Лічэ́бнік — часціна мовы, якая абазначае абстрактныя лікі, колькасць прадметаў ці рэчыва, парадкавую паслядоўнасць прадметаў або частку ад цэлага.
У беларускай мове Па значэнні і граматычных прыкметах вылучаюць наступныя лічэбнікі: колькасныя: уласнаколькасныя (пэўнаколькасныя): пяць, восемдзесят сем; дробавыя: тры пятыя, дзве трэція; зборныя: трое, шасцёра; няпэўнаколькасныя: трохі, столькі, шмат; парадкавыя: сямнаццаты, дзвесце другі.
Паводле марфалагічнага складу падзяляюцца на: простыя — лічэбнікі з адным коранем: адзін, пяць; складаныя — вытворныя лічэбнікі, у якіх зліліся два словы: шэсцьдзясят, семсот; састаўныя — лічэбнікі, якія складаюцца з некалькіх слоў: дваццаць пяць, адна трэцяя.
Паводле граматычных адзнак лічэбнікі неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах (адзін, тысяча, мільён), другія — па родах і склонах (два, абодва) ці толькі па склонах (тры, чатыры і інш.). Лічэбнікі не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Характарызуюцца здольнасцю спалучацца ў якасці колькаснага вызначальніка выключна з назоўнікамі, з якімі лічэбнікі ўтвараюць сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, што функцыянуюць як адзіны член сказа.
Гістарычна лічэбнікі ўзыходзяць да іншых часцін мовы і самі з’яўляюцца базай для ўтварэння назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў, дзеясловаў, прыслоўяў і часціц з дапамогай марфолага-сінтаксічнага, лексіка-сінтаксічнага і марфалагічнага спосабаў (па-другое, патроіць).
Уласнаколькасныя лічэбнікі Уласнаколькасныя лічэбнікі абазначаюць абстрактны лік, пэўную колькасць аднародных прадметаў: дваццаць адзін, сто рублёў. Па марфалагічных прыметах уласнаколькасныя лічэбнікі неаднастайныя: абсалютная большасць не маюць катэгорыі роду; усе ўласнаколькасныя лічэбнікі (за выключэннем адзін) не змяняюцца па ліках.
Лічэбнік адзін можа мець: родавую форму: адзін, адна, адно; форму адзіночнага ці множнага ліку: адзін, адны.
Слова адны з’яўляецца лічэбнікам, калі ўжываецца пры множналікавых назоўніках, якія абазначаюць прадметы, што падлягаюць лічэнню: адны нажніцы, адны акуляры.
Лічэбнік два таксама мае родавыя формы: форма два ўжываецца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду: два алоўкі, два вядры; форма дзве — з назоўнікамі жаночага роду: дзве кроплі.
Пры простых лічэбніках два (дзве), тры, чатыры і састаўных, якія заканчваюцца на два (дзве), тры, чатыры, назоўнікі ў назоўным склоне маюць форму множнага ліку: два сталы, тры півоні, дваццаць чатыры вучні. Толькі некаторыя назоўнікі пры гэтых лічэбніках ужываюцца ў форме роднага склону адзіночнага ліку (з націскам на канчатку): дзве нагі́, тры сястры́, чатыры рукі́. Некаторыя назоўнікі мужчынскага і ніякага роду, якія захавалі ў акцэнтнай парадыгме рэшткі былога парнага ліку, у спалучэннях з назоўным і вінавальным склонамі лічэбнікаў два, тры, чатыры (і састаўных лічэбнікаў, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры) маюць форму множнага ліку з іншым націскам у параўнанні з іх звычайнымі формамі множнага ліку: два кані́ (але: імчацца ко́ні), тры во́зеры (але: беларускія азёры), чатыры акны́ (але: вялікія во́кны).
З лічэбнікамі пяць, шэсць, сем і г.д., таксама са словамі тысяча, мільён, мільярд і няпэўна-колькаснымі словамі ў назоўным і вінавальным склонах ужываюцца назоўнікі ў форме роднага склону множнага ліку: пяць будынкаў, трыццаць пяць сшыткаў, некалькі тыдняў.
Словы тысяча, мільён, мільярд займаюць асобнае месца ў сістэме лічэбнікаў: яны з’яўляюцца асноўнымі і адзінымі абазначэннямі пэўнай вялікай колькасці прадметаў, якія падлягаюць лічэнню; яны ўваходзяць у склад састаўных лічэбнікаў у якасці неабходнай часткі, без якой немагчыма выразіць значэнне вялікіх лікаў: сто тысяч; ад слоў тысяча, мільён, мільярд утвараюцца парадкавыя лічэбнікі: тысячны, мільённы, мільярдны; ім уласціва катэгорыя роду: тысяча — жаночы род, мільён, мільярд — мужчынскі род; яны змяняюцца па ліках: тысяча — тысячы, мільён — мільёны, мільярд — мільярды; пры словах тысяча, мільён, мільярд можа ўжывацца азначэнне: многія тысячы.
Такія граматычныя асаблівасці набліжаюць словы тысяча, мільён, мільярд да назоўнікаў тыпу сотня, тройка, дзясятак.
Дробавыя лічэбнікі Дробавыя лічэбнікі абазначаюць дробавыя велічыні — частку ад цэлага (чатыры сёмыя), цэлае і частку ад яго (дзве цэлыя пятнаццаць сотых). Лічнік у дробавым лічэбніку выражаецца ўласнаколькасным лічэбнікам, а назоўнік — парадкавым.
Калі ў лічніку дробавага лічэбніка ўжываюцца лічэбнікі дзве, тры, чатыры, то назоўнік (парадкавы лічэбнік) мае форму назоўнага склону множнага ліку: дзве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя.
Пры лічніку, выражаным лічэбнікамі пяць, шэсць, сем і г.д., назоўнік мае форму роднага склону множнага ліку: пяць сёмых, восем дзявятых.
Назоўнікі, што ўжываюцца пры дробавым лічэбніку, маюць форму роднага склону адзіночнага ліку, калі паказана частка ад цэлага: дзве пятыя задання. Калі ж абазначана частка ад сукупнасці прадметаў, то назоўнік мае форму роднага склону множнага ліку: дзве пятыя заданняў.
Пры дробавым лічэбніку назоўнікі, якія называюць адзінкі вымярэння (метр, літр, секунда), ужываюцца ў форме роднага склону адзіночнага ліку: адна трэцяя метра, дзве пятыя секунды, сем цэлых і пяць дзясятых працэнта.
Дробавы лічэбнік паўтара мае родавыя формы: форма паўтара ўжываюцца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду: паўтара рубля, паўтара вядра; формы паўтары — з назоўнікамі жаночага роду: паўтары шклянкі.
Зборныя лічэбнікі 3борныя лічэбнікі абазначаюць пэўную колькасць прадметаў як адно цэлае: двое, чацвёра. Яны ўтвораны ад адпаведных уласнаколькасных лічэбнікаў пры дапамозе суфіксаў -ой-, -ёр-, -ер-: двое, трое; пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра; дзявяцера, дзясяцера. Абазначаюць тую ж колькасць, што і ўласнаколькасныя, ад якіх яны ўтвораны, але адрозніваюцца ад уласнаколькасных тым, што могуць ужывацца толькі з пэўнымі назоўнікамі. У адных выпадках зборныя лічэбнікі выступаюць як варыянты ўласнаколькасных, у іншых — як адзіна магчымае абазначэнне колькасці.
Зборныя лічэбнікі ўжываюцца: з назвамі асоб мужчынскага полу: двое хлопцаў; з субстантываванымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, што называюць асоб: пяцёра невядомых; са словамі дзеці, людзі, асобы: двое дзяцей, сямёра людзей, трое асоб; з асабовымі займеннікамі мы, вы, яны: папрасілі нас дваіх, вас трое; з назвамі маладых істот: трое кацянят; з неадушаўлёнымі множналікавымі назоўнікамі, а таксама з назвамі парных прадметаў: пяцёра сутак, двое лыж = 'дзве пары лыж'. У такіх спалучэннях зборныя лічэбнікі ўжываюцца толькі ў назоўным і вінавальным склонах, а ва ўсіх астатніх ускосных склонах замяняюцца колькаснымі, пры гэтым да назваў парных прадметаў дадаецца слова пара: пяцёра сутак, але: пяццю суткамі; двое лыж, але: дзвюма парамі лыж. з неасабовымі назоўнікамі — назвамі жывых істот, калі гэтыя назоўнікі ў форме множнага ліку абазначаюць не раздзельную множнасць, а сукупнасць: трое коней, пяцёра гусей, чацвёра свіней.
Да зборных адносяцца і лічэбнікі абодва, абедзве, абое. Словы абодва, абедзве захоўваюць родавыя адрозненні ва ўсіх склонах. Слова абое ўжываецца тады, калі гаворка ідзе адначасова пра асоб мужчынскага і жаночага полу.
Няпэўнаколькасныя лічэбнікі Няпэўнаколькасныя лічэбнікі маюць недакладнае лікавае значэнне: многа, мала, нямала, нямнога, шмат, няшмат, некалькі і г.д. Яны спалучаюцца з назвамі прадметаў, што можна лічыць (шмат вучняў). За выключэннем слова некалькі, астатнія няпэўнаколькасныя словы могуць спалучацца з рэчыўнымі і абстрактнымі назоўнікамі (шмат нафты, столькі рэалізму, многа дабраты).
Парадкавыя лічэбнікі Парадкавыя лічэбнікі ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры лічэнні: трэці дом. З’яўляюцца вытворнымі ад уласнаколькасных: пяць — пяты, дваццаць — дваццаты. Лічэбнікі першы, другі маюць суплетыўныя асновы: адзін — першы, два — другі.
Парадкавым лічэбнікам уласцівы тыя ж марфалагічныя асаблівасці, што і прыметнікам, — змяняюцца па родах, склонах, дапасуюцца да назоўнікаў: пятнаццатая машына, пятнаццатай машыны.
Асаблівасці лічэбнікаў розных моў Еўропы У беларускай і рускай мовах лічэбнікі адзін і два маюць катэгорыю роду (напрыклад, адзін-адна-адно, два-дзве; один-одна-одно, два-две). Лічэбнік адзін можа таксама ставіцца ў множны лік. Лічэбнікі беларускай і рускай, як і іншых славянскіх моў, змяняюцца па склонах. Катэгорыю роду маюць таксама лічэбнікі нямецкай і французскай моў, але гэтага няма ў англійскай мове. Лічэбнікі англійскай мовы, якія перадаюць лічбы парадкаў 100, 1000, 1 000 000 і г.д. могуць ставіцца ў множны лік толькі пры перадачы няпэўнай колькасці чагосьціKrylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, с.388: thousands of cars — тысячы аўтамабіляў, але five thousand cars — пяць тысяч аўтамабіляў.
Па-рознаму ў розных мовах Еўропы выражаюцца адны і тыя ж лікі. У англійскай мове лікі, якія ідуць паміж 1000 і 10 000 могуць разглядацца як сотні: 1500 можа разглядацца і як тысяча пяцьсот (one thousand five hundred), і як пятнаццаць соцень (fifteen hundred). Нешта падобнае існуе, але практычна не выкарыстоўваецца ў сучаснай французскай мове. Інтэрпрэтацыя 2000 як «дваццаці соцень» у сучаснай англійскай мове можа быць наступнай: двухтысячны год, восем гадзін вечара (дваццаць гадзін роўна), дзве тысячы (долараў, рублёў і г.д.)
У сучасных беларускай, рускай і французскай мовах складаныя нумары — тэлефонаў, банкаўскіх рахункаў і нават кабінетаў — чытаюцца парнымі лічбамі: 5678 — «пяцьдзясят шэсць-семдзесят восем». У англійскай мове такія лічбы чытаюцца паасобку: 5678 — «пяць-шэсць-сем-восем».
У сучаснай французскай мове не выкарыстоўваюцца спецыяльныя словы для абазначэння лікаў ад 70 да 90. Так, лічба 70 перадаецца лічэбнікам soixante-dix альбо «шэсцьдзясят дзесяць» (існуюць таксама і рэдкія варыянты septantaine і septante Словарь Мультитран (русско-французский раздел)), 71 — soixante-onze альбо «шэсцьдзясят адзінаццаць», 80 — quatre-vingt ці, літаральна, «чатыры на дваццаць» (існуюць, але практычна не ўжываюцца дыялектызмы octante і huitanteтамсама). Лік 90 перадаецца як quatre-vingt-dix ці «чатыры на дваццаць дзесяць» (у Бельгіі і Швейцарыі таксама існуе варыянт nonanteтамсама), а 95 па-французску будзе quatre-vingt-quinze («чатыры на дваццаць пятнаццаць»).
У многіх мовах Еўропы, у тым ліку беларускай, рускай, французскай і нямецкай лік 1 000 000 000 перадаецца словам «мільярд». Аднак у англійскай мове гэта лічба перадаецца словам billion.
Катэгорыя:Лічэбнікі Катэгорыя:Часціны мовы Катэгорыя:Граматыка