Уладзімір () — горад у Валынскай вобласці Украіны, цэнтр Уладзімір-Валынскага раёна. Насельніцтва — 37,9 тыс. жыхароў (2022). Знаходзіцца за 72 км ад Луцка. Чыгуначная станцыя на лініі Ковель — Чэрванаград.
Назва Названы Уладзімірам ад імя кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, які, па адной з версій, заснаваў яго, па другой -- нарадзіўся ў Будзяцічах за 20 км ад горада. З 1911 года перайменаваны на Уладзімір-Валынск, каб адрозніваць ад Уладзіміра-на-Клязьме ў Расіі. У 1944 годзе перайменаваны на Уладзімір-Валынскі.
1 кастрычніка 2021 года гарадскі савет прагаласаваў за адмену рэгіянальнага ўдакладнення і змяненне назвы горада на Уладзімір. 14 снежня 2021 года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла змяненне назвы.
Геаграфія Размешчаны на правым беразе Лугі, у паўднёва-заходняй частцы Валынскай вобласці, на стыку пагорыстага Валынскага ўзвышша і Палескай нізіны, у прыроднай зоне змяшаных лясоў.
Клімат Уладзіміра ўмерана-кантынентальны, характарызуецца адносна мяккай зімой з частымі адлігамі, умерана цёплым вільготным летам, зацяжнымі вясной і восенню. Сярэдняя тэмпература студзеня −4,9 °C, ліпеня +18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год.
Гісторыя Упершыню згаданы пад 988 годзе, калі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч надаў яго ва ўдзел свайму сыну Усеваладу. У 992 годзе ва Уладзіміры заснавана епіскапская кафедра.
Пачынаючы з XII стагоддзя, у перыяд феадальнай раздробненасці Русі, горад становіцца цэнтрам удзельнага Валынскага княства, у якім зацвердзілася асобная княжцкая дынастыя, заснаваная ўнукам Уладзіміра Манамаха — князем Ізяславам Мсціславічам, якія кіравалі на Валыні ў 1146—1154 гадах.
У першай палове XIII стагоддзя Уладзімір становіцца адным з цэнтраў аб’яднанага Галіцка-Валынскага княства (з 1253 — каралеўства). Гэты перыяд адносіцца да часу кіравання князя Данііла Раманавіча Галіцкага (1201—1264) і яго брата Васілька Раманавіча Валынскага (1205—1271). Сярэдзіна XIII стагоддзя — час найвышэйшага росквіту старажытнага Уладзіміра, ён славіўся як значны цэнтр гандлю, рамёстваў, мастацтва, тут сфарміравалася самабытная архітэктурная школа, таксама тут пісаўся Галіцка-Валынскі летапіс — найбольш каштоўная гістарычная крыніца другой паловы XIII — пачатку XIV стагоддзя.
У 1241 Уладзімір быў захоплены і разрабаваны ордамі хана Батыя. Летапіс сведчыць, што пасля адыходу арды ў горадзе не засталося жыхароў, а цэрквы былі запоўнены трупамі.
Пасля распаду Галіцка-Валынскай дзяржавы ў сярэдзіне XIV стагоддзя Уладзімір уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Люблінскай уніі 1569 — у склад Польскага каралеўства. У 1324 горад атрымаў Магдэбургскае права.
У XVIII стагоддзі горад занепадае і становіцца маленькім правінцыйным мястэчкам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 горад увайшоў у склад Расійскай імперыі, як адзін з павятовых цэнтраў Валынскай губерні.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Уладзімір-Валынскі стаў арэнай баявых дзеянняў. У 1915 Уладзімір-Валынскі быў акупаваны аўстра-венгерскімі войскамі, акупацыйныя ўлады знаходзіліся ў горадзе да заканчэння вайны ў 1918.
Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора (1921) Уладзімір-Валынскі ўвайшоў у склад Польшчы і стаў адным з павятовых цэнтраў Валынскага ваяводства. 19 верасня 1939 Уладзімір-Валынскі быў заняты часткамі Чырвонай Арміі і ўключаны ў склад СССР.
Пасля нападу Германіі на СССР Уладзімір-Валынскі быў акупаваны нямецкімі войскамі ўжо 23 чэрвеня 1941, вызвалены 20 ліпеня 1944.
Насельніцтва
Славутасці Будынак ваеннага камісарыята (былы Афіцэрскі сход, 1900) Будынак гістарычнага музея (1912) Земляныя валы старажытнарускага гарадзішча (X—XIII стст.) Камяніца генерала Чарнаглазава (узор драўлянай архітэктуры, 1879) Касцёл езуітаў (1776, цяпер царква Раства Хрыстова) Касцёл Св. Яўхіма і Ганны (1772) Кірха (1929, цяпер царква Св. Іасафата) Кляштар дамініканцаў (1789) Ладамірскія могілкі (магілы вядомых месцічаў, магілы ваяроў расійскага і савецкага войска) Царква Св. Георгія (ваенны храм, 1908) Царква Св. Міколы (1780) Царква-ратонда Св. Васіля (XIII—XIV стст.) Успенская царква (Мсціславаў храм, 1156—1160) — найстаражытнейшы храм Валыні, пахавальня галіцка-валынскіх князёў
Гарады-пабрацімы
Галерэя
Крыніцы
Спасылкі
Уладзіміра-Валынскі гістарычны музей — Афіцыйны вэб-сайт
Катэгорыя:Населеныя пункты Уладзімір-Валынскага раёна Катэгорыя:Гарады Валынскай вобласці