Ру́дзенск. Сустракаецца таксама варыянт Рудзе́нск (, ) — гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Месціцца за 22 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 41 км ад Мінска, чыгуначная станцыя Рудзенск на лініі Мінск — Гомель. Праходзіць аўтамабільная дарога Р69 Смалявічы — Шацк.
Назва На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім звязаны з беларускім словам руда С. 327.
Гісторыя
Ранняя гісторыя У канцы XVIII стагоддзя былі двор Рудзенск і аднайменная вёска (цяпер вёска Рудзенск 2) у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Двор, альбо фальварак Рудзенск месціўся ў паўднёва-заходняй частцы цяперашняга Рудзенска, цяпер тэрыторыю займае школа-інтэрнат. Двор належаў да маёнтка Варонічы С. 302., уласнасць Янішэўскіх.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі фальварак належаў Шышкам, у каталіцкай парафіі Блонь. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. У 1876 годзе ўласнасць двараніна рыма-каталіцкага веравызнання Мечыслава Станіславава Шышкі, было 848 дзесяцін зямлі, права валодання паводле купчай крэпасці, гаспадаркай займаўся арандатар.
Каля 1877 года фальварак быў куплены ўраднікам Губіным. Сустракаецца назва фальварка Рудзенец (ці Рудзянец, ). У 1889 годзе тытулярны саветнік Іван Фёдаравіч Губін, праваслаўны, валодаў фальваркам і меў 544 дзесяціны землі. Як згадваў краязнавец Аляксандр Ельскі, Губін аднавіў занядбаную невялікую сядзібу, а таксама заклаў фруктовы сад, паспрыяў адкрыццю паштовага аддзялення пры чыгуначнай станцыі. Фальварак меў добры даход за кошт арэнды і права прапінацыі (вырабу і продажу алкаголю).
У 1873 годзе была адкрыта чыгуначная станцыя на Лібава-Роменскай чыгунцы, вакол якой у далейшым вырастае пасёлак. Паводле перапісу 1897 года на чыгуначнай станцыі быў буфет, таксама было аднайменнае ўрочышча каля станцыі, дзе былі лаўка і піцейны дом. У пачатку XX стагоддзя з чыгуначнай станцыі штогод адпраўлялася каля 1 млн пудоў грузаў, пераважна дровы, піламатэрыялы, будаўнічы лес.
У Першую сусветную вайну прыфрантавая тэрыторыя, адбылося хваляванне салдат Заходняга фронту, у першай палове жніўня 1915 года адбыўся яўрэйскі пагром, учыненымі навабранцамі расійскага войска, да якіх далучыліся чыгуначныя служачыя. У лістападзе 1917 года тэрыторыя была пад кантролем бальшавікоў.
Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 1918 года працавала школа, якая за савецкім часам мела статус школы 1-й ступені, у 1922 годзе займалася каля 30 вучняў. 12 лютага 1935 годзе быў утвораны Рудзенскі раён з цэнтрам у Рудзенску. 6 ліпеня 1935 года раён перайменаваны ў Смілавіцкі, 11 лютага 1938 года атрымаў ранейшую назву.
У пачатку 1930-х гадоў былі паравы і вадзяны млын, кузня. 27 верасня 1938 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Рудзенску прысвоены статус гарадскога пасёлка.
У Другую сусветную вайну з 30 чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У канцы жніўня нямецкай адміністрацыяй арганізавана яўрэйскае гета, месцілася на Дукорскай вуліцы. У лістападзе 1941 года было забіта каля 300 (370Вершицкая Т. Г., Еленская И. Э., Розенблат Е. С. Барановичи // Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — С. 876. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.) яўрэяў з гета, яны былі расстраляныя на захад ад чыгункі. У Рудзенскім раёне дзейнічала савецкае падполле і партызанская брыгада «Беларусь».
20 студзеня 1960 года Рудзенскі раён быў скасаваны, Рудзенск увайшоў у склад Пухавіцкага раёна.
29 чэрвеня 2010 года Савет Міністраў прыняў пастанову № 976 «Аб дзяржаўнай праграме будаўніцтва буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і вынасу (пераносу) са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі некаторых вытворчых аб’ектаў», паводле якой гарадскі пасёлак прэтэндэнт на статус горада-спадарожніка горада МінскаПостановление Совета Министров Республики Беларусь от 29.06.2010 N 976 «О Государственной программе строительства крупных жилых районов для жителей г. Минска в городах-спутниках и выноса (переноса) из столицы в населенные пункты республики некоторых производственных объектов».
Насельніцтва 1908 год: маёнтак — 1 двор, 3 жыхары чыгуначная станцыя — 32 двары, 174 жыхары 1917 год: маёнтак — 52 жыхары (30 беларусаў, 22 палякі) чыгуначная станцыя — 59 жыхароў (44 беларусы, 15 яўрэяў) пасёлак — 398 жыхароў (178 беларусаў, 19 палякаў, 201 яўрэй) 1959 год — 5761 жыхар 1995 год — 3,7 тыс. чал. 2000 год — 2,8 тыс. чал. 2002 год — 3,0 тыс. чал. 2006 год — 2,9 тыс. чал. 2009 год — 2806 жыхароў 2011 год — 2 748 чал. 2016 год — 2 725 чал. 2017 год — 2 714 чал. 2019 год — 2723 жыхары
Інфраструктура
У гарадскім пасёлку дзейнічае Рудзенская сярэдняя школа і дзіцячы сад, бібліятэка імя Міхася Чарота. Ёсць бальніца, аптэка.
Рэлігія
Дзейнічае касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўная царква прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Царква Благадаць хрысціян веры евангельскай, царква евангельскіх хрысціян баптыстаў. Да 1920-х гадоў дзейнічала сінагога.
Эканоміка Ёсць прадпрыемствы харчовай прамысловасці, дзейнічае ААТ «Рудзенск». Праз тэрыторыю гарадскога пасёлка праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель, месціцца станцыя Рудзенск.
Спорт У Рудзенску быў зарэгістраваны беларускі футбольны клуб «Рудзенск». У сезоне 2012 клуб меў істотныя фінансавыя праблемы, у выніку чаго вылецеў з Першай лігі і спыніў існаванне.
Славутасці
Чыгуначная станцыя і службовыя пабудовы (кан. XIX — пач. XX стст.) Мемарыялы: Брацкая магіла (1941—1944 гады) Помнік расстраляным савецкім грамадзянам падчас Другой сусветнай вайны Мемарыял на месцы расстрэлу яўрэяў у 1941 годзе Памятныя дошкі: На доме культуры ў гонар беларускага паэта Міхася Чарота Валун у гонар заснавання горада У гонар савецкіх партызан Рудзенскага раёна на чыгуначным вакзале У гонар воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Ісакавіча Бярковіча У гонар Героя Савецкага Саюза Міхаіла Зялёнкіна на вуліцы Чкалава На Рудзенскай школе ў гонар Міхаіла Зялёнкіна На Рудзенскай школе ў гонар беларускага паэта Генадзь Кляўко Валун у гонар 110-годдзя з дня народзінаў навукоўца-лесавода Івана Юркевіча
Страчаная спадчына Сядзіба (XIX ст.?). Цяпер тэрыторыю займае Рудзенская спецыяльная школа-інтэрнат Сінагога. Месцілася на сучаснай вуліцы Розы Люксембург. З 1935 года ў будынку быў дом культуры Капліца на могілках (разбурана ў савецкі час) Помнік Леніну (1947). Дэмантаваны. Скульптура захоўваецца на тэрыторыі гаспадарчага двара былога саўгаса «Рудзенскі» (цяпер — гаспадарка належыць «Мінскметрабуд»Дым, М., Зеневіч, М. Рудзенск у мроях: Штрых-партрэт аднаго з гарадоў-спадарожнікаў Мінска / Мікалай Дым, Мікалай Зеневіч // Народная воля. — 2017. — № 17 (4166). — 28 лютага. — С. 3.
Вядомыя асобы Міхась Чарот (1896—1937) — беларускі пісьменнік. Таіса Бондар (1945—2005)— беларуская пісьменніца, перакладчыца. Валерый Дайнэка (нар. 1951) — вакаліст і аранжыроўшчык, удзельнік ансамбля «Песняры». Міхаіл Зялёнкін (1920—1991)— беларускі мастак, удзельнік Другой сусветнай вайны. Іван Кудзелька (1891—1938) — дзеяч камуністычнай партыі. Яўген Паўловіч (нар. 1940) — беларускі артыст балета, педагог. Андрэй Праневіч (нар. 1983) — беларускі фехтавальшчык, паралімпійскі чэмпіён (2016). Авель Фрыд (1893—1949)— савецкі вайсковец, ваенны лекар тэрапеўт, генерал-маёр. Галіна Юркова-Данелія (нар. 1944)— кінарэжысёрка, актрыса.
Крыніцы
Літаратура
Алесь Карлюкевіч. Рудзенск літаратурны // Роднае слова, № 10, 2021
Спасылкі
Катэгорыя:Гарады-спадарожнікі Мінска