Мангарэва () — найбуйнейшы і адзіны населены востраў у групе астравоў Гамб'е ў Французскай Палінезіі. Плошча — 18 км². Насельніцтва — 1337 чал. (2007 г.).

Прырода Мангарэва мае вулканічнае паходжанне. Найвышэйшая гара Даф дасягае 441 м над узроўнем мора. Дзякуючы незвычайна прыгожым пейзажам востраў часта называюць гарой, якая плыве, што часткова мае рацыю, паколькі Мангарэва ўяўляе сабою конус старажытнай гары, якая ў выніку складаных геалагічных працэсаў апусцілася ў акіян.

Клімат трапічны пасатны, але не спякотны. Сярэдняя тэмпература паветра 27° C. 3000 гадзін у год ззяе сонца.

Флора і фаўна вострава значна зменены чалавекам, аднак Мангарэва вядомы сваёй багатай зелянінай і кветкамі. Водныя прасторы вакол вострава славяцца біялагічнай разнастайнасцю.

Гісторыя Востраў Мангарэва быў населены ў X — XIII стст. выхадцамі з Маркізскіх астравоў, якія склалі этнічную супольнасць мангарэва. Мясцовыя жыхары славіліся апрацоўкай каменю, каралаў, ракавін і дрэва.

Англічане адкрылі востраў у XVII ст., але першыя кантакты паміж імі і мангарэва былі ўсталяваны толькі ў 1826 г. У 1834 г. тут высадзіліся французскія місіянеры, якія распаўсюдзілі сярод астравіцян каталіцызм і фактычна стварылі тэакратычную дзяржаву, на чале якой стаяў мясцовы правадыр. У 1881 г. Францыя афіцыйна анексавала востраў.

Інфраструктура Большая частка сучаснага насельніцтва вострава Мангарэва жыве ў вёсцы Рыкітэа, займаецца вырошчваннем чорнага жэмчугу і абслугоўваннем турыстаў. Толькі 2 сям'і маюць плантацыі садавіны, што ідзе на продаж, у тым ліку ў іншыя месцы Французскай Палінезіі. Дзейнічае аэрапорт.

Працуюць 2 школы, якія разам даюць 8-гадовую адукацыю.

Галоўнай гістарычнай славутасцю з'яўляецца кафедральны сабор Святога Міхаіла. У 1999 г. упершыню яго плябанам стаў карэнны мангарэва.

Спасылкі MANGAREVA: HISTORY OF AN ISLAND… ATHOLL ANDERSON, PATRICK V. KIRCH, MARSHALL WEISLER, CULTURAL CHRONOLOGY IN MANGAREVA Dany T. Carlson, Mangareva Today (1999)

Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Французскай Палінезіі