Ні́жнія Жары́. Сустракаецца таксама варыянт Ні́жнія Жа́ры (, ) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Камарынскага сельсавета.

Да 26 верасня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Верхняжарскага сельсавета«Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 .

Геаграфія Вёска размяшчаецца за 69 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 25 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 176 км ад Гомеля, 500 м ад дзяржаўнай мяжы з Украінай. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.

На паўднёвым захадзе знаходзіцца крайні паўднёвы пункт дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (51°16' паўночнай шыраты і 30°35' усходняй даўгаты).

Побач працякае рака Дняпро. У пачатку XXI стагоддзя ў Дняпры паблізу Ніжніх Жараў былі ўпершыню выяўлены некалькі новых для іхтыяфаўны Беларусі відаў рыб: Clupeonella cultriventris, Syngnathus abaster, Benthophilus stellatus.

Драўляная забудова бессістэмная, уздоўж ракі.

Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як вёска Жары Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У 1744 годзе пабудавана драўляная Успенская царква, якая на сродкі вернікаў перабудоўвалася ў 1821, 1845 і 1885 гадах. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі, у Ёлчанскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1834 годзе вёска была куплена Аляксандрам Ігнатавічам Горватам (каля 1796 — 1888). У 1850 годзе дзейнічала прыстань па адгрузцы лесу. У 1897 годзе працавалі хлебазапасны магазін, царкоўна-прыхадская школа, карчма.

З 8 снежня 1926 года па 16 ліпеня 1954 года цэнтр Ніжняжарскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Новы Дняпровец», працавалі гамарня, 2 ветракі, 2 вадзяныя млыны. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у баях за вызваленне вёскі 22 верасня 1943 года вызначыўся намеснік камандзіра батальёна, старшы лейтэнант М. А. Куратнікаў, якому прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1959 годзе размяшчалася дапаможная гаспадарка раённага ВА «Сельгасхімія» (цэнтр — вёска Верхнія Жары). Ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, аддзяленне сувязі, крама, бібліятэка.

Насельніцтва 1834 год — 60 двароў. 1850 год — 68 двароў. 1897 год — 107 двароў, 660 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — 110 двароў, 677 жыхароў. 1959 год — 631 жыхар (паводле перапісу). 2004 год — 54 гаспадаркі, 97 жыхароў. 2006 год — 53 гаспадаркі, 98 чалавек, з якіх 6 ва ўзросце да 16 гадоў, 37 — у працаздольным і 55 — старэйшым за працаздольны.

Вядомыя выхадцы Максім Аляксандравіч Клімянок — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Вілейскай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны, камісар партызанскай брыгады імя М. І. Калініна.

Літаратура

Катэгорыя:Камарынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя:Арловы Катэгорыя:Горваты