Вале́рый Па́ўлавіч Ваку́льчык (нар. , аг. Радастава, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць, БССР) — беларускі ваенны і дзяржаўны дзеяч. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці з 2020 года. Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (2012—2020). Генерал-лейтэнант (2015).

Біяграфія Нарадзіўся ў аграгарадку Радастава на беларуска-ўкраінскім памежжы. Бацька, Павел Дзянісавіч, у 1971—1986 гадах узначальваў мясцовы калгас «Чырвоны партызан» (цяпер СПК «Радастаўскае»), меў ордэн «Знак пашаны». Маці, Марыя Аляксееўна, нарадзілася ў Аляксеевічах, працавала настаўніцай беларускай мовы, потым дырэктарам школы ў в. Ліпнікі.

Скончыў сярэднюю школу ў Радаставе, Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча (1985), Вышэйшыя курсы ваеннай контрразведкі КДБ СССР (1992), Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2011).

У 1985—1991 гадах праходзіў вайсковую службу ва ўзброеных сілах СССР, у 1991—2008 гадах — у органах дзяржаўнай бяспекі. Пачынаў службовую кар’еру ў Брэсцкім памежным атрадзе.

У маі 2008 года ўзначаліў утвораны Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце. 24 кастрычніка 2011 года прызначаны першым старшынёй Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 532 ад 21 лістапада 2011 года Валерый Вакульчык увайшоў у склад Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь.

16 лістапада 2012 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 511 прызначаны старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у званні генерал-маёраУказ Прэзідэнта РБ № 511 ад 16.11.2012 «Аб прызначэнні В. П. Вакульчыка Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» .

16 кастрычніка 2015 года пастановай Савета Міністраў № 870 у складзе Урада склаў свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а 17 снежня 2015 года ўказам Прэзідэнта № 500 зноў зацверджаны на пасадзе старшыні камітэта.

У 2018 годзе Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык прадэманстраваў першы беларускі мабільны тэлефон для закрытай урадавай сувязі. Ён заўважыў, што падобныя тэлефоны ёсць толькі ў некалькіх дзяржавах, і беларускі апарат не саступае ім па якасці і нават лепш па некаторых параметрах.

3 верасня 2020 года вызвалены ад пасады старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі і прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь. Валерый Вакульчык узначальваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі амаль 8 гадоў і, як адзначыў тагачасны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, «ніхто да яго палавіны нават не змог вытрымаць на гэтай гарачай пасадзе. Вельмі надзейны, адданы дзяржаве і народу чалавек, старанны, прыстойны».

17 верасня 2020 года прызначаны ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці.

29 кастрычніка 2020 года вызвалены ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь і звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце. Адначасова ён быў прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Брэсцкай вобласці з прысваеннем першага класа дзяржаўнага служачага.

У красавіку 2024 года быў выбраны дэлегатам на Усебеларускі народны сход 7-га склікання ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

22 мая 2025 года прызначаны кіраўніком апарату Савета МіністраўНаталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук

Міжнародныя санкцыі 31 жніўня 2020 года быў уключаны ў спіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію і забарона на ўезд у Літву ў сувязі з тым, што «сваімі дзеяннямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і наступнае гвалтоўнае задушэнне мірных пратэстаў»Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. ПОЎНЫ СЬПІС.

2 кастрычніка 2020 года было аб’яўлена, што Вакульчык трапіў у санкцыйны спіс ЕС. Акрамя таго, Вакульчыка ў свае санкцыйныя спісы ўключылі Вялікабрытанія, Канада, Швейцарыя. 20 лістапада да кастрычніцкага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна.

Грамадская дзейнасць 7 сакавіка 2013 года ўзначаліў грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя біятлона». Пакінуў гэтую пасаду 16 мая 2017 года, пасля чаго стаў старшынёй назіральнага савета Беларускай федэрацыі біятлона.

Узнагароды Узнагароджаны Ордэнам Айчыны III ступені (2014) і 11 медалямі, у тым ліку: Медаль «За бездакорную службу» 1-й, 2-й і 3-й ступеняў. Юбілейны медаль «80 год Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (1997). Юбілейны медаль «80 год Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» (1998). Юбілейны медаль «60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (2004). Юбілейны медаль «90 год органам дзяржаўнай бяспекі Беларусі» (2007).

Асабістае жыццё Жанаты, ёсць дачка.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Танкісты СССР Катэгорыя:Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты (Беларусь) Катэгорыя:Памочнікі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектары па Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 7-га склікання