Сту́жачныя чэ́рві, цэстоды (Cestoda) — клас паразітычных плоскіх чарвей (Plathelminthes).
Апісанне Стужачныя чэрві паразітуюць у пазваночных жывёлах. Апісана каля 3500 відаў. Даўжыня ад 0,5 мм да 30 метраў.
Іх цела нагадвае стужку, якая складаецца з рознай колькасці (ад 4 да 1000) членікаў. На пярэднім канцы знаходзіцца галоўка з прысоскамі і (або) кручкамі для прымацавання да сценкі кішэчніка гаспадара. За галоўкай размешчана шыйка — зона росту. Ад яе адпачкоўваюцца новыя членікі, якія пастаянна павялічваюцца ў памерах.
Вызначальнай асаблівасцю стужачных чарвей з’яўляецца адсутнасць у іх стрававальнай сістэмы. Пажыўныя рэчывы яны ўсмоктваюць усёй паверхняй цела, пакрытай дробнымі варсінкамі, якія павялічваюць паверхню ўсмоктвання.
Стужачныя чэрві — гермафрадыты. У кожным членіку ёсць палавая гермафрадытная сістэма. Пасля апладнення яйцы назапашваюцца ў членіках і паступова, па меры аддзялення ад шыйкі новых членікаў, змяшчаюцца к канцу цела. Тут знаходзяцца спелыя членікі, запоўненыя яйцамі.
Некаторыя віды — небяспечныя паразіты чалавека (напр. бычыны цэпень); выкліканыя імі захворванні носяць назву цэстадозы.
Зноскі
Літаратура
Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6.
Ленточные черви // Малый энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона / В современной орфографии. — Петербург: Издательское общество «Ф. А. Брокгауз — И. А. Ефрон», 1907—1909.
Спасылкі Жизненные циклы некоторых паразитических организмов: учеб.- метод. пособие / А. И. Ятусевич и др. Ж 49 [и др.]. — Витебск: УО ВГАВМ, 2009. — 37 с. — ISBN 985-6749-87-6.
Катэгорыя:Класы жывёл Катэгорыя:Паразіты