка Ірына патрапіла ў дзіцячы прыёмнік, малодшая Мая (1927) узятая на выхаванне цёткай, пазней удзельнічала ў абароне народнага мемарыяла Курапаты.

Літаратура

Спасылкі Николай Король. Папки из шкафа заговорили… // «СБ. Беларусь сегодня» Деятели белорусского национального возрождения и государственного строительства в 1918-1920-х годах // Архивы Беларуси Прокуроры БССР, Республики Беларусь // Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь Сташэўскі Аляксандр Восіпавіч // Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Капыльскім раёне Катэгорыя:Старшыні Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта Катэгорыя:Члены Прэзідыума ЦВК БССР Катэгорыя:Народныя камісары ўнутраных спраў БССР Катэгорыя:Члены Рэвізійнай камісіі КПБ Катэгорыя:Народныя камісары юстыцыі БССР Катэгорыя:Старшыні Вярхоўнага Суда БССР Катэгорыя:Рэктары Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены ЦВК БССР Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР