До́ўгае во́зера — возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Зехі, за 13 км у напрамку на паўночны захад ад горада Лепель.

Плошча паверхні возера 0,65 км². Даўжыня 2,56 км, найбольшая шырыня 0,36 км. Найбольшая глыбіня 28,4 м, сярэдняя 8 м. Даўжыня берагавой лініі 5,6 км. Аб’ём вады 5,22 млн м³. Плошча вадазбору 9,2 км². Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 10—12 м, параслі лесам, на поўначы і паўночным захадзе часткова разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі катлавіны, на поўдні і паўднёвым усходзе нізкія. Вакол возера пойма шырынёй да 40 метраў. Падводная частка катлавіны стромка-ўвагнутай формы з рэзкім павелічэннем глыбінь у цэнтры. Паўночна-заходняя частка возера мелкаводная. Дно да глыбіні 5—8 м выслана апясчаненымі адкладамі, глыбей — крэменязёмістымі сапрапелямі. Возера Доўгае мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі і слабапраточнае. Упадаюць ручаі і на поўначы выцякае ручай у возера Пышна. Шырыня паласы надводнай расліннасці ўздоўж берагоў да 50 м, падводная расліннасць пашырана да глыбіні 3,5—4 м.

У Доўгім возеры водзяцца шчупак, лешч, судак, акунь, плотка, лінь, гусцяра і іншыя віды рыб.

Каля возера вёскі Крыўцы и Пышна і Дом паляўнічага Лепельскай лесапаляўнічай гаспадаркі.

Літаратура Мельнікаў А. К. Доўгае возера // До́ўгае во́зера // Блакітная кніга Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мінск: БелЭн, 1994. — С. 150. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.

Спасылкі Возера Доўгае ЛОХ ГЛХУ Лепельский лесхоз

Катэгорыя:Азёры Лепельскага раёна Катэгорыя:Басейн Улы