«Гарадзея» — беларускі футбольны клуб з гарадскога пасёлка Гарадзея, які існаваў у 2002—2021 гадах.

Гісторыя Спачатку быў міні-футбольным клубам, пасля клуб перайшоў на звычайны футбол. У 2008 клуб заявіўся ў Другую лігу і праз два гады выйграў яе.

Дэбютны сезон у Першай лізе прынёс клубу трэцяе месца.

2012 У сезоне 2012 клуб вёў барацьбу за выхад у Вышэйшую лігу. Заняўшы другое месца, клуб атрымаў права на стыкавыя матчы з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ», якое заняла апошняе месца ў Вышэйшай лізе. У першым матчы «Гарадзея» перамагла з лікам 1:0. Але ў другім саступіла 0:4 і засталася ў першай лізе.

2013 У сезоне 2013 «Гарадзея» дзякуючы выдатнаму старту (7 перамог у першых 7 турах) упэўнена забралася на першае месца. Але потым справы пайшлі горш, каманда стала атрымоўваць нічыі і паражэнні. Пасля паражэння ў 21-м туры ад «Смалявічаў-СТІ» (0:4) «Гарадзея» саступіла першы радок «Слуцку» і ў далейшым ужо не здолела на яго вярнуцца.

У выніку клуб зноў заняў другое месца. У стыкавых матчах «Гарадзея» саступіла магілёўскаму «Дняпру» па суме дзвюх сустрэч (1:3, 0:0) і зноў згубіла магчымасць выйсці ў Вышэйшую лігу.

2014 Сезон 2014 «Гарадзея» пачала няўдала, хутка апынуўшыся ўнізе табліцы. У выніку ўжо ў маі 2014 года быў звольнены галоўны трэнер Андрэй Кіпра, на месца якога быў запрошаны Сяргей Яромка. З новым трэнерам каманда стала выступаць больш паспяхова, і першы круг «Гарадзея» скончыла на трэцім радку. У пачатку другога круга «Гарадзея» захоўвала трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў Вышэйшай лізе. Але ў кастрычніку каманда выдала няўдалую серыю (6 матчаў без перамог), з-за якой ужо за некалькі тураў страціла ўсе шанцы на павышэнне.

2015 Пачатак сезона 2015 у «Гарадзеі» ізноў не атрымаўся і яна апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Тым не менш, кіраўніцтва клуба пакінула Сяргея Яромку на пасадзе галоўнага трэнера. Хутка становішча стала выпраўляцца, і першы круг каманда скончыла на чацвёртым месцы. Другую палову чэмпіянату «Гарадзея» правяла яшчэ больш паспяхова, і праз некаторы час узначаліла турнірную табліцу. На фінішы «цукровыя» прапусцілі на першае месца «Іслач», але другога месца было дастаткова, каб забяспечыць месца ў Вышэйшай лізе.

У Вышэйшай лізе У дэбютным сезоне ў Вышэйшай лізе «Гарадзея» здолела захаваць сваіх лідараў, умацаваўшы склад вопытнымі беларускімі ігракамі. Пасля няўдалага старту каманда стала набіраць ачкі, у сярэдзіне сезона 2016 знаходзілася ў верхняй палове табліцы, але няўдалы фініш адкінуў «цукровых» на дзявяты радок.

У сезоне 2017 «Гарадзея» заставалася адным з сераднякоў Вышэйшай лігі. Аднак, пасля хатняга паражэння ў першым туры ад «Шахцёра» (0:1), гарадзейскі клуб болей не саступаў на сваім полі. 2017 год «Гарадзея» таксама скончыла на 9-м месцы.

Сезон 2018 пачаўся для гарадзейцаў няўдала, каманда хутка апынулася ў канцы турнірнай табліцы. Першая перамога была атрымана толькі ў 10-м туры, калі дзякуючы голу на апошніх хвілінах «Гарадзея» сенсацыйна ўзяла верх над БАТЭ (2:1), аднак гэтая перамога засталася адзінай у першай палове чэмпіянату. У другой палове сезона «Гарадзея» стала выступаць значна лепей, шэраг перамог дазволіў камандзе пакінуць падвал табліцы і скончыць сезон трэці раз запар на дзявятым радку.

У сезоне 2019 «Гарадзея» таксама спачатку знаходзілася ўнізе табліцы, але неўзабаве вынікі наладзіліся, каманда ўпэўнена замацавалася ў сярэдзіне табліцы, пазней нават мела магчымасць змагацца за высокія месцы, аднак у выніку фінішавала сёмай.

У сезоне 2020 у «Гарадзеі» меліся фінансавыя праблемы, звязаныя з затрыманнем у межах «цукровай справы» дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча, які аказваў значную дапамогу камандзе. У выніку клуб стаў рабіць большую стаўку на маладых выканаўцаў. Няглядзячы на праблемы, «Гарадзея» здолела пазбегнуць вылету, стаўшы трынаццатай.

У студзені 2021 года клуб пакінуў увесь трэнерскі штаб. Неўзабаве стала вядома, што клуб адмаўляецца ад удзелу ў Вышэйшай лізе ў сезоне 2021. Ігракі каманды разышліся па іншых клубах, пераважна ў Вышэйшай лізе, а «Гарадзея» спыніла існаванне.

Папярэднія назвы 2002—2007: «Цуккамбінат» з 2008: «Гарадзея»

Дасягненні Пераможца чэмпіянату Мінскай вобласці: 2006 Пераможца Другой лігі чэмпіянату Беларусі: 2010 Найлепшае дасягненне ў Вышэйшай лізе — 7 месца (2019)

Статыстыка выступленняў Чэмпіянат і Кубак Беларусі СезонЛігаГалыАчкіКубакЗаўвагі 2007 Чэмпіянат Мінскай вобласці, гр.Б (Д4) 2 18 11 4 3 57–21 37 1/32 фіналу 2008 Другая (Д3) 7 30 12 8 10 43–39 44 1/32 фіналу 2009 Другая (Д3) 2 26 16 4 6 42–23 52 1/16 фіналу 2010 Другая (Д3) 1 34 27 3 4 112–29 84 1/8 фіналу 15px Выхад у Першую лігу 2011 Першая (Д2)3 30 16 7 7 51–31 55 1/16 фіналу 2012 Першая (Д2)2 28 18 6 4 49–21 60 1/8 фіналу Пераходныя матчы<sup>1<sup> 2 1 0 1 1–4 2013 Першая (Д2)2 30 18 6 6 68–32 60 Чвэрцьфінал Пераходныя матчы<sup>2<sup> 2 0 1 1 1–3 2014 Першая (Д2) 6 30 11 12 7 42–26 45 1/8 фіналу 2015 Першая (Д2)2 30 21 5 4 73–25 68 1/16 фіналу 15px Выхад у Вышэйшую лігу 2016 Вышэйшая (Д1) 9 30 8 14 8 36–39 38 1/8 фіналу 2017 Вышэйшая (Д1) 9 30 8 14 8 37–35 38 1/8 фіналу 2018 Вышэйшая (Д1) 9 30 9 7 14 31–33 34 1/8 фіналу 2019 Вышэйшая (Д1) 7 30 12 8 10 31–29 44 1/16 фіналу 2020 Вышэйшая (Д1) 13 30 8 7 15 30–48 31 1/8 фіналу Спыненне існавання 1 Пераходныя матчы за месца ў Вышэйшай лізе супраць «Тарпеда-БелАЗ», апошняй каманды Вышэйшай лігі 2012. 2 Пераходныя матчы за месца ў Вышэйшай лізе супраць «Дняпра», перадапошняй каманды Вышэйшай лігі 2013.

Галоўныя трэнеры Георгій Барадулін (2004 — 2006) Андрэй Мікалаевіч (2006 — студзень 2012) Алег Кузьмянок (студзень 2012 — студзень 2013) Андрэй Кіпра (студзень 2013 — май 2014) Сяргей Яромка (май 2014 — чэрвень 2019) Алег Радушка (чэрвень 2019 — студзень 2021)

Крыніцы

Спасылкі

Гарадзея