Гвіянскае пласкаго́р’е — пласкагор’е на паўночным усходзе Паўднёвай Амерыкі, на поўнач ад Амазонскай нізіны, на тэрыторыі Венесуэлы, Бразіліі, Гаяны, Сурынама і Французскай Гвіяны. Працягласць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход каля 2000 км. Найвышэйшы пункт — гара Нябліна, 3014 м.

Геалагічная будова і рэльеф Гвіянскае пласкагор’е ўяўляе сабой шчыт Паўднёва-Амерыканскай платформы. Яно складзена з крышталічных сланцаў, гнейсаў і гранітаў, месцамі перакрытых пясчанікамі і кангламератамі. Ёсць радовішчы жалезных і марганцавых руд, урану, золата, алмазаў і баксітаў.

У рэльефе пераважаюць цокальныя дэнудацыйныя пакатахвалістыя раўніны вышынёй 150—400 м з асобнымі астраўнымі вяршынямі. Больш горны рэльеф характэрны для цэнтральнай часткі, дзе знаходзяцца сталовыя пясчанікавыя плато Сера-Імеры, Сера-Парыма. Іх стромкія схілы назапашваюць вільгаць; тут пачынаюцца шматлікія рэкі басейнаў Амазонкі і Арынока. У межах пласкагор’я знаходзіцца вадаспад Анхель.

Клімат і прырода Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная тэмпература складае 27—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў — ад 1200—1700 мм у цэнтральнай частцы да 3500 мм на захадзе і ўсходзе.

На захадзе і ўсходзе пашыраны вільготныя лясы на чырвона-жоўтых латэрытных глебах, у цэнтральнай частцы — пераважна лістападна-вечназялёныя лясы на чырвоных глебах з участкамі саваннаў. На пясчанікавых плато сустракаюцца камяністыя пустыні. Сярод жывёл — шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, браняносцы, тапіры, пекары, апосумы і ягуары; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. На пласкагор’і вядзецца здабыча карысных выкапняў.

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Горы Бразіліі Катэгорыя:Горы Венесуэлы Катэгорыя:Геаграфія Гаяны Катэгорыя:Геаграфія Сурынама Катэгорыя:Геаграфія Французскай Гвіяны